Кандыдат у дэпутаты зараз больш дасведчаны

Чаму дасведчаныя ў мясцовым самакіраванні асобы ігнаруюць сёлетнія выбары і куды накіроўваюць свае веды ў час выбарчых кампаній? Пра гэта Вольга Хвоін гутарыць з былым дэпутатам Мінскага гарсавета (1990–1996), а таксама сябрам праўлення грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі Аляксандрам Жучковым.



7e3b7a5bafcb0fa8e8dfe3ea6aca9186.jpg

Чаму дасведчаныя ў мясцовым самакіраванні асобы ігнаруюць сёлетнія выбары і куды накіроўваюць свае веды ў час выбарчых кампаній? Пра гэта Вольга Хвоін гутарыць з былым дэпутатам Мінскага гарсавета (1990–1996), а таксама сябрам праўлення грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі Аляксандрам Жучковым.
— Я балатаваўся на мінулых выбарах. Разам са мной па акрузе ў выбарах удзельнічаў і сябра партыі БНФ Юрась Карэтнікаў — малады і актыўны чалавек. Які вынік галасавання ёсць насамрэч, цяжка сказаць, але яго тады паставілі на другое месца. Сёлета ён зноў балатуецца па ўчастку, дзе я жыву. І я вырашыў, што лепш правяду навучанне для маладых людзей, якія вылучаліся ў кандыдаты ў дэпутаты па ўсіх рэгіёнах Беларусі, падзялюся сваім досведам і ведамі. Агулам па краіне было прыкладна восем такіх сустрэч.
— І які ўзровень падрыхтаванасці цяперашніх кандыдатаў?
  — Розны. Канешне, ёсць тыя, хто мае нейкі досвед, а ёсць і з мінімальнымі ведамі. Узровень мінскіх кандыдатаў у дэпутаты мне спадабаўся — дасведчаныя людзі, ведаюць, чаго хочуць. У рэгіёнах больш разнамасная публіка. Але нельга патрабаваць высокага ўзроўню падрыхтоўкі кандыдатаў, калі агульная маса людзей мае невялікія паліталагічныя веды, адукацыю ў гэтай сферы. Хаця, калі параўноўваць наш узровень у 1990 годзе — тады мы насамрэч мала што ведалі — і цяперашніх кандыдатаў, то ў асноўнай масе яны вышэй за нас. Усё ж многія атрымалі адпаведную адукацыю, былі на стажыроўках за мяжою, ведаюць, што такое самакіраванне ўвогуле, якія яны маюць правы і магчымасці ў яго межах.
— Веды — адно, але магчымасці — зусім іншае. Ці мае абраны дэпутат дзейсныя інструменты, мажлівасці, каб рэалізаваць на практыцы тое, што абяцаў сваім выбарцам?
  — Любы дэпутат мае магчымасць выканаць тое, што абяцаў сваім выбарцам. Прынамсі ён мусіць да гэтага імкнуцца. Канешне, перадвыбарчая праграма можа быць крыху папулісцкая, разлічаная на кампанію, завабліванне галасоў. Але заўжды трэба сыходзіць з інтарэсаў выбарцаў сваёй акругі і суседніх. Нават той урэзаны закон аб мясцовым самакіраванні дазваляе актыўнаму дэпутату вырашаць многія праблемы. За сем гадоў маёй працы дэпутатам Мінскага гарадскога савета было прынятае рашэнне аб бясплатных сняданках у школах сталіцы. Таксама Мінгарсавет памяняў план развіцця горада не ў бок Шабаноў, а на Захад і Паўднёвы Захад, дзе менш выкідаў ад прамысловых прадпрыемстваў. Але ў той час выканкам быў у падпарадкаванні савета. Цяпер, каб мясцовае самакіраванне займела паўнавартасныя магчымасці, не хапае толькі палітычнай волі кіраўніцтва краіны. Нашы суседзі даўно перайшлі да агульнаеўрапейскай сістэмы кіравання, падпісалі Еўрапейскую хартыю мясцовага самакіравання. 
 — Але ж ёсць і інструменты, якія абсалютна не працуюць у мясцовым самакіраванні Беларусі... Напрыклад, правядзенне рэферэндуму.
— У Маларыцкім раёне быў прэцэдэнт, калі паспрабавалі правесці мясцовы рэферэндум супраць будаўніцтва магільніка з ядзернымі адыходамі. Але поспеху тая ініцыятыва не мела. Увогуле, працэдура арганізацыі рэферэндуму вельмі складана абстаўленая. Цяпер партыя БНФ хоча дамагчыся правядзення рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні захавання памеру мытных пошлін на ўвоз у Рэспубліку Беларусь легкавых аўтамабіляў замежнай вытворчасці на ўзроўні 26 лістапада 2009 года. У Цэнтральную выбарчую камісію быў пададзены поўны пакет дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму. Рашэнне ЦВК мусіць прыняць цягам месяца. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца, але я ведаю шмат юрыдычных момантаў, якія цяжка прайсці пры правядзенні агульнарэспубліканскага рэферэндуму.
Вельмі складана правесці і сход грамадзян, трэба прасіць у выканкаме адпаведны дазвол. Напрыклад, здараецца нейкая экстранная сітуацыя, і трэба аператыўна прыняць рашэнне аб выдзяленні грошай на аднаўленне дарогі, моста і г. д. Дык вось я не ведаю практыкі, каб дэпутаты абмяркоўвалі ў такіх выпадках са сваімі выбарцамі магчымыя варыянты дзеянняў, перш чым яны будуць прынятыя саветам. Тое, што прымаюць саветы сёння, — гэта збольшага зацвярджэнне рашэнняў выканкама.