Вораг на парозе? Расійскія танкі на нашай мяжы, чаго можна чакаць?
Танкі, «Грады» і некалькі тысяч салдат за 40 кіламетраў ад
мяжы з Беларуссю. Карэспандэнт Радыё Свабода
адправілася ў лагер у Клінцах Бранскай вобласці, куды на мінулым тыдні
прыбылі расійскія войскі.
Цягам мінулага тыдня не аціхала інфармацыйная хваля вакол
перадыслакацыі 28-й асобнай мотастралковай брыгады Ўзброеных сілаў
Расеі з Уралу ў Клінцы — гарадок за 40 кіламетраў ад мяжы зь Беларуссю і
за 120 кіламетраў ад Гомеля. Вядома, што афіцэры гэтай брыгады здабылі
значны баявы досвед у шэрагу кампаній: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі
да Сырыі.
Меркаванні незалежных экспэртаў наконт мэты іх пераводу пад самую мяжу Беларусі падзяліліся. Гэтак, Аляксандар Алесін сцвярджае, што танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі і што размяшчэньне ўзбраенняў сведчыць пра палітычную, а не пра наступальную аперацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца «другая лінія абароны», каб падкрэсліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўруснікам Расеі.
Тым часам аўтар расследаваньняў на сайце Informnapalm Дзяніс Івашын упэўнены: войска размяшчаецца ўздоўж мяжы з разлікам менавіта на Беларусь, а не на Ўкраіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэння тут няма. Івашын нагадвае, што для дэстабілізацыі становішча ў асобным рэгіёне не канечне павінны масава ўрывацца войскі, і прыводзіць прыклад Крыму. Выклікае асцярогу і тое, што байцы 28-й мотастралковай брыгады былі заўважаныя ў баявых дзеяннях на Данбасе — фота адтуль яны выкладвалі наўпрост у сацсеткі.
Байцы 28-й асобнай мотастралковай брыгады сьведчаць, што былі на Данбасе
Блогеры Informnapalm паведамляюць, што летась старшы лейтэнант ракетнага дывізіёну Радзівон Забуноў пасля гэтак званых «растоўскіх вучэнняў» атрымаў мэдаль РФ «За боевые отличия», які даюць толькі за выкананне баявых задач, а не за ўдзел у вучэннях.
Радзівон Забуноў і яго мэдаль «За боевые отличия», informnapalm.org
Паводле расследавання блогераў, «у 2014 годзе расейскія войскі абстрэльвалі ўкраінскія тэрыторыі з выкарыстаньнем тэхнікі «вандроўных батарэяў» — «Грады» працавалі як з памежных раёнаў Растоўскай вобласьці, так і з украінскай тэрыторыі, заяжджаючы туды ненадоўга і адыходзячы адразу назад за кардон.
Каб высветліць, як настроеныя вайскоўцы ў самой брыгадзе, карэспандэнт Свабоды выправілася ў Клінцы.
«Хутка нешта будзе»
На чыгуначным вакзале ў Клінцах у вочы адразу кідаецца танкавая калёна. Зь дзясятак баявых машын стаяць за лічаныя мэтры ад месца, дзе спыняецца цягнік.
Танкі ля чыгункі ў Клінцах, фота Радыё Свабода
Пытаемся ў хлопца ў залі чакання, ці ведае ён, што адбываецца.
«Дык гэта да нас частку з Екацярынбургу перавялі днямі — у горадзе толькі і гутарак, што пра ваенных. Падзея стагоддзя».
А кіроўца ў таксі ўпэўнена распавядае:
«Нарэшце будуць народ бараніць па-людску! Як ад каго? Ад НАТО, зразумела. І ад хахлоў, калі тыя палезуць. Украіна побач — гэта вялікая небяспека. Раней у Клінцах заўсёды стаялі падраздзяленні, пасля грошы скончыліся, і іх прыбралі. Цяпер аднаўляюць: кажуць, да канца году 7 тысяч салдат прыедзе. Ракетныя войскі, верталётчыкі, пяхота — усе будуць. Ня толькі ў Клінцах, але і ў Навазыбкаве, бліжэй да вас. Пакуль вайны няма, то добра. А як пачнецца — куды ж вы схаваецеся?»
Сапраўды, мястэчка Навазыбкаў — за дзесяць хвілін язды ад мяжы. На гэтым тле дзіўна гучыць заява Дзмітрыя Пяскова, які назваў перабольшваннем інфармацыю пра ўзмацненне групоўкі войскаў на беларускім напрамку і «абсурднымі» — ьвесткі пра актыўнасць на памежжы.
Побач з гасцініцай — маленькая кавярня, дзе збіраецца мясцовая моладзь. Наагул моладзі ў Клінцах мала, большасць вучыцца ў Бранску, а дадому прыяжджае на выходныя. Гаворыць дзяўчына-студэнтка:
«Па горадзе ходзяць чуткі, быццам чакаецца нейкая правакацыя ад украінцаў: яны нас справакуюць, Расея будзе вымушаная адказаць, а сусветнай супольнасці зноў выставяць Расею агрэсарам. А наконт хлопцаў з Уралу — дык яны тут усяго тры дні, а ўжо да дзевак клінцоўскіх заляцаюцца, непрыгожа сябе паводзяць».
Яе сябры, здзіўленыя візытам замежных журналістаў, абступаюць нас з усіх бакоў:
«Вы не падумайце! Гэта ўкраінцам мы ня рады, асабліва бежанцам з Данбасу. Летась усе атрымалі дапамогу: кватэру, працаўладкаванне, ды яшчэ хадзілі незадаволеныя, сварыліся з мясцовымі... А беларусаў мы вельмі любім!»
