Краўчук: Лукашэнка звярнуўся да Пуціна па ваенную дапамогу
Аляксандр Лукашэнка прасіў дапамогі ў Пуціна, каб спыніць пратэсты, якія ідуць у краіне. Пра гэта заявіў першы прэзідэнт Украіны і кіраўнік украінскай дэлегацыі ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе Леанід Краўчук у інтэрв'ю журналісту Дзмітрыю Гардону, паведамляе tut.by.
Калі гаворка зайшла пра тое, ці ўплывае цяперашняя сітуацыя ў Мінску на перамовы трохбаковай кантактнай групы і ці не варта ў сувязі з гэтым перанесці іх іншую краіну, Краўчук заявіў, што цяпер, калі перамовы ідуць па скайпе, месца асаблівай ролі не адыгрывае.
— Але я ведаю, што Лукашэнка звярнуўся да прэзідэнта Пуціна па дапамогу. Ну дапамога якая — вайсковая. Гэта значыць, спыніць тыя пратэсты, якія ідуць і, як ён кажа, выкліканыя ўмяшаннем замежнікаў. Гэта значыць, ён хоча сказаць, што там беларусы добрыя, а замежнікі іх підбурваюць (укр.: — падбухторваюць).
Як адзначыў Леанід Краўчук, калі гэтая дапамога будзе вайсковай і ўвядуць войскі, то Беларусь перастане быць самастойнай дзяржавай і ператворыцца ў акупаваную тэрыторыю.
— Тады там нам не будзе чаго рабіць, — заявіў украінскі палітык.
Першы прэзідэнт Украіны Леанід Краўчук з 30 ліпеня 2020 года ўзначальвае ўкраінскую дэлегацыю ў трохбаковай кантактнай групе. На гэтай пасадзе ён змяніў Леаніда Кучму. Леаніду Краўчуку 86 гадоў.
Паводле tut.by