Рэжым хоча, як і за савецкім часам, узяць краіну пад моцны ідэалагічны кантроль — Баркоўскі

«Мы павінны паказаць усім, што ў нас ёсць краіна, і мы гэтай краінай будзем кіраваць». Абсалютна чаканая выснова Лукашэнкі, праўда, зробленая па выніках семінара-нарады па развіцці жывёлагадоўлі, качуе з выступлення ў выступленне. Пасля 2020 года ніхто не сумняваўся, што ён не аддасць уладу ніколі. Але што і каму ён збіраецца паказваць і даказваць? І каго меў на ўвазе Лукашэнка, кажучы, што «мы гэтай краінай будзем кіраваць»? 

_belarus_naviny_zyccjo_ekanomika_palityka_fota_novy_czas_logo.jpg

«Новы Час» пагутарыў з філосафам Паўлам Баркоўскім.

— Гэтыя словы адрасаваны як унутранай, так і знешняй аўдыторыі.

Лукашэнка дасылае сігнал сваім прыхільнікам з ліку чынавенства і сілавікоў, што ён не збіраецца памяншаць памер сваёй улады, што ён захоўвае статус-кво і такім чынам спрабуе падвысіць іх лаяльнасць. Тым больш, як адзначаюць многія даследчыкі, краіна ўжо ўзяла трывалы курс на таталітарызм. А гэта татальная рэгламентацыя ўсіх сфер жыцця, татальны кантроль, ідэалагічныя рэпрэсіі. Прасцей кажучы, Лукашэнка падае сігнал усім, што тая дзяржава, якую ён рэпрэзентуе, будзе менавіта такой і змяняцца не збіраецца.

А на знешнюю аўдыторыю пайшоў сігнал, што Лукашэнка трымае ўладу, з’яўляецца фактычным, хаця і міжнародна непрызнаным, кіраўніком краіны. Сігнал чытаецца так: выходзьце са мной на сувязь і размаўляйце як з фактычным уладальнікам тэрыторыі. 

— Рэжым апошнім часам зрабіў шэраг крокаў на закручванне гаек. Забарона выдаваць (мяняць) пашпарты беларусам замежжа, фактычнае ўвядзенне прыгоннага права ў адукацыі, новы парадак фінансавання тэатраў з 1 студзеня 2024 года. Каму і што рэжым спрабуе даказаць?

— Дзяржава тым самым паказвае, што становіцца на таталітарныя рэйкі: яна кантралюе ўсе сферы жыцця, яна не хоча дазволіць сваім грамадзянам, якія нават выйшлі з-пад яе прамога кантролю, ніякай свабоды і актыўнасці.

Пазбаўляючы беларусаў магчымасці атрымліваць новыя пашпарты за межамі краіны, сістэма спрабуе іх вярнуць і такім чынам аднавіць над імі кантроль. Але зусім відавочна, што міжнародная падтрымка беларусаў за мяжой дае магчымасць беларусам легалізавацца на тэрыторыі іншых краін і атрымліваць падарожныя праязныя дакументы, дазваляе не паддавацца на шантаж улад. А па-другое, праект пашпарта новай Беларусі, які можа стаць альтэрнатывай афіцыйнаму дакументу, таксама пакідае магчымасць не паддавацца на прамы шантаж улад.

Канешне, беларусам, якія застаюцца ўнутры краіны, цяжэй супраціўляцца гэтаму ўздзеянню. Натуральна, людзі, якія атрымліваюць адукацыю ўнутры Беларусі, вымушаны пагаджацца на кабальныя ўмовы размеркавання, адпрацовак, з таемным спадзяваннем, што да заканчэння вучобы гэтая сістэма не пратрымаецца.

Культурніцкае жыццё сёння таксама вельмі зарэгламентавана: немагчыма арганізаваць ні публічныя івенты, ні правесці канцэрт, вельмі кароткі спіс арганізацый, якім гэта дазволена. Тэатральныя пастаноўкі таксама ўзяты пад татальны ідэалагічны кантроль.

Відавочна, што рэжым хоча, як і за савецкім часам, узяць краіну пад моцны ідэалагічны кантроль, каб забяспечыць такім чынам сабе лаяльнасць. Вось толькі не дапамагло гэта Савецкаму Саюзу, наўрад ці дапаможа і цяперашняму рэжыму.

— Але пакуль межы адкрытыя — пара будзе выходзіць. Хваля эміграцыі працягнецца?

— Натуральна, рэжым пакуль пакідае магчымасць для беларусаў выязджаць за мяжу менавіта для таго, каб трохі спускаць пару: не згодныя з сістэмай могуць з’ехаць і не ствараць дадатковае напружанне ўнутры краіны. Бо, у адрозненне ад сталінскіх часоў, рэжым пакуль не можа дазволіць сабе расстрэлаў ці масавых высыланняў у Сібір. 

Але гэта мера часовая, бо рэжым сам бачыць адваротны бок медаля: істотна скарачаецца колькасць спецыялістаў у розных сферах, усё цяжэй на ключавыя пасады ў арганізацыях, установах знаходзіць спецыялістаў. Гэта моцна ўжо адчуваецца і ў адукацыі, і ў медыцыне, і ў прамысловасці. Спускаючы пару, рэжым уласнаручна рыхтуе сабе іншую напасць — катастрафічны недахоп спецыялістаў для выканання паўсядзённых задач. Таму, хутчэй за ўсё, рэжыму Лукашэнкі найбліжэйшым часам давядзецца вырашаць: ці працягваць выціскаць незадаволеных з краіны і сутыкнуцца з поўным калапсам працоўнага рынку?

— То-бок Лукашэнка адчувае сябе поўным пераможцам. І на правах пераможцы перарабляе краіну пад свае патрэбы?

— Я б не сказаў, што ў яго ёсць адчуванне поўнага пераможцы. Нават у 2006 годзе, і ў 2010 годзе, і ў 2015 годзе, калі Лукашэнка адчуваў сябе пераможцам, палітыка рэжыму мянялася: ад першапачатковых ціску і рэпрэсій ён хутка пераходзіў да ўзброенага нейтралітэту з беларускім грамадствам, калі дазваляліся пэўныя свабоды, а заціскалася пераважна палітычнае жыццё. Сёння ж сітуацыя іншая: рэжым разумее сваю няўстойлівасць, разумее, што нават нязначнае паслабленне рэпрэсій можа прывесці да новага выбуху грамадства (пра гэта прама кажуць прадстаўнікі сілавых ведамстваў); палітычныя чысткі і ідэалагічная апрацоўка сведчаць пра няўпэўненасць рэжыму ў тым, што ён кантралюе розумы людзей. Мы, хутчэй, назіраем спробу кантролю мясцовасці, якую можа ажыццяўляць любая ўзброеная групоўка: тэрарысты, якія захапілі пэўную тэрыторыю, вымушаны ставіць блок-пасты. Гэта не значыць, што яны не ўпэўнены ў здольнасці кантраляваць захопленую тэрыторыю, проста без такіх захадаў устанавіць кантроль дакладна немагчыма. Таму я б ахарактарызаваў сітуацыю так: рэжым разумее падвешанасць свайго стану, сваю залежнасць ад шматлікіх знешніх фактараў, перадусім ад вайны ва Украіне і яе паспяховасці ці непаспяховасці для галоўнага саюзніка Лукашэнкі. І разуменне таго, што грамадства цалкам не на баку рэжыму, і толькі рэпрэсіямі і татальным ідэалагічным кантролем імкнецца трохі стрымліваць сітуацыю.