Чым напад Расіі на Украіну стаў для Лукашэнкі? Адказвае Валерый Карбалевіч

«Лукашэнка быў зацікаўлены толькі ў нагнятанні напружанасці. Сапраўднай вайны ён наўрад ці хацеў. Бо гэта вялізны шок для народу, дзяржавы з непрагназаванымі наступствамі», — адзначае беларускі палітолаг Валерый Карбалевіч.

1510130566_d938b24b41794848dcaf3b0f36e7aacb.jpg

«Дасюль, да пачатку вайны Расіі супраць Украіны, афіцыйны Мінск на ўзроўні рыторыкі займаў больш радыкальную і агрэсіўную пазіцыю адносна Захаду, — пішаВалерый Карбалевіч. — Слова «мярзотнікі» з вуснаў Лукашэнкі ў адрас палітыкаў суседніх краін гучала як дзяжурны эпітэт. Пуцін ці Пяскоў такога сабе не дазвалялі, яны з непрыхаваным цынізмам называлі іх «нашы заходнія партнёры». Лукашэнка гаварыў тое, чаго з нейкіх прычын не хацеў гаварыць кіраўнік Расіі, у пэўным сэнсе выконваючы функцыю прэсавага сакратара расійскага прэзідэнта.

Прычым афіцыйны Мінск не толькі гаварыў, але і шмат што рабіў, каб стварыць праблемы заходнім суседзям: пасадка самалёта з Пратасевічам у мінскім аэрапорце, міграцыйны крызіс і інш. І новыя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі таксама ініцыяваў Лукашэнка. Ва ўсялякім разе так ён сцвярджаў.

Такая палітычная лінія дазваляла Лукашэнку дэманстраваць лаяльнасць Пуціну ў абмен на розныя дывідэнды. А таксама помсціць Захаду.

Аднак ён быў зацікаўлены толькі ў нагнятанні напружанасці, існаванні рэжыму надзвычайнасці, стварэнні мадэлі крэпасці ў аблозе, на якую ніхто не нападае. Сапраўднай вайны ён наўрад ці хацеў. Бо гэта вялізны шок для народу, дзяржавы з непрагназаванымі наступствамі.

Таму поўнамаштабная вайна Расіі з Украінай, тым больш з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, стала для Лукашэнкі вялікай непрыемнасцю з шмат якіх прычын.

1. Па-першае, вайна, асабліва з Украінай, вельмі непапулярная ў Беларусі. Пра што сведчаць сацыялагічныя апытанні. Прычым непапулярная і ў асяроддзі прыхільнікаў Лукашэнкі.

2. Агрэсія Расіі супраць Украіны — гэта ў перспектыве пагроза незалежнасці Беларусі. Бо Пуцін заявіў пра непрызнанне вынікаў распаду СССР. Хто стане наступнай ахвярай РФ пасля Украіны?

3. Як бы Лукашэнка ні ўхіляўся ад удзелу беларускага войска ў гэтай вайне, аднак для сусветнай супольнасці застаецца фактам, што Беларусь — адзіны памагаты агрэсару. Яе тэрыторыя выкарыстоўваецца для нападу на Украіну. Гэта кляймо, ад якога не адмыцца. Яно горшае, чым кляймо дыктатара.

4. Знаходжанне расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі (колькасць якіх павялічваецца) азначае страту кантролю Лукашэнкі над краінай, якую ён ужо амаль тры дзесяцігоддзі лічыць сваёй прыватнай уласнасцю. Гэта страта вайсковага суверэнітэту. Расійскія генералы распараджаюцца на беларускай тэрыторыі, як хочуць. Што вельмі дыскамфортна для любога лідара. Невыпадкова прэзідэнт Казахстана Такаеў паспяшаўся вывесці войскі з сваёй краіны.

5. Вайна моцна спрашчае ўсе адносіны, робіць сітуацыю чорна-белай, без адценняў. Для Лукашэнкі гэта азначае рэзкае звужэнне поля для манеўру ў дачыненнях з Крамлём. Магчымасці ўхіляцца, балансаваць, капрызнічаць моцна змяншаюцца. Вось, напрыклад, трэба будзе рабіць непрыемны выбар адносна прызнання незалежнасці «ДНР» і «ЛНР». Вобраз поўнай марыянеткі Пуціна (прычым у момант, калі апошні дэманструе яўную неадэкватнасць у паводзінах) — гэта яўна не той фінал палітычнай біяграфіі Лукашэнкі, аб якім ён марыў.

6. Канфлікт з Украінай (не на ўзроўні рыторыкі, а рэальны) не выгадны афіцыйнаму Мінску з любога гледзішча. Возьмем толькі эканамічны аспект. Беларусь мае 4,5 мільярда станоўчага сальда ў гандлі з Украінай. Калі гэты гандаль спыніцца, то страты Беларусі будуць большыя, чым ад заходніх санкцый.

7. ЗША, Вялікая Брытанія ўвялі новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі акурат за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Гледзячы па ўсім, тое самае збіраецца рабіць ЕС. Да таго ж санкцыі супраць Расіі бокам удараюць і па Беларусі.

8. Вайна рэзка абвастрыла праблемы беларускай эканомікі. Паляцеў уніз абменны курс рубля. Дэфіцыт валюты ў банках, абменніках, банкаматах, чэргі могуць быць прадвеснікам большых праблем і нават некантраляваных працэсаў.

Можна далей пералічваць усе негатыўныя наступствы гэтай вайны. Таму Лукашэнка і спрабуе ўхіліцца ад нейкіх тлумачэнняў, спрабуе рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, а падзеі на поўдні беларусаў ніяк не тычацца. Аднак у інфармацыйную эпоху гэта немагчыма».