Алег Волчак: Мікалаю Аўтуховічу найперш трэба паправіць здароўе
Раніцай 8 красавіка на волю выйшаў палітвязень, былы прадпрымальнік і ветэран вайны ў Афганістане Мікалай Аўтуховіч. Ён правёў за кратамі 5 гадоў і 2 месяцы, адмовіўшыся прасіць аб памілаванні афіцыйнага беларускага лідара. Прычым, апошнія 2 гады Аўтуховіч знаходзіўся ў турме №1 горада Гродна. За гэта час стан здароўя вязня істотна пагоршыўся.
Адным з тых, хто прыехаў у Гродна, каб сустрэць Мікалая на волі, быў ягоны сябра, кіраўнік зарэгістраванай у Кіеве праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак, таксама ветэран вайны ў Афганістане.
“Ён выглядае пастарэўшым, відаць, пяць гадоў і два месяцы апошняга зняволення даліся яму вельмі сур’ёзна. Але відаць, што настрой у яго добры, ён спакойны, упэўнены, а ў вачах у яго дух нармальнага мужыка, — адзначае ў інтэрв’ю “НЧ” Алег Волчак. — Сустрэлі яго вельмі добра, ён не чакаў, што нават уноч прыедзе столькі людзей, у тым ліку журналістаў. Але, на жаль, мала было палітычных лідараў, праваабаронцаў, але і тое добра, як гэта адбылося”.
Па словах суразмоўцы, Мікалай зараз зведвае праблемы са здароўем, прынамсі, з зубамі і рукою:
— Ён пакутуе на болі, не можа ўздымаць руку, мы сёння ездзілі да хірурга, і зараз будуць думаць, што рабіць з гэтай рукою, — кажа Волчак. — Ужо ў аўторак а 17-й гадзіне ў Мікалая пачынаецца нагляд, тры разы на тыдзень ён будзе вымушаны адзначацца ў міліцыі, практычна не выязджаць з месца жыхарства. Вельмі сумна, што яму давялося адседзець за кратамі ўвесь тэрмін, хоць мы прыкладалі намаганні, каб вызваліць яго датэрмінова.
Атрымліваецца, што ў суме з першай адсідкаю ён па палітычных матывах, як лічым мы, праваабаронцы, правёў у няволі ні за што каля васьмі гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін. Фактычна толькі за тое, што пачаў змагацца з карупцыяй і выказваць сваё меркаванне, — падкрэсліў Волчак.
Пакуль Мікалаю яшчэ вельмі цяжка арыентавацца на волі, асабліва ў першы дзень па-за кратамі. Яму патрэбна некалькі дзён, каб агледзецца, паразмаўляць з рознымі людзьмі, каб разабрацца, што да чаго. “Чыста па-чалавечы ён быў, натуральна, вельмі шчаслівы, калі выйшаў на волю. Вельмі было кранальна, як ён сустрэўся са сваёй маці, ён надта хоча сустрэцца з дачкою, але яна вучыцца ў Польшчы, у яе зараз сесія, таму гэтая сустрэча адбудзецца крышачку пазней. Мы шчыра абняліся, нам — сустракаючым — падавалася, што час праляцеў хутка, але для яго гэта была цэлая вечнасць, як я лічу. Асабліва апошнія два гады, калі яго перавялі на турэмны рэжым. Для мяне ён сапраўдны лідар, і каб была крыху іншая ўлада, то такія людзі, як Аўтуховіч, былі б на найвышэйшых кіроўных пасадах у дзяржаве. У яго ёсць граматнасць, адукаванасць, дзелавітасць, