Генеральная Асамблея ААН абмяркуе сітуацыю ў Крыме і Данбасе

Беларусь выступала супраць уключэння гэтага пытання ў парадак дня.

ea2fa22d_ad58_4ab2_873d_2c96b2ff2862_w1023_r1_s.jpg


Генеральная Асамблея ААН уключыла ў парадак дня пытанне аб "Сітуацыі на часова акупаваных тэрыторыях Украіны". Як паведамляе пастаяннае прадстаўніцтва Украіны пры ААН, разгляд пытання падтрымалі 68 дзяржаў, 13 выступілі супраць — гэта Расія, Беларусь, Арменія, Бурундзі, Іран, Сірыя, М'янма, Нікарагуа, Судан, Куба, Казахстан, Філіпіны і Венесуэла, піша svoboda.org.
Раней міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў, што Кіеў сумесна з краінамі Захаду падрыхтаваў рэзалюцыю Савета Бяспекі ААН па сітуацыі ў Данбасе. Па словах міністра, дакумент прадугледжвае ўвядзенне на падкантрольныя сепаратыстам тэрыторыі міратворчых і паліцэйскіх сіл, а таксама замену мясцовых самаабвешчаных уладаў міжнароднай адміністрацыяй.

Кіеў называе часова акупаванысм тэрыторыі Крыму і асобныя тэрыторыі ўсходу Украіны. Крым быў анэксаваны Расіяй вясной 2014 года. Тады ж пачалася вайна ў Данбасе. З тых часоў загінулі тысячы мірных жыхароў і ўкраінскіх вайскоўцаў. Кіеў абвінавачвае Маскву ў вядзенні неабвешчанай вайны. Крэмль адмаўляе ўдзел сваіх войскаў у канфлікце.
73-я сесія Генасамблеі ААН пачалася ў Нью-Ёрку 18 верасня.