Беларусь афіцыйна прызнала, што Крым расійскі?

Учора ўсім СМІ прыйшло запрашэнне ад Паўла Антонава, прадзюсара SPUTNIK Беларусь, прыняць удзел у прэс-канферэнцыі Пасла Расіі Міхаіла Бабіча з нагоды «5-годдзя ўваходжання Крыма ў склад Расіі».

index_26.jpg


Заўважце, гэта не нейкі там “круглы стол”, не прэс-канферэнцыя таго ж “Спутника”. Гэта была б іх асабістая справа, згодна з рэдакцыйнай палітыкай ці яшчэ чым... Але распавядаць нам «пра расійскі Крым» будзе афіцыйная асоба суседняй дзяржавы, дыпламат…

У сувязі з гэтым з'явіліся пытанні.

Ці прызнала Беларусь афіцыйна, што Крым належыць Расіі? (можа мы проста чагосьці не ведаем). Калі яшчэ не, то ці чакаецца якая-небудзь заява беларускага МЗС з гэтай нагоды?

Ці пагадзілася Украіна, што Крым ёй не належыць? Калі не, дык ці чакаецца афіцыйная заява МЗС Украіны і нота Пасольства Украіны ў Беларусі?Уласна кажучы, адказы на гэтыя пытанні мы і спрабуем атрымаць ад самага ранку. Тэлефоны асоб, якія б маглі даць тлумачэнні ў МЗС Беларусі, пакуль не адказваюць. Але, паводле нашай інфармацыі, там зараз высвятляюць, як рэагаваць.

У Пасольстве Украіны зараз праводзяцца кансультацыі, нам сказалі, што пасля 15.00 можна будзе даведацца ці будзе афіцыйная рэакцыя ўкраінскага боку.

З МЗС Украіны зараз спрабуе звязацца наш карэспандэнт. Мы таксама звярнуліся да вядомых украінскіх палітыкаў па каментар.

Пачакаем — і абавязкова пра ўсё вам паведамім.