Ён разумеў разбуральны эфект беззаконня
Менавіта «справа зніклых», па словах Віталя Рымашэўскага, калісці «адкрыла дарогу палітычнаму бандытызму, які распаўсюдзіўся і пануе дагэтуль». Калі мы ў свой час «праглынулі» гэта, няма чаго здзіўляцца той хвалі беззаконня, што накрыла краіну ў XXI-ым стагоддзі.
Згодна з Крымінальным кодэксам, у 2014 годзе сканчаецца тэрмін даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці асобаў, якія ўдзельнічалі ў гвалтоўным выкраданні Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, у 2015 годзе — Дзмітрыя Завадскага. Для таго, каб спісанне ў архіў не стала апошнім шматкроп'ем у «справе зніклых» і не растварылася ў грамадскім бяспамяцтве, моладзевае крыло Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі распачала кампанію «Мы не забудзем!».
Мэта якой палягае ў тым, каб не даць уладам закрыць, а грамадству — забыць знакавую справу. Менавіта «справа зніклых», па словах Віталя Рымашэўскага, калісці «адкрыла дарогу палітычнаму бандытызму, які распаўсюдзіўся і пануе дагэтуль». Калі мы ў свой час «праглынулі» гэта, няма чаго здзіўляцца той хвалі беззаконня, што накрыла краіну ў XXI-ым стагоддзі, казаў у сваім выступленні на вечарыне памяці Віктара Ганчара сустаршыня БХД. Вечарына адбылася 18 чэрвеня ў мінскай сядзібе Партыі БНФ у рамках кампаніі «Мы не забудзем!»
Перад яе пачаткам, на ганку сядзібы, рэжысёр Юры Хашчавацкі, адказваючы на пытанне, ці працуе ён над чым-небудзь, наракаў — няма над чым, бо
нічога ж не адбываецца, ні зруху-ні духу, суцэльнае балота. Маўляў, адзінае, што нам засталося — такія «рытуальныя» падзеі. Ён жа, ужо пасля заканчэння вечарыны, на тое
самае пытанне ад іншага чалавека бадзёра адказаў: вядома, працую!
Не толькі ў Юрыя Хашчавацкага змяніўся настрой, бо вечарына аказалася далёка не «рытуальнай». Хаця людзей сабралася адносна няшмат, дзясяткі два, і, як
той казаў, «нішто не прадвесціла». Можна было чакаць, што ўсё абмяжуецца выключна светлымі ўспамінамі, скрушнымі тварамі, нясмелымі абвінавачаннямі і асцярожнымі надзеямі на
пакаранне вінаватых у будучым.
Аднак успаміны аказаліся разнастайнымі. Ніхто не маляваў з Віктара Ганчара абраз — ён паўстаў перад прысутнымі ва ўсёй сваёй супярэчлівасці.
Васіль Шлындзікаў, былы прэзідэнт канцэрна «Амкадор», дэпутат Вярхоўнага Савета XIII-га склікання згадаў, якім чынам ён адрэагаваў на прэзідэнцкія
амбіцыі Віктара Ганчара: «Крый божа! Ты ж усіх нас, хто табе дапамагаў, на наступны дзень адправіш цялят пасвіць. Нікому мала не пакажацца». Віктар тады павёў Васіля да
сваёй жонкі, Зінаіды, каб яна расказала яму, «што ён за чалавек». Не абмінулі пытання ўдзелу Віктара Ганчара ў прыходзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, якога Віктар збіраўся
«абмыць і пачысціць» пасля абрання. Казалі пра пэўную палітычную наіўнасць, недальнабачнасць і авантурнасць. Сябры БНФ абурана згадвалі, як ён «свядома
тапіў» іх партыю на паседжаннях у Вярхоўным Савеце.
Журналісты Уладзімер Глод і Алег Груздзіловіч, якія сустракаліся з Віктарам Ганчаром незадоўга да яго знікнення, распавялі пра яго «сібарыцтва». Сустрэчы ён прызначаў у дарагіх рэстаранах, піў гарэлку «Absolut». Уладзімер Глод, якому Віктар прапанаваў працу прэс-сакратара, згадаў, што калі яны ўжо выпілі адну і хацелі замовіць другую, у рэстаране другой бутэлькі не аказалася. Але Віктара вельмі добра ведалі і даражылі ім як кліентам, таму за 15 хвілін знайшлі яе недзе ў горадзе.
Дарэчы, упершыню Уладзімер Глод падзяліўся ўспамінам пра тое, што Ганчар запрасіў у тую самую лазню, каля якой ён потым і знік разам з Анатолем Красоўскім, яго і Валера
Шчукіна. Абодва яны не змаглі прыняць запрашэнне. І цяпер Уладзімер занепакоена думае: можа, калі б усё-ткі прыйшлі, дык не адбылося б трагедыі? З іншага боку, разважае ён, тады зніклых магло б быць
і болей.
Прыкладна за тыдзень да знікнення, згадвае Алег Груздзіловіч, Віктар сабраў вялікую групу журналістаў у рэстаране «Патсдам» за шыкоўна накрытым сталом.
Для чаго — яны так і не зразумелі, размаўляў ён з імі на «побытавыя тэмы». На думку Алега, гэта быў іміджавы крок, значыць «нешта сур'ёзнае
рыхтавалася». Аб чым маглі не ведаць журналісты, але ведаць іншыя...
Зрэшты, Віктар Ганчар — не толькі ахвяра. У яго можна шмат чаму павучыцца, аб чым казалі ўсе, хто згадваў яго 18 чэрвеня. Віктара немагчыма было купіць. Ні
«хлебная» пасада, ад якіх ён лёгка адмаўляўся, ні прапанаваныя кейсы з грашыма не прымусілі яго здрадзіць самому сабе. Ён умеў трымаць уладу ў напружанні, не гуляў па яе сцэнары, а
ствараў свой, альтэрнатыўны. І ніколі, як сказаў Анатоль Лябедзька, не ішоў на «палітычнае плыткаводдзе», унікаў мышынай валтузні. Юры Хашчавацкі адзначыў такую яго рысу, як
нежаданне дараваць беззаконне ў адносінах да сябе, але не з матываў асабістай помсты, а з разумення разбуральнага эфекта, якое яно мае дзя дзяржавы ў цэлым.
У пэўны момант вечарына памяці ператварылася ў дыскусію аб тым, хто вінаваты ў сённяшнім стане нашай краіны. Улады? Апазіцыя? Інтэлігенцыя? Народ? Асабіста для мяне
галоўнай высновай гэтай дыскусіі стала тое, што не толькі ўлада хаваецца за «народ», дзейнічаючы ад імя гэтай абстракцыі, але і шмат хто з прадстаўнікоў настроенага на перамены
грамадства. Маўляў, толькі «народ» можа ўсё вырашыць, а ён яшчэ не саспеў, значыць будзем чакаць, пакуль саспее, тады ўсё неяк само сабой вырашыцца. І яшчэ — палітыкам
трэба быць бліжэй да «народа». Яго ж той Віктар Ганчар і астатнія зніклыя не вельмі цікавяць, ну дык, можа, не трэба гэтую тэму ўздымаць. Вельмі зручны фаталізм у першай частцы і
недапушчальнае зніжэнне планкі ў другой.
Анатоль Лябедзька расказаў, што ў яго часта пытаюцца: «Ну калі вы ўжо зробіце..?» Апошнім часам ён на гэта адказвае: «Ніколі! Бо гэта вы
павінны зрабіць. Усё залежыць ад вас, грамадзянаў». Паколькі народ складаецца з нас усіх, дзевяці з паловай мільёнаў самых розных грамадзянаў, у сябе і трэба пытацца, не хаваючыся ні за
«народ», ні за «апазіцыю»: ну калі мы ўжо..? Юры Хашчавацкі дадаў: «Якое грамадства, такая і апазіцыя. У першую чаргу ў нас слабае менавіта
грамадства».
Што тычыць нецікавасці пэўных тэмаў для народа, у Беларусі ўжо аднойчы прыйшоў да ўлады палітык, які адмовіўся ад розных «высокіх матэрыяў», зрабіўшы стаўку на тое, што «трэба ісці ад жыцця». Дык ці зменіцца беларускае грамадства, калі спрэс усе палітыкі будуць зыходзіць з таго, што яно не ў стане хвалявацца ні аб чым іншым, толькі пра «чарку і шкварку»? Мы ж чакаем, што зменяцца не твары ў тэлевізары, а менавіта грамадства...