Аналіз сацыяльных сетак (лякальнай суполкі «ЎКантакце») выяўляе агульную занепакоенасць жыхароў рэгіёну. У каментарах пішуць: «Мне страшна... Няўжо нешта будзе?», «Няўжо я і мая сямʼя можам загінуць?». Людзі звяртаюцца да вайскоўцаў, каб тыя іх супакоілі: «Падкажыце, можа варта з'ехаць куды далей ад мяжы?»
Жыхары Клінцоў занепакоеныя з'яўленнем вайскоўцаў у горадзе
Пакуль насельніцтва нервуецца, салдаты тэрміновай службы спецыфічна жартуюць у той жа суполцы, выкладваючы фота танкаў: «Тэхніка гатовая да бою! Ідзем захопліваць Нямеччыну».
Салдаты жартуюць у сацыяльных сетках
«Едзем ва Ўкраіну», — пішуць салдаты з Екацярынбургу «Вконтакте»
«Бацька ўдала балансуе, але базу сваю мы ўсё адно размесцім»
Увечары наш мясцовы праваднік сказаў, што вайскоўцы ўвесь час ходзяць у горад «у самаволку», без ведама камандавання, і параіў зазірнуць у клюб «Падкова», каб пагутарыць зь імі ў неафіцыйнай атмасфэры. Там мы сустракаем некалькі кадравых афіцэраў пяхоты, апранутых «па форме». Пазнаёміліся з маёрам С. Ён сядае на ганак і павольна закурвае цыгарэту, гледзячы ўдалечыню: «Ведаеце, што самае страшнае? Атрымаць загад № 1. Памятаю, як у Растове былі — днямі чакалі невядома чаго. Цябе не пытаюцца — проста пасылаюць, і ўсё».
На пытанне пра неабходнасьць размяшчэньня побач з Беларуссю маёр кажа:
«Лукашэнка пачаў на Захад паглядваць, вось дзядзя Вова і вырашыў яго напружыць. Пакуль балянсуе паміж дзьвюма табурэткамі. Мы вайны ня хочам, але яму вельмі не рэкамэндавалі пускаць НАТО. Тут да Гомеля ехаць менш чым дзьве гадзіны, а да мяжы 40 кіламетраў. Якая ўжо розніца? Лічы, мы да вашага Бацькі ў госці прыехалі. А ведаеш, якая прыцэльная дальнасьць у „Града“, напрыклад?»
Маёр С. упэўнены: расейская база ў хуткім часе з'явіцца ў Беларусі: «Гэта для вас Бацька на публіцы кажа, што не. А паміж сабой яны даўно дамовіліся, проста чакаюць зручнага моманту. А вы што, хочаце, каб НАТО прыйшло?!»
Маёр — вэтэран другой чачэнскай вайны. Трапіў у 18 год у Аргунскую цясьніну, выжыў і вырашыў застацца ў войску. Пазьней прайшоў Паўднёвую Асэтыю. Яго сябар, старшы лейтэнант, нядаўна быў у Сірыі. Старшы сяржант Е. пацвердзіў, што многія з прысутных удзельнічалі ў баявых дзеяннях:
«Ды нас да 2007 году доўга ня думалі, куды пасылаць. Без пытанняў — у Чачню. Я фатаздымкі чачэнскія дагэтуль нават жонцы не паказваў. Страшна было ўзгадваць»
Пра Сірыю вайсковец распавядае, нібыта апраўдваючыся:
«Не, ну а што? У Сырыі ж усё афіцыйна, ня як з Украінай!»
Праз дзьве гадзіны сьцямнела, вячэра скончылася, і афіцэры замовілі гарэлкі. Калі тая была выпітая, кампанія выклікала таксоўку ехаць у лазьню. Старлей гучна жаліўся: грошы прайграў на спартовых стаўках, цяпер няма чым расплаціцца з кіроўцам.
«Прапаршчык жыве за наш кошт»
На світанні мы з правадніком падышлі да лагера ў зоне чыгункі. Раней СМІ пісалі: вайскоўцы жывуць у мабільных намётах. Але ніякіх намётаў на месцы не было. На зямлі, паміж БТРам і танкам, чатыры вайскоўцы спяць проста на зямлі, нават бяз спальных мяшкоў. Паміж імі дагарае вогнішча, вакол ходзяць сабакі.
Лагер вайскоўцаў побач з вакзалам у Клінцах, фота Радыё Свабода
Разгаварыліся з паставым — 18-гадовым салдатам тэрміновай службы. Хлопец падышоў і сам пачаў распавядаць амаль шэптам:
«Нас увогуле ніяк не рыхтавалі да пераводу сюды! Ані лекцыі па
ідэалогіі, ані адмысловага сходу перад адʼездам. І мы ходзім у
самаволку, і кантрактнікі ходзяць. Як вяртаемся на базу — ведаеце, чым
займаемся? Бачыце мэталічны дрот, якім лакаматыў прывязваюць да рэек? Мы
па загадзе прапаршчыка гэты дрот адразаем і прадаём у горад. Пасля
купляем усё, што яму трэба, цыгарэты, ежу. Падумайце толькі — жыве за
наш кошт! А нам добра, калі адзін сухі паёк на траіх. У дарозе дык на
пяцярых адзін давалі. Увогуле служыць падабаецца, канечне, тут весела...
Заўжды хацеў у войска, бо я патрыёт».
* * *
У расейскім Міністэрстве абароны перадыслакацыю 28-й асобнай мотастралковай брыгады называюць «адным з захадаў у адказ на павелічэнне інтэнсіўнасці вучэнняў НАТО». Мінабароны Беларусі адмовілася каментаваць сітуацыю.