Будуем горы смецця

У Беларусі на ўзроўні дзяржавы рэалізуюцца праграмы па развіццю экалагічнага турызму. Аднак нявырашаным застаецца пытанне культуры людзей, якія адпачываюць на прыродзе. Дастаткова заехаць у лес ці на бераг вадаёму, каб пабачыць адыходы жыццядзейнасці чалавека, якія «ўпрыгожваюць» ландшафт. Са смеццем і неахайнымі турыстамі змагаюцца штрафамі. Але без развіцця адпаведнай культуры ў грамадстве, выхавання адказнасці за стан роднага краю адміністрацыйны рэсурс не здольны вырашыць экалагічныя хібы адпачынку і побытавага жыцця.



0aae0fede9a4d278e2f9a171e62fc76b.jpeg

У Беларусі на ўзроўні дзяржавы рэалізуюцца праграмы па развіццю экалагічнага турызму. Аднак нявырашаным застаецца пытанне культуры людзей, якія адпачываюць на прыродзе. Дастаткова заехаць у лес ці на бераг вадаёму, каб пабачыць адыходы жыццядзейнасці чалавека, якія «ўпрыгожваюць» ландшафт. Са смеццем і неахайнымі турыстамі змагаюцца штрафамі. Але без развіцця адпаведнай культуры ў грамадстве, выхавання адказнасці за стан роднага краю адміністрацыйны рэсурс не здольны вырашыць экалагічныя хібы адпачынку і побытавага жыцця.
Рэкрэацыйная нагрузка
У Беларусі прынята «Рэспубліканская стратэгія па ахове навакольнага асяроддзя да 2025 года». У 4-м раздзеле прапісана, што да 2014 года на рэспубліканскіх адмыслова ахоўваемых прыродных тэрыторыях неабходна правесці разлік аптымальнай рэкрэацыйнай нагрузкі. Канстатуецца, што беларускія азёры маюць высокі рэкрэацыйны патэнцыял, які варта развіваць. «Аднак, калі яго развіваць і калі рэкрэацыйная нагрузка будзе разлічаная неаб’ектыўна і завышана (як заўсёды робіцца па ўказцы выканкамаў і без удзелу незалежных экалагічных арганізацый), гэта прывядзе да таго, што дэградацыя нашай прыроды можа стаць больш відавочнай і незваротнай. Гэта будзе адбывацца і таму, што мы не маем паўнавартаснага фінансавання аховы адмыслова ахоўваемых прыродных тэрыторый, то бок заказнікаў», — выказвае заклапочанасць былы дырэктар заказніку «Сарачанскія азёры», эксперт па экалагічнаму турызму Ігар Пастухоў.
Паводле яго слоў, немагчыма забяспечыць паўнавартаснае развіццё экалагічнага турызму на адмыслова ахоўных прыродных тэрыторыях толькі аб’яднаўшы высілкі органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Да гэтага працэсу мусіць быць далучаная і грамадскасць.
Ігар Пастухоў з’яўляецца аўтарам прыгодніцкага і экалагічнага маршруту «Вецер Паазер’я» па тэрыторыі Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей. Напрыканцы лета экспедыцыя была спалучаная з экалагічнай акцыяй «Моладзь у абарону дзікай прыроды». Экалагічны дэсант з васьмі чалавек стартаваў з берага возера Вялікія Швакшты. Нягледзячы на тое, што тэрыторыя належыць Нацыянальнаму парку «Нарачанскі», эколагі адразу ж знайшлі побач з Малымі Швакштамі сметнік — адыходы на некалькі трактарных прычэпаў. Побач з ракой Страча на лясной палянцы валяліся бутэлькі, а недалёка стаялі адмысловыя скрыні для адыходаў. За тры дні экалагічнай акцыі яе ўдзельнікі прайшлі па тэрыторыі трох асабліва ахоўваемых тэрыторый і сабралі да 250 кілаграмаў смецця, выявілі і часткова ліквідавалі пяць сметнікаў.

