Азбука паліталогіі: Абартыўная статыстыка як люстэрка абартыўнай эканомікі

 Пра ролю коскі ў лёсе чалавека вядома кожнаму школьніку. Гэты артыкул прысвечаны прыназоўніку «для» і яго значнасці ды ўплыву на лёс 9,2 мільёна беларусаў.

_belarus_selskaja_haspadarka_ekanomika_zyccjo_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg

Канец верасня — час публікацыі Нацыянальным статыстычным камітэтам РБ «Статыстычнага штогодніка». Верасень 2023 года не стаў выключэннем. Асноўная інтрыга — колькасць старонак у дакуменце. 

У тым, што і гэты год прынясе чарговы рэкорд, сумневаў не ўзнікала. І чаканні спраўдзіліся (глядзі табліцу).

Колькасць старонак у штогодніках Нацыянальнага статыстычнага камітэта РБ


screenshot_from_2023_10_03_21_39_45.png


Перад намі — тыповы прыклад абартыўнай эканамічнай статыстыкі (ад лацінскага «abortivus» — прыпыненне развіцця, спыненне працягу якога-небудзь працэсу).

Але ці варта ўспрымаць абартыўную статыстыку ў якасці люстэрка абартыўнай эканомікі? 

Нагадаю, поўная назва беларускай мадэлі, у якой усім нам выпала шчасце квітнець, — «Беларуская мадэль развіцця». А згодна з Вікіпедыяй, развіццё — гэта тып руху і змены ў прыродзе і грамадстве, звязаныя з пераходам ад адной якасці ці стану да іншай якасці, сутнасці; гэта змяненне ад старога да новага. У адрозненне ад заняпаду, дэградацыі і распаду развіццё суправаджаецца ўскладненнем і павышэннем узроўню самаарганізацыі.

Здавалася б, спрачацца з Вікіпедыяй, тым больш на ўзроўні вызначэнняў, — сабе даражэй. Але рэальнае жыццё — складанейшае за любыя нашы ўяўленні пра яго. А ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра максімальна спрошчанае — і ўжо хаця б таму з верагоднасцю ў 99% няправільнае — уяўленне.

Пытанне пастаўленае рубам

Параўноўваць статыстычны штогоднік за 2010 год з яго «калегам» за 2023-ці — задачка з зорачкай ужо хаця б таму, што першы змяшчае 24 раздзелы, а ў другім — 31. Тым не менш, неабходна адзначыць усыханне раздзела «Прамысловасць» за трынаццаць гадоў на 53% (з 19 да 9 старонак). Таму, відаць, больш разумна параўноўваць цяперашні штогоднік з леташнім, і вызначыць лідараў гадавой абартызацыі.

Рэкамендую звярнуць увагу на раздзел «Знешнеэканамічная дзейнасць». Ён «схуднеў» за год з 27 да 12 старонак. У прыватнасці, зніклі падраздзелы, звязаныя з экспартам / імпартам асобных відаў прадукцыі і паслуг ад слова «зусім».

Калі ў штогодніку за 2021 год у гэтых падраздзелах змяшчалася інфармацыя пра нафту, нафтапрадукты, угнаенні, трактары, сродкі транспарту — то ў штогодніку за 2022 год яна цалкам адсутнічае.

Атрымліваецца, што зберажоныя гераічнымі намаганнямі флагманы савецкай індустрыялізацыі быццам бы і ёсць, але прадукцыі, прынамсі на экспарт, не вырабляюць. А калі зазірнуць у раздзел «Прамысловасць», то можа паўстаць уражанне, што і на ўнутраны рынак пастаўляць ім няма чаго.

Аднак наколькі дзяржаўная статыстыка адлюстроўвае эканамічную рэальнасць? Для адказу на пастаўленае рубам пытанне нам давядзецца з эканамічнага поля перамясціцца на поле палітычнае.

Куфэрак адкрываўся проста

Нягледзячы на пастаянныя рэверансы ў бок эканомікі, у Беларусі кіруе балем палітыка. І гэта пры тым, што палітыка ў яе агульнапрынятым разуменні за апошнія 30 гадоў у рэспубліцы-партызанцы нават і не начавала.

Дык як жа быць? Куфэрак адкрываўся проста. Калі мы аналізуем статыстычныя даныя — дакладней, іх адсутнасць, — неабходна пастаянна памятаць, што мы маем справу не з «дзяржавай народа», а з «дзяржавай для народа». Уся справа ў прыназоўніку.

Здавалася б, на што могуць паўплываць тры літары (зразумела, калі яны не напісаныя на плоце)? Але ж не варта спяшацца з высновамі. Слова «для» — гэта прыназоўнік, а значыць, службовая часціна мовы. У дадзеным выпадку прыназоўнік служыць дзяржаве. Ён дазваляе дзяржаве правесці мяжу паміж сабой, любай, і народам.

Для далейшага руху наперад без размовы наконт прыроды сучаснай беларускай дзяржавы нам не абысціся.

Нягледзячы на наяўнасць прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, такім чынам, і наяўнасць прадпрымальнікаў-прыватнікаў (буржуяў у тэрміналогіі XIX стагоддзя), беларуская дзяржава не з’яўляецца буржуазнай — гэта значыць прыладай для рабавання рабочых, сялян і іншых слаёў працоўных на карысць прадпрымальнікаў.

Наадварот, калі ўжо і казаць пра рабаванне, то ў спісе ахвяр дзяржавы на першае месца варта паставіць менавіта прадпрымальнікаў. Нездарма любыя спробы апошніх дапоўніць сваю эканамічную актыўнасць актыўнасцю палітычнай рашуча спыняліся яшчэ на досвітку фарміравання беларускай дзяржавы.

Дзяржава для народа, якая выйшла з савецкага наменклатурнага шыняля, тым не менш, не стала яго поўным клонам. Наменклатура, калі хто не ведае, за часамі СССР падзялялася на партыйную, савецкую і гаспадарчую, што — хай і са шматлікімі агаворкамі — але вяло да падзелу ўладаў. Не варта забываць і служэнне камуністычнаму культу, якое накладвала абмежаванні на бюракратыю.

На жаль, але ў дзяржаве, злучанай з народам прыназоўнікам «для», нават намёку на падзел уладаў не засталося. 

Таму пагодзімся з расійскім палітолагам Уладзімірам Пастуховым: «Формула, якая ўсё спрашчае, «дзяржава — гэта бюракратыя», пры якой улада сама сабе і крыніца натхнення, і вышэйшы суддзя, магла зацвердзіцца толькі ў наш час».

Незалежна ад таго, падабаецца гэта камусьці ці не, але варта прызнаць, што посткамуністычная дзяржава была больш свабоднай, чым яе папярэдніца, больш унутрана згуртаванай, і да таго ж не валодала абсалютнай манаполіяй на стварэнне арганізацый, перад якімі асобны чалавек безабаронны, бяспраўны і нямоглы. Менавіта таму не камунізм, а посткамунізм з’яўляецца эпохай апафеозу бюракратыі ў Беларусі.

І тут самы час прыгадаць Карла Маркса, які лічыў таямніцу ўсеагульным духам бюракратыі. Тое, што барадаты класік мер рацыю, пацвярджае і табліца, прыведзеная ў пачатку артыкула.