Дасье ў карыкатурах: комікі ідуць у палітыку
Высокая верагоднасць таго, што наступным кіраўніком Украіны будзе камедыянт не толькі паводле прызначэння, але і паводле прафесіі. Папулярны комік Уладзімір Зяленскі з'яўляецца фаварытам выбараў 31-га сакавіка. Нядрэнная нагода, каб успомніць аб удзеле комікаў у выбарах.
Першыя паўнавартасныя выбарчыя кампаніі комікі пачалі праводзіць у Францыі. У 1964-ым папулярны комік П'ер Дак (Pierre Dac) абвясціў пра намер стаць прэзідэнтам як кандыдат ад партыі «Рух уніфікацыі хваляў». Яшчэ далей зайшоў у 1980-ым комік Мішэль Колюш. Яго балаціроўка выклікала велізарны энтузіязм. Каля 16 адсоткаў французаў гатовыя былі аддаць голас за коміка. Але пад ціскам шантажу і пагроз Колюш адмовіўся ад удзелу ў гонцы. Тым не менш яго кампанія стала сапраўдным феноменам. У тым ліку і агітацыйная прадукцыя накшталт вышэй размешчанага плакату.
Прыклад Колюша хутка натхніў іншых комікаў зацікавіцца палітыкай. Некаторыя з іх нават стварылі салідныя партструктуры. Безумоўна, на сённяшні дзень самая ўплывовая з іх — італьянскі Рух пяці зорак (M5S), які ўваходзіць у цяперашні ўрад. Ужо сама назва руху — гэта жарт, які абыгрывае цытату яго заснавальніка коміка Бэпэ Грыла: «усе італьянцы вартыя жыць у пяцізоркавых гатэлях». Партыя была створана ў 2009-ым і неўзабаве стала адной з самых рэйтынгавых на Апенінах. Між тым M5S многія абвінавачваюць у папулізме, які знішчыў адказную палітыку. Не дзіўна, што выданне Voxeurop выявіла Бэпэ ў выглядзе Кінг-Конга.
Зрэшты, часам комікі, патрапіўшы ва ўладу, дамагаліся поспехаў. Сярод іх Йон Гнар — ісландскі камедыйны акцёр, мэр Рэйк'явіка з 2010 па 2014 гады. Эканамічная сітуацыя ў сталіцы за яго кадэнцыю прыкметна палепшылася. Вынікам праўлення Гнара стала поўнае рэструктураванне фінансаў, былі пабудаваныя дзясяткі кіламетраў роварных сцежак, а таксама была праведзена рэарганізацыя школ. Рост турызму ў Рэйк'явіку склаў 20%. Фурор Гнара адлюстраваў карыкатурыст выдання Toonpool. На малюнку выбаршчыкі ісландскай сталіцы намаляваныя як клоўны.
І вось цяпер да ўлады ў Кіеве рвецца Уладзімір Зяленскі. Не дапамагае яго праціўнікам пакуль дыскусія пра тое, ці здольны акцёр стаць эфектыўным галоўнакамандуючым. Не моцна працуе таксама вядомы факт залежнасці Зяленскага ад алігарха Ігара Каламойскага. Калектыўнае жаданне ўкраінцаў змяніць эліту аказваецца мацнейшым за логіку. Гэты парадокс стаў тэмай карыкатуры выдання «Дэпо».
Назіраючы за поспехам Зяленскага і іншых комікаў, нельга не задацца пытаннем: а што, калі наш лідар на наступных выбарах паспрабуе пераабрацца, пазіцыянуючы сябе як клоўна? Такі ход, відавочна, дапаможа легітымізаваць чарговую элегантную перамогу ў вачах Захаду. А вось для абывацеля камічны імідж кормчага можа абярнуцца незвычайнымі праблемамі.