«Гавары праўду»: баларусы ў ЕС, еўрапейцы ў Беларусь – БЕЗ ВІЗЫ!
Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» далучаецца да грамадскай кааліцыі «У Еўропу і Беларусь – БЕЗ ВІЗЫ!».
Мы падтрымліваем мэту кааліцыі: праз правядзенне розных акцый і мерапрыемстваў звяртаць увагу і адстойваць ідэі бязвізавага руху паміж Беларуссю ды іншымі еўрапейскімі краінамі.
У красавіку 2013 года кампанія «Гавары праўду» разам з Рухам «За Свабоду» і Партыяй БНФ выступіла з заявай пад назвай «Больш Еўропы для Беларусі». У заяве адзначалася, што паўнавартасны дыялог і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам можа істотна пашырыць магчымасці нашай краіны і грамадства ў справе мадэрнізацыі і стварэння дэмакратычнага ладу.
Апроч іншага, у заяве меўся заклік да ЕС зрабіць пэўныя крокі ў аднабаковым парадку, не чакаючы адпаведнай рэакцыі ад афіцыяльнага Мінска:
- Максімальна спрасціць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, зыходзячы з магчымасцей, які дае візавы кодэкс ЕС, з далейшым пойным скасаваннем консульскага збору за выдачу шэнгенскіх віз;
- Выказаць ініцыятыву і пачаць практычную рэалізацыю ў дачыненні да грамадзянаў Беларусі ўмоў пагаднення аб малым памежным руху ў 50-кіламетровай зоне на мяжы з Польшчай і Літвой.
Мы шчыра вітаем прапанову амбасадара Рэспублікі Польшча аб знішчэнні візавага рэжыма паміж нашымі краінамі і ўпэнены, што калі ўлада не мае волі на дыялог з ЕС, то такі дыялог павінен быць з грамадствам і візавае пытанне – першы і вельмі істотны крок.
Цяпер кампанія «Гавары праўду», далучыўшыся да ініцыятывы «БЕЗ ВІЗЫ!», карэктуе сваю ранейшую пазіцыю і прапануе уладам ЕС пасля станоўчага рашэнне двух вышэйадзначаных пытанняў разгледзець падыход, які б дазволіў грамадзянам Беларусі наведваць краіны Еўрапескага Саюза ўвогуле без віз ці з нулявым коштам.
Мы так сама заклікаем беларускія ўлады адгукнуцца на прапанову ЕС і Польшчы і зрабіць усе магчымае, каб спрасціць візавы рэжым, а так сама прапануем зрабіць акцыю і ўсім, хто набудзе квіткі на міжнародны чэмпіянат па хакею выдаць шматразовыя гадавыя візы, гэта можа паспрыяць развіццю турызма і паказаць добры прыклад беларускай ветлівасці.
Больш Еўропы для Беларусі!
Прэсавая служба «Гавары Праўду»