Украіна выступае за перанос з Мінску перамоваў наконт Данбаса
Пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка лічыць, што перамовы па Данбасу неабходна пераносіць з Мінска ў іншую сталіцу з-за пастаяннай антыўкраінскай пазіцыі Беларусі ў ААН.
Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала "Прамы", піша tsn.ua.
«Я асабіста цалкам падтрымліваю, я не памятаю ўжо хто гэта прапаноўваў, некаторыя дэпутацкія групы ў нас у Вярхоўнай Радзе, што нам трэба проста пераносіць гэтую пляцоўку з Мінска ў нейкую іншую сталіцу. Пры ўсёй маёй павазе да беларускай дыпламатыі, але я не магу такую пазіцыю зразумець, пра якую нейтральнасць гаворка? І няхай яны на нас не крыўдзяцца, але факты на табло Генеральнай Асамблеі. Размовы размовамі, але тут ёсць вынік. Яны проста хранічна галасуюць супраць любых нашых ідэй, супраць любых нашых прапаноў, нават якія не датычацца конфліку з Расіяй», — заявіў Ельчанка.
Паводле яго слоў, пазіцыя Беларусі выглядае даволі дзіўна: наша краіна ўвесь час кажа аб сваім нейтралітэце, аднак галасуе ў ААН супраць украінскіх рэзалюцый.
«Гэта ўжо сведчыць аб пэўнай пазіцыі краіны, з якой нам трэба рабіць сур'ёзныя высновы», — падкрэсліў пастаянны прадстаўнік у ААН.
Нагадаем, 22 верасня 13 краін-удзельніц Арганізацыі аб'яднаных нацый прагаласавалі супраць уключэння пытання аб акупаваных тэрыторыях Украіны ў парадак дня 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Сярод іх разам з Арменіяй і Казахстанам была Беларусь.