Ігар Пастухоў, эксперт па экалагічнаму
турызму


«Вельмі шкада самаадданай працы некаторых працаўнікоў лясніцтваў і заказнікаў, якія спрабуюць прыбіраць даручаную тэрыторыю. Колькі б ні прыбіралі, а ўсё роўна знаходзіцца нямала прадстаўнікоў чалавецтва, якія не паважаюць ні прыроду, ні чужую працу. Бо за ўсімі не ўсочыш і за кожнай елкай інспектара не паставіш. Крыўдна глядзець на нядаўна прыбраную леснікамі стаянку, якая на наступны ж дзень зноў заплёваная і нават разламаная, як, напрыклад, альтанка на вадзе возера Кайменскае, — дзеліцца Ігар Пастухоў вынікамі экалагічнай акцыі. — Падчас ачысткі азёр трапляліся пакункі, датаваныя 2003 годам. А гэта значыць, што гэта смецце ніхто не прыбіраў з тых часоў, і, верагодна, яно праляжала б там яшчэ доўга, калі не вечна».
Калі інспектар Мінпрыроды зловіць за руку чалавека, што выкідае смецце, то за гэта можна атрымаць папярэджанне або штраф да 20 базавых велічынь. Але за забруджванне тэрыторыі прыцягнуць не так проста, бо трэба ўсё даказаць. Часцей супрацоўнікі лясгасаў штрафуюць турыстаў за развядзенне вогнішчаў. У Беларусі і цяпер дзейнічаюць правілы пажарнай бяспекі ў лясах, што ствараліся ў часы СССР. Паводле гэтага дакумента, забараняецца разводзіць вогнішчы пад кронамі дрэў, у месцах з падсохлай травой, на ўчастках лесу, пашкоджаных бураломам, на старых пажарышчах, у маладых лесапасадках. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, калі не было матэрыяльнай шкоды, могуць пакараць папярэджаннем ці штрафам да 25 базавых велічынь. Калі вогнішча прывяло да знішчэння або пашкоджання лесу ці тарфянікаў, прадугледжаны штраф у памеры ад 25 да 50 базавых велічынь. Акрамя таго, вінаваты будзе абавязаны кампенсаваць нанесеную шкоду.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па праекце Дзяржаўнай праграмы развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёна на 2011–2015 гады выказваўся за тое, каб да працэсу развіцця курортных зон краіны актыўна прыцягвалі замежныя інвестыцыі. Маўляў, каштоўнасць Беларусі ўжо вызначаецца, а далей тым больш будзе вызначацца не толькі нашым месцазнаходжаннем у цэнтры Еўропы, але і тым, што «такой чысціні ў свеце больш няма, калі браць прыроду ў комплексе». «Да нас могуць ездзіць не толькі адпачыць, але і аздаравіцца за кошт кантактаў з прыродай», — настаўляў чыноўнікаў, што працуюць у сферы турызму Аляксандр Лукашэнка.
Часам можна пачуць, што, калі ў зоны адпачынку са сваімі грашамі прыйдуць замежнікі, то яны прынясуць з сабой і культуру паводзінаў. Канешне, калі абгарадзіць возера плотам, зрабіць платны ўваход, паставіць сметніцы і наняць персанал, які будзе сачыць за парадкам, то гэта прынясе плён. Але развіццё такіх рэкрэацыйных тэрыторый vip-класу не прыйдзецца да спадобы большасці беларусаў, якія не прызвычаіліся плаціць за адпачынак у Беларусі.
Камерцыйны падыход не змяняе і стаўленне да навакольнага асяроддзя. Яскравая ілюстрацыя з жыцця: група турыстаў пасля трохдзённага сплаву па рэках, каб ехаць у Мінск, ідзе да станцыі цягніка з турыстычным начыннем (якое мае далёка не малую вагу) і пакункамі са смеццем, што сабралася за час паходу. У ляску маладыя людзі з мясцовых жыхароў са здзіўленнем паглядзелі на транспарціроўку смецця і прапанавалі яго тут жа кінуць. То бок праблема не ў смеццевых скрынках, а ў галовах.
Дарэчы, урач-гігіеніст Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ірына Жэўняк заяўляла, што ў Беларусі плануецца ўзмацніць адміністрацыйную адказнасць за выкідванне смецця ў неналежным месцы. Ёсць і адпаведнае даручэнне Саўміна. «Цяпер гэта пытанне разглядаюць сумесна міністэрствы аховы здароўя, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, МУС і іншыя», — расказала гэтым летам Ірына Жэўняк. Начальнік аддзела выкарыстання і аховы вод Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Сліж растлумачыла, што размова ідзе пра дробнае смецце, якое па класіфікацыі не адносіцца да адыходаў. Па словах супрацоўніцы Мінпрыроды, самымі праблемнымі месцамі з’яўляюцца пляжы, прыпынкі, прыгарадныя і лесапаркавыя зоны.
Грошы не пахнуць
Пад Мінскам лясы заваленыя будаўнічым смеццем. Эканомныя і гаспадарлівыя беларусы такім чынам самастойна вырашаюць праблему ўтылізацыі. За вываз і ўтылізацыю падобнага віду адыходаў трэба плаціць. Напрыклад, адна з прыватных фірмаў прапануе паслугі па вывазу смецця ў дыяпазоне ад 90 тысяч да 134 тысяч рублёў у залежнасці ад аб’ёму — 1,5 ці 5 тон трэба вывезці. Плюс трэба заплаціць за ўтылізацыю. У выніку пад горадам растуць несанкцыянаваныя сметнікі.
Утылізацыяй адыходаў заклапочаныя ўсе развітыя краіны. Напрыклад, у Германіі ці не ў кожнай кватэры сметніцы падзеленыя на сектары — пластык, папера, метал. Рэшткі ежы фасуюцца асобна яшчэ да таго, як яны трапяць на сметнік. Для шкла ёсць адмысловыя кантэйнеры. Тару адразу ж можна здаць у краме, калі набываеш піва ці ліманад. Раней у Беларусі было многа пунктаў прыёму другаснай сыравіны, шкляной тары. Цяпер здаваць на перапрацоўку макулатуру і бутэлькі не модна — адпаведна, і пунктаў прыёму другаснай сыравіны стала меней. Па інфармацыі ПУП «Мінсккаапдругрэсурсы», у сталіцы, дзе пражывае каля двух мільёнаў чалавек, налічваецца 41 кропка прыёму другасных рэсурсаў.
Паводле артыкула 24 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адыходамі», каардынацыю дзейнасці па зборы другаснай сыравіны і эканамічна абгрунтаванаму яго выкарыстанню здзяйсняе адмыслова ўпаўнаважаная Саветам міністраў па ўзгадненні з кіраўніком Беларусі арганізацыя — дзяржаўнае гандлёва-вытворчае аб’яднанне «Белрэсурсы». У сталіцы цягам апошніх пару гадоў у дварах многіх дамоў з’явіліся кантэйнеры для паасобнага збору смецця, хаця жыхары сталіцы не налаўчыліся выкідваць пластык і паперу асобна. А перапрацоўчыя арганізацыі бяруць сартаваную другасную сыравіну, бо выкарыстоўваць пластык, які выкінулі ў кантэйнер разам з шалупіннем ад бульбы, складана, а калі гэта папера, кардон, то ўвогуле немагчыма.
Спецыялісты падлічылі, што кожны беларус пакідае пасля сябе штогод блізу трохсот кілаграмаў бытавога смецця. Перспектывы смеццевых гор побач з населенымі пунктамі не такія і цьмяныя. Тым больш, што ў Беларусі няма буйнамаштабных (з аб’ёмам больш за 200 тон цвёрдых адыходаў у год) заводаў па перапрацоўцы смецця. Эксперты мяркуюць, што краіна мае незасвоены і свабодны рынак перапрацоўкі цвёрдых бытавых адыходаў.
 Напрыклад, бізнесмен Дзмітрый Кучук з’яўляецца ўласнікам прадпрыемства «Смеццесартавальная станцыя «Заходняя», і яго гадавы прыбытак, паводле падатковай дэкларацыі, перавышае 300 мільёнаў беларускіх рублёў. Праўда, даводзіцца працаваць з «санітарамі» горада і сметнікаў — бамжамі, але грошы не пахнуць. Магчыма, таму ў Беларусь паступова прыходзяць інвестары з Еўропы, якія не супраць зарабіць на тым, што валяецца пад нагамі.