Азбука паліталогіі: «Чарговае адкрыццё прадзяржаўнай сацыялогіі»
Аналітычны цэнтр EcooM, той самы, які ў трэцім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя так і не абзавёўся ўласным сайтам, апублікаваў вынікі даследавання. Сустракайце…
Рэспандэнтам, у прыватнасці, прапанавалі адказаць на пытанне: «Як вы ставіцеся да Расійскай Федэрацыі?» Для тых, хто сочыць за працай EcooM, размеркаванне адказаў здзіўлення не выклікала: «добра» — 56,8%, «хутчэй добра» — 12,9%, «дрэнна» — 1,5%, «хутчэй дрэнна» — 0,9%.
Каб з парога не навязваць чытачам свайго суб'ектыўнага меркавання, прывяду каментар кіраўніка цэнтра EcooM Сяргея Мусіенкі: «У гэтых адказах мы не толькі бачым стаўленне грамадзян нашай краіны да Расійскай Федэрацыі як дзяржавы, але і міжасобасныя адносіны на ўзроўні людзей. Я б звярнуў увагу на адказы «дрэнна» і «хутчэй дрэнна» — 1,5% і 0,9% адпаведна — нават 3% няма. Тут хацелася б акцэнтаваць, што гэтае пытанне задавалася пасля паўгода спецаперацыі Расіі ва Украіне. Па сутнасці, гэта не проста ацэнка нашых эканамічных, палітычных, культурных, іншых адносін з РФ і стаўлення да яе палітыкі. Гэта ў тым ліку і стаўленне да спецыяльнай ваеннай аперацыі. Таму цікавыя даныя, якія шмат пра што гавораць».
Спытаць наўпрост пра тое, што думаюць беларусы наконт расійскай «спецаперацыі», сацыёлагі цэнтра ці то пасаромеліся, ці то забыліся, а калі спахапіліся, было ўжо позна. Вось і давялося апраўдвацца: «Тут няма пытання пра стаўленне да спецыяльнай ваеннай аперацыі. Але, па сутнасці, мы на яго атрымліваем адказ, пагадзіцеся. І ў цэлым бачым стаўленне да гэтага».
Даводзіцца пагадзіцца… Падзецца ж няма куды.
Суайчыннікам таксама прапанавалі ацаніць цяперашнія міждзяржаўныя адносіны Беларусі і Расіі. Добрымі, добрасуседскімі іх палічылі 52,6% беларусаў, хутчэй добрымі, добрымі — 27,2%, што разам дае 79,8% станоўчых ацэнак. «Наколькі добрыя, настолькі і дрэнныя», — так адказалі 9,6% рэспандэнтаў, «хутчэй напружаныя, дрэнныя» — 1,5%. Не здолелі адказаць ды не вызначыліся — 8,6%, няма адказу — у 0,5%.
З якога боку да ацэнак Саюзнай дзяржавы не падыдзі, атрымліваецца мір ды сяброўства.
У любові — як у птаха крылы
Пры ўсёй своеасаблівасці беларускай сацыялогіі ніхто нам не замінае паглядзець на беларуска-расійскія адносіны з боку Расіі. Балазе, Лявада-цэнтр, нягледзячы на свой статус іншаагента, працягвае працаваць.
У траўні 2022 года 72% расіян лічылі Беларусь найбольш дружалюбнай краінай, за год да таго — 58%. Рост на 24 працэнтных пункта — прамое следства «спецаперацыі».
Такая рэакцыя ў грамадстве, у якім стагоддзямі мірнае жыццё выбудоўвалася на ваенны ўзор, не павінна здзіўляць. Звычка — другая натура. Гэта на загніваючым Захадзе веліч краіны прынята вымяраць дзелавой актыўнасцю, ведамі, тэхналогіямі і дасягненнямі культуры.
Іншая справа — «наша Расія». Паглядзіце на дынаміку рэйтынгу Пуціна. Варта толькі гусеніцам расійскага танка перапаўзці праз дзяржаўную мяжу (2008 год — Грузія, 2014 год — Украіна), як рэйтынг расійскага гаранта накіроўваецца вертыкальна ўверх. У мірны ж час галоўны сацыялагічны паказчык краіны паводзіць сябе падобна планеру, які не здолеў адшукаць узыходзячы струмень паветра.
