Хто з беларускіх службоўцаў патрапіў пад новыя санкцыі ЕС? Поўны спіс з 20 прозвішчаў

Рада Еўрасаюза ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расійскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным спісе» разам з кіраўніцтвам Расіі і дэпутатамі Дзярждумы апынуліся 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.

zahruzeno_11.jfif

«Гэты напад з'яўляецца абуральным парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», — гаворыцца ў дакуменце.

Прынятыя цяпер абмежавальныя захады — пашырэнне санкцый за анексію Крыма, якія ЕС увёў супраць 21 расійскага і крымскага палітыка 17 сакавіка 2014 года.

Санкцыі прадугледжваюць забарону ўезду на тэрыторыю Еўрасаюза ці транзіту, а таксама замарозку «ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, якія належаць, знаходзяцца ва ўласнасці або кантралююцца гэтымі асобамі».

У цяперашнім санкцыйным спісе апроч прозвішчаў Уладзіміра Пуціна, міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, членаў Савета нацыянальнай бяспекі Расіі і дэпутатаў Дзярждумы таксама і 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія «садзейнічалі расійскай ваеннай агрэсіі з Беларусі».

Уладзіслаў Бруеў — начальнік Гомельскай памежнай групы;

Алег Эйбатаў — начальнік Мазырскага памежнага атрада;

Дзмітрый Віннікаў — начальнік Пінскага памежнага атрада;

Аляксандр Пашкевіч — начальнік штаба вайсковай часці 65408 (Лунінец);

Аляксандр Лазіцкі — камандзір вайсковай часці 65408;

Андрэй Лук’яновіч — намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сілаў;

Аляксандр Крывец — камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда);

Юрый Пыжык — камандзір 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы);

Уладзімір Купрыянюк — начальнік штаба — першы намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання;

Андрэй Некрашэвіч — начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сілаў;

Віктар Гулевіч — начальнік Генеральнага штаба УС;

Аляксандр Вальфовіч — дзяржсакратар Савета бяспекі;

Андрэй Жук — намеснік міністра абароны;

Сяргей Сіманенка — намеснік міністра абароны па ўзбраенні;

Андрэй Бурдыка — намеснік міністра абароны па тыле;

Мікалай Рагашчук — памочнік Лукашэнкі — інспектар па Гомельскай вобласці;

Вадзім Дзенісенка — камандуючы войскамі Сілаў спецыяльных аперацый Беларусі;

Ігар Дземідзенка — камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання;

Юрый Шулейка — старшыня Брэсцкага аблвыканкама;

Іван Крупко — старшыня Гомельскага аблвыканкама.

ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненні да шэрагу фізічных асоб, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расійскай інтэрвенцыі ва Украіну. У спісе 15 юрыдычных і 8 фізічных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.