Як «зяленскаманія» змяніла Украіну

На наступным тыдні — першы тур выбараў прэзідэнта Украіны. Адной з галоўных фішак кампаніі стаў феномен коміка Уладзіміра Зяленскага, які лідзіруе ў рэйтынгах кандыдатаў. Але наступствы яго папулярнасці могуць быць больш сур’ёзнымі і нечаканымі.

Фота УНИАН

Фота УНИАН

«Папросту сышліся зоркі», — разводзяць рукамі палітолагі, што спрабуюць тлумачыць узлёт артыста. Гэта ў тым ліку адсутнасць адзінага кандыдата ад Паўднёвага Усходу, адкуль паходзіць Зяленскі. Гэта і ідэйнае падабенства праграм яго канкурэнтаў. Гэта агульнаеўрапейскі трэнд, калі ў палітыку ідуць комікі (Бэпэ Грыла ў Італіі або Мар’ян Шарэц у Славакіі). Нельга не адзначыць, што фігура шоўмена задавальняе ўсіх. Нездарма адзін з экспертаў параўнаў Зяленскага з кніжкай «Расфарбуй сам». Безумоўна, на Зяленскага працуе пазнавальнасць — вынік папулярнасці яго шоу «95-ты квартал».

І, нарэшце, нянавісць. Нянавісць электарату да палітычнай эліты, якая столькі разоў абяцала і падманвала. Нянавісць настолькі моцная, што людзі гатовыя дараваць Зяленскаму адсутнасць выразнай палітычнай праграмы, кампрамат, які льецца на яго з усіх бакоў. Ну і ў выніку яшчэ адзін момант, які спрыяе поспеху артыста. «Гэта проста пашчасціла так!» — неяк заўважыў Зяленскі.

Такі прыкладна спіс фактараў, якія, на думку палітолагаў, літаральна за пару месяцаў высунулі шоўмена ў лідары прэзідэнцкай гонкі. Усе названыя прычыны маюць месца. Але пры гэтым поўнага малюнку ўсё роўна няма. «Да ні халеры мы не ведаем пра Зяленскага!» — не так даўно нечакана прызнаў адзін з паліттэхнолагаў на канале «Ukrlife».

Найперш, ніхто добра не ведае маладое пакаленне, якое раптам палітызаваў лідар «95-га квартала». У сілу сваёй апалітычнасці і геданізму, маладыя ўкраінцы традыцыйна на выбары не ходзяць. Як вынік, гэтая частка грамадства мала цікавіла палітолагаў і сацыёлагаў.

На гэты раз маладыя нечакана адклалі ўбок свае гаджэты і запісаліся ў «людзі Зэ» (так называюць валанцёраў штаба коміка-кандыдата). Больш за тое, прадстаўнікі іншых узроставых групаў ускладаюць менавіта на гэтую генерацыю ўсе надзеі на пазітыўныя змены. «Ура! Ніводнай старой морды злодзея!» — пракаментаваў адзін з сумскіх блогераў фота чальцоў мясцовага штаба Зяленскага.

Фота www.suslov.com.ua

Фота www.suslov.com.ua


Пры гэтым на арэну выходзіць новае пакаленне са сваімі прынцыпамі і прыярытэтамі. «Нас гатовае пасунуць па-сапраўднаму маладое пакаленне, цалкам спароджанае новай лічбавай эрай. І ў гэтай моладзі выявіліся ўласныя густы і прыярытэты», — прызнаецца кіеўскі публіцыстМіхаіл Дубінскі.

Дубінскі таксама адзначае, што новая генерацыя думае зусім аўтаномна ад дзяржаўных ідэолагаў. «У адказ на казённую патэтыку і героіку новае пакаленне скептычна паціскае плячыма. У адказ на забароны — уключае VPN. У адказ на квоты — сыходзіць на YouTube. У адказ на катэгарычнае «Армія, Мова, Віра!» — падтрымлівае коміка Зяленскага. Ці добра гэта, ці дрэнна, але гэта заканамерна і натуральна. І з гэтым давядзецца лічыцца», — кажа ён.

З іншага боку гучыць правакацыйны тэзіс аб тым, што Зяленскі — цалкам прагматычная рэакцыя часткі палітычнай эліты (клан алігарха Каламойскага) на патрэбу ўкраінскага палітычнага рынку. Але гэта патрэба не ў тым, каб у межах вольнай выбарчай працэдуры карэктаваць курс краіны. Лёс краіны іх не хвалюе. На першым месцы — банальнае жаданне глядзець якаснае шоу, якое, маўляў, можа забяспечыць Зяленскі.

Палохае не толькі ступень адчужанасці грамадства ад дзяржавы. Такая калектыўная ўстаноўка ў перспектыве ператварае палітыку ў адкрыты шоу-біз. «Зяленскі выцірае межы паміж палітыкай і шоу-бізнесам ва ўмовах, калі традыцыйныя эліты страчваюць магчымасць прапанаваць шырокім народным масам прывабны вобраз будучыні», — адзначае журналіст Дзяніс Гаеўскі, не адказваючы на важнае пытанне: а дзе ж будуць праходзіць межы ператварэння палітыкі ў відовішча? Ці варта чакаць, што на наступных выбарах усе алігархі будуць укладаць грошы ў кандыдатаў-артыстаў?

Ці сапраўды феномен Зяленскага можа запусціць пазітыўныя або негатыўныя змены ў краіне? Свой варыянт адказу прапануе «Новаму Часу» кіеўскі журналіст Юрый Палянін.

Можа быць, у іншы час Зяленскі і спарадзіў бы нешта новае, свежае і нават прагрэсіўнае. Аднак цяпер значна мацней запыт на моцную руку. Уласна ад гэтага не сышоў і сам Зяленскі, які абяцае пасля перамогі пакараць Парашэнку і запускае ролікі, у якіх яго кінагерой расстрэльвае Вярхоўную Раду. Хто б ні атрымаў прэзідэнцкую булаву (сімвал вярхоўнай улады ва Украіне. — НЧ), у тым ліку кандыдат-артыст, ён павінен будзе адразу прадэманстраваць рашучасць, каб як мінімум забяспечыць стабільнасць пасля выбараў. Пакуль іх драматургія толькі абвастраецца. Паколькі гэты момант будзе вызначальным, пра нейкія буйныя грамадска-палітычныя эксперыменты бліжэйшым часам давядзецца забыцца.