Азбука паліталогіі: Герой Расіі ў статусе гіганта думкі
Калі пірагі пачынае пячы шавец, дык тут і да бяды нядоўга. Канкрэтны прыклад: Мікалай Патрушаў — Герой Расіі, сакратар Савета бяспекі РФ з 15-гадовым стажам. Не мне ацэньваць яго заслугі перад расійскім народам і дзяржавай. Аднак асабістая адвага і навыкі па выяўленні ворагаў аўтаматычна аналітычных здольнасцей не дадаюць, тым больш калі гаворка ідзе пра геапалітыку.
Аднак лаўры гіганта думкі не даюць заснуць Герою Расіі. Іншага тлумачэння публікацыі нятленкі пад прэтэнзійнай назвай «Крах імперый-паразітаў» у мяне няма.
Мяркуйце самі: «На нашых вачах канчатковы злом перажывае заходнецэнтрычны каланіяльны светапарадак, які зарадзіўся яшчэ ў эпоху крыжовых паходаў і аформіўся ў часы вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Менавіта тады былі закладзены асновы рабаўніцкай па сваёй прыродзе заходняй мадэлі цывілізацыі, якая праіснавала з асобнымі зменамі да нашых дзён».
Які ахоп! Ад крыжовых паходаў — і аж да нашых дзён!
Не будзем спрачацца, на стадыі першаснага назапашвання капіталу галандская, дацкая, французская і шведская Вест-Індскія кампаніі, а таксама іх менш вядомыя аналагі някепска нажыліся на каланіяльным гандлі. Адных рабоў з Афрыкі было вывезена ад 12 да 15 мільёнаў чалавек.
Продкі ж Патрушава доўгі час не адчувалі патрэбы адпраўляцца за мора. «Расійская магутнасць прырастаць будзе Сібір'ю і Паўночным акіянам», — пісаў Міхаіл Ламаносаў. Разумны быў мужык.
Але што азначаў дзеяслоў «прырастаць» у дачыненні да XVIII стагоддзя? Адказ на гэта пытанне знаходзім у гісторыка Васілія Ключэўскага: «Гісторыя Расіі — гэта гісторыя краіны, якая каланізуецца».
І калі наш аналітык мяркуе, што метады каланізацыі Сібіры не суправаджаліся генацыдам карэннага насельніцтва, гэта значыць адрозніваліся ад каланізацыі заморскіх тэрыторый еўрапейскімі перасяленцамі, то ён моцна памыляецца.
Гэту справу, аднак, лёгка выправіць. 3 гадзіны і 40 хвілін — менавіта столькі давядзецца выдаткаваць на шлях ад Масквы да Пецярбурга на «Сапсане». І гэты змарнаваны час варты таго, каб палюбавацца ў Дзяржаўным Рускім музеі на карціну гістарычнага жанру жывапісца Васілія Сурыкава «Заваяванне Сібіры Ермаком».
Зрэшты, Сібір’ю справа не абмежавалася. У 1648 годзе дабраліся праваслаўныя і да Амерыкі (Аляскі). Гнаў іх праз акіян «шкурны інтарэс», прычым у прамым, а не ў пераносным сэнсе. Чым гэта абярнулася для алеутаў? А прыкладна тым жа, чым раней для чукчаў, юкагіраў, каракаў і кетаў, колькасць якіх за лічаныя гады паменшылася ў разы.
Дзе сунічнік, там і суніцы
Аднак жа працягнем уважліва чытаць «Крах імперый-паразітаў»: «У рамках гэтай мадэлі вузкая група дзяржаў выбудавала піраміду — і зацвердзілася на яе вяршыні дый надзяліла сябе выключнымі паўнамоцтвамі. Якім чынам спраектавана гэтая піраміда паразітызму і каму адведзены кожны з яе паверхаў, добра відаць з прынятага ў сучаснай заходняй практыцы падзелу свету на развітыя дзяржавы, краіны з пераходнай эканомікай і краіны, якія развіваюцца. Сутнасць гэтай сістэмы простая: кожны, хто знаходзіцца на больш нізкім ярусе, павінен пакорліва і практычна бясплатна перадаваць наверх частку ўласных рэсурсаў — матэрыяльных, фінансавых, інтэлектуальных, людскіх. Па сутнасці, мы маем справу са шматузроўневай паразітычнай надбудовай глабальнага маштабу».
Думаю, чытачоў не здзівіць фразеалагізм «азіяцкія тыгры». Да іх ліку эканамісты адносяць Сінгапур (2-е месца па ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці), а таксама Ганконг (16-е месца), Тайвань (17-е месца) і Рэспубліку Карэя (35-е месца).
Уся «цудоўная чацвёрка» перайшла за апошнія дзесяцігоддзі з трэцяга свету ў першы і заняла найвышэйшыя ўзроўні ў паразітычнай надбудове глабальнага маштабу, дзякуючы згодзе «пакорліва і практычна бясплатна перадаваць наверх частку ўласных рэсурсаў».
Ахвочых пазнаёміцца з дэталямі адсылаю да кнігі першага прэм'ер-міністра Сінгапура Лі Куан Ю «Сінгапурская гісторыя: з «трэцяга свету» — у «першы» (1965–2000)». Кнігу можна знайсці і ў інтэрнэце. Рэкамендую. Не пашкадуеце. Нават крыху крыўдна, што сярод маіх сяброў у Facebook няма спадара Патрушава. Было б пра што падыскутаваць.
Напрыклад, пра пашырэнне NАТO, дзякуючы якому ЗША паглынаюць дзяржаву за дзяржавай, пазбаўляючы іх самастойнасці пры адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў.
Тэхналогія не новая. Вось што з гэтай нагоды пісаў Лі Куан Ю: «Мы вельмі мелі патрэбу ў стабільнасці, якую стваралі брытанскія войскі, раскватараваныя ў Сінгапуры. Калі б англічане вывелі войскі да таго, як мы сталі здольныя самі абараніць сябе, то я не думаю, што мы б выжылі. Іх прысутнасць стварала пачуццё бяспекі, без якога нельга было б прыцягнуць інвестыцыі і экспартаваць нашы тавары і паслугі».
Кіпцік зачапіўся — уся птушка прапала, што і пацвярджае наступная цытата: «З кожнага выпуску мы выбіралі і пасылалі найлепшых навучэнцаў нашых школ у найлепшыя ўніверсітэты Вялікабрытаніі, Канады, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Германіі, Францыі, Італіі, Японіі, а пасля, калі ў нас з'явіліся сродкі, — ЗША».
Як кажуць у народзе, дзе сунічнік, там і суніцы. Пра які суверэнітэт і незалежнасць пасля гэтага можна весці гаворку, калі накіроўваць найлепшых выпускнікоў школ да дзядзькі Сэма для прамывання мазгоў? Чаму ён здольны навучыць? Вытворчасці мікрасхем, сучаснаму вядзенню бізнесу? Акрамя навыкаў па выбудоўванні піраміды паразітызму, Захаду дзяліцца няма чым. Не смяшыце маю аўтаматычную міжпланетную станцыю «Месяц-25».
***
Сёння ён іграе джаз, а заўтра Радзіму прадасць. ЗША — радзіма джаза, калі хто забыўся.