Латушка пра ўвоз люксавых аўто: «Адказнасць для парушальнікаў санкцыйных мер аж да крымінальнай»
Пачынаючы з 23 сакавіка Польшча перастала прапускаць у Беларусь аўтамабілі пэўных катэгорый і іншыя падсанкцыйныя тавары. Пагаворвалі, што гэтае пытанне лабіяваў Павел Латушка. «Наша Ніва» спытала ў палітыка, які яго ўнёсак у гэтую справу.
Павел Латушка кажа, што ён неаднаразова агучваў свае прапановы па кантролі за выкананнем санкцый і іх узмацненні пад час розных сустрэч з прадстаўнікамі ўрада Польшчы, Літвы і Латвіі, а таксама з Упаўнаважаным ЕС па пытаннях санкцый Дэвідам О’Саліванам.
Пасля таго, як летам 2023 года краіны Балтыі пастрожылі кантроль за выкананнем санкцый, НАУ накіравала прапанову Польшчы прыняць аналагічныя меры.
«Яшчэ 4 ліпеня 2023 года мы накіравалі асобныя лісты ў МЗС і МУС Польшчы. Гэтыя прапановы ў далейшым былі перанакіраваныя ў Міністэрства фінансаў Польшчы для наступнага вывучэння, пра што мы былі праінфармаваныя», — кажа Латушка.
26 студзеня 2024 года кіраўнікі мытняў Літвы, Латвіі і Эстоніі зацвердзілі пагадненне Балтыйскага рэгіёна аб прымяненні адзіных мер кантролю, звязаных з выкананнем санкцый, якія прадугледжвалі патрабаванне да перавозчыкаў паказваць дэкларацыю вытворцы.
«На сустрэчы 15 лютага 2024 года мы абмяркоўвалі гэтую тэму з намесніцай міністра замежных спраў Польшчы Хенрыкай Масціцкай-Дэндзіс», — адзначыў Латушка.
Папярэднюю інфармацыю аб прыняцці пастановы, на якую спасылаюцца польскія мытнікі, калі адмаўляюць пераганяць аўто праз мяжу, НАУ атрымала 22 сакавіка 2024 года падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы. То-бок за дзень да таго, як пачала з’яўляцца інфармацыя пра новыя патрабаванні з боку польскай мытні.
«Такім чынам, мы бачым, што цяпер кантроль узмацняецца, а таксама будзе прымяняцца адказнасць да парушальнікаў санкцыйных мер аж да крымінальнай», — кажа Латушка.