Натуральна, што без мілітарысцкай оптыкі не абыходзіцца і ацэнка суседзяў. Таму ў траўні Кітай у якасці сяброўскай краіны ацаніла 50% расіян (плюс 12 пунктаў), а Казахстан — толькі 28% (мінус 6 пунктаў).
Ва ўсенароднай любові — як у птаха крылы. Аднак, калі пагадзіцца з вынікамі апытанняў EcooM, універсальнасць гэтага прынцыпу беларусы ставяць пад сумнеў. У прыватнасці, на ацэнкі беларуска-расійскіх адносін бягучыя падзеі ўплыву не аказваюць. Вышэй ужо адзначалася, што, паводле апошняга апытання, станоўчана міждзяржаўныя адносіны ацанілі 79,8% беларусаў. Але ў снежні 2021 года, калі і ў страшным сне «спецаперацыя» не магла прымроіцца ніводнаму нармальнаму чалавеку, узровень станоўчых ацэнак быў ніжэйшы толькі на 3,8 пункта!
З рэйтынгамі палітыкаў — аналагічная гісторыя. Яны ад дынамікі даходаў насельніцтва і іншай бытавухі ніяк не залежаць.
Сталасць — паказчык класу
Аналітычны цэнтр EcooM — недзяржаўная структура. Уладальнік гандлёвай маркі ТАА «Медыяфакт-Эка», што не перашкодзіла камісіі па апытаннях грамадскай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выдаць цэнтру акрэдытацыю.
Задача цэнтра EcooM палягае ў запаўненні вакууму, выкліканага няздольнасцю дзяржаўных сацыялагічных службаў дзяліцца вынікамі даследаванняў грамадска-палітычных праблем. Возьмем, для прыкладу, Інстытут сацыялогіі. Ён праводзіць даследаванні беларускага грамадства на грошы грамадства, але вынікі даследаванняў ад грамадства хавае. Чым гэты акадэмічны інстытут адрозніваецца ад турыстычнага агенцтва, якое збірае з кліентаў грошы за свае паслугі, але паслуг не аказвае, — мне зразумець складана.
Каб дарэмна не раскідвацца словамі, прапаную звярнуцца да часопіса інстытута АН «Сацыялагічны альманах» за 2020 год. У часопісе 364 старонкі. Галоўную падзею года, мяркую, можна і не нагадваць. Таму набіраю ў пошукавіку слова «выбары». Яно шчыльна рассыпанае па ўсім штогодніку, аднак за выключэннем двух артыкулаў, ніякага дачынення да электаральнай працэдуры гэтае слова не мае.
У артыкуле «Вымярэнне аўдыторыі СМІ: гісторыя станаўлення» слова «выбары» сустракаецца восем разоў, але ў сувязі з выбарамі ў ЗША, а ў артыкуле «Электронны ўдзел як механізм павышэння эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання» — тры разы... на прыкладзе выбараў у Канадзе, Бразіліі, Эстоніі і Аўстрыі. Вось і думай пасля такога пра інфармацыйную заслону!
Свет, у якім жыве спадар Мусіенка ў абдымку з вынікамі сваіх даследаванняў, — гэта асаблівы свет. У гэтым свеце імпартазамяшчэнне і мабілізацыя эканомікі ацэньваюцца станоўча. Больш за тое — гэта чарговая падстава для нацыянальнага гонару: «Расія толькі пачынае займацца імпартазамяшчэннем, мы ўжо ім займаемся больш за 20 гадоў. Таму мы гэтыя рэчы шмат у чым ведаем, як вырашаць, і робім».
Апытанні EcooM гэту і падобныя высновы пацвярджалі, пацвярджаюць і будуць пацвярджаць. Сталасць, згодна з савецкім спартыўным каментатарам Мікалаем Озеравым, — паказчык класа.