Купіў не купіў, а патаргавацца можна

Яшчэ нядаўна прадстаўнікі апазіцыйнага боку чулі ад кіраўніка дзяржавы на свой адрас «адмарозкі» і «шалудзівыя людзі». Сёння ім прапануюць сесці за стол перамоў з уладамі ды распачаць супольную працу па вызначаных кіраўніцтвам краіны накірунках. З пытаннем пра тое, як можна ацаніць такія захады ўладаў, мы звярнуліся да тых, каго запрасілі да ўдзелу ў новастворанай Грамадска-кансультатыўнай радзе пры Адміністрацыі прэзідэнта.  

Яшчэ нядаўна прадстаўнікі апазіцыйнага боку чулі ад кіраўніка дзяржавы на свой адрас «адмарозкі» і «шалудзівыя людзі». Сёння ім прапануюць сесці за стол перамоў з уладамі ды распачаць супольную працу па вызначаных кіраўніцтвам краіны накірунках. З пытаннем пра тое, як можна ацаніць такія захады ўладаў, мы звярнуліся да тых, каго запрасілі да ўдзелу ў новастворанай Грамадска-кансультатыўнай радзе пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Алег Трусаў, старшыня

ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны»:

— Запрашэнне да працы я атрымаў прыкладна тыдні два таму. Але маўчаў, бо нічога пэўнага не было вядома. Мяне запрасілі ў раду, патлумачыўшы, што яна будзе збірацца раз на два месяцы, каб абмяркоўваць актуальныя пытанні. Наколькі тое будзе плённа, у многім залежыць ад людзей: ці знойдуць яны агульную мову паміж сабой, ці будуць прытрымлівацца агульнай пазіцыі. Бо можа атрымацца як у нашай апазіцыі: Мілінкевіч — у свой бок, Лябедзька — у свой, Баршчэўскі таксама сам па сабе. Увогуле, для мяне праца ў гэтай радзе не настолькі важная. Я і так цесна працую з чыноўнікамі, і яны ведаюць мае прапановы, маю пазіцыю. Сёння даслаў апошні ліст міністру інфармацыі Русакевічу, нядаўна сустракаўся з Зімоўскім — гаварылі пра беларусізацыю тэлебачання. Сам па сабе працэс стварэння рады станоўчы, гэта не прынясе шкоды ні правым, ні левым. А вось эфектыўнасць яе працы пакажа час.

Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня Нацыянальнага банка Беларусі:

— Я станоўча ацэньваю гэта. Калі мы 15 год не размаўлялі адзін з адным па віне ўладаў, то цяпер, маючы такую магчымасць, трэба яе выкарыстаць. Жыццё пакажа, ці будзе гэта плюс. Тыя, хто лічыць, што гэта няправільна, могуць яшчэ 15 год чакаць. Я асэнсавана даў сваю згоду на ўдзел у радзе. Мне сказалі па тэлефоне, што будзе прадстаўлена не менш паловы апазіцыйных структур. Між іншым, я ў Грамадска-кансультацыйнай радзе прадстаўляю Аб’яднаную грамадзянскую партыю. То бок пакуль гаворка ішла пра развіццё грамадзянскай супольнасці, а не вырашэнне эканамічных праблем.

Уладзімір Нісцюк, палітык:

— Як нармальнаму чалавеку, мне зразумела, што сітуацыя, якая сёння склалася ў самой Беларусі і вакол яе, патрабуе ад улады новых крокаў. Разумее гэта і кіраўніцтва краіны. Стварэнне шэрагу дарадчых органаў з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі можа наблізіць светлы час перабудовы палітычнай сістэмы дзяржавы. Пачатак заўсёды адбываецца па форме, маленькімі крокамі. Відавочна, што новая каманда прэзідэнта па-іншаму глядзіць на многія рэчы. І гэта пазітыўна, гэта спроба паставіць хоць нейкі буфер паміж супрацьстаяннем бакоў. Нават калі сябры рады не будуць мець вялікіх магчымасцяў для ўплыву на дзяржаўныя рашэнні, яны атрымаюць магчымасць давесці свой пункт гледжання да кіраўніцтва краіны. Істэрыка вакол сітуацыі неабгрунтаваная, бо гэта карысна дзяржаве, у якой мы жывём. Нядрэнна было б, калі б падобная арганізацыя супрацоўніцтва адбывалася па іншых накірунках. У Грамадска-кансультатыўнай радзе пры Адміністрацыі сабраліся прыстойныя людзі, і мне прыемна працаваць у такой кампаніі. Прыемна, што цяпер з’явілася якая-ніякая магчымасць сістэмна ўплываць на сітуацыю, апазіцыя марыла пра гэта многа гадоў. За маё лаяльнае стаўленне да ўладаў калегі па апазіцыі ставіліся да мяне не вельмі добра, называючы агентам розных спецслужбаў. Але я заўсёды выступаў за тое, што наша краіна не перажыве рэвалюцыю. Таму трэба шукаць кампрамісы, эвалюцыйны шлях.

Алег Гулак, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта:

— Пакуль мы не атрымалі палажэнне, таму складана казаць пра тое, што з сябе будзе ўяўляць Грамадска-кансультатыўная рада. Але зразумела, што гэта кансультатыўны орган, таму абавязковых для выканання рашэнняў ён не можа прымаць. Я са свайго боку пастараюся, каб праца гэтай рады была не проста шырмаю. З боку праваабаронцаў ёсць агульнае меркаванне, што трэба выносіць да абмеркавання праблемы з правамі чалавека ў Беларусі і прапаноўваць шляхі іх вырашэння.