Дыялог па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбыўся

Сёння ў Мінску Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь правялі двухбаковы Дыялог па правах чалавека. Дыялог адбыўся ў Мінску пасля таго, як аднавіўся ў мінулым годзе.

Фота www.belaruspartisan.org

Фота www.belaruspartisan.org


Дэлегацыю Еўрапейскага саюза ўзначальваў кіраўнічы дырэктар па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томас Майер-Хартынг. Беларускую дэлегацыю ўзначальвала намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына. Прадстаўнікі краін Еўрапейскага саюза назіралі за ходам абмеркаванняў.

 

Дыялог дазволіў правесці шырокі абмен поглядамі на сітуацыю з правамі чалавека як у Беларусі, так і ў Еўрапейскім саюзе. У прыватнасці, увага была засяроджана на пытаннях свабоды выражэння, сходаў і асацыяцый, на пытаннях выбарчых правоў, смяротнага пакарання, недапушчэння дрэннага абыходжання з людзьмі і ўжывання катаванняў, на пытаннях правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прадухілення гвалту ў сям'і. ЕС вітаў удзел, а таксама ўнёсак шэрагу недзяржаўных арганізацый у абмеркаванне апошніх двух пытанняў. Два бакі абмеркавалі парламенцкія выбары, што маюць адбыцца ў Беларусі, і ЕС падкрэсліў важнасць іх правядзення ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. У роўнай ступені ўвага была нададзена развіццю нацыянальных інстытутаў Беларусі для забеспячэння правоў чалавека.

 

Таксама было абмеркавана супрацоўніцтва ў справе забеспячэння правоў чалавека ў рамках міжнародных форумаў, у тым ліку праз такі механізм ААН, як Універсальны перыядычны агляд. Удзельнікі сустрэчы вызначылі некалькі сфер для далейшага супрацоўніцтва і дыскусій і абмеркавалі шэраг канкрэтных выпадкаў.

 

У адпаведнасці са звычайнай для ЕС практыкай кансультавання з грамадзянскай супольнасцю пры правядзенні ў трэціх краінах дыялогаў па правах чалавека, дэлегацыя ЕС сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі, а таксама з прадстаўнікамі апазіцыі.

 

Чакаецца, што наступная чарговая сустрэча ў рамках Дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю адбудзецца ў 2017 годзе.

 

Прэс-служба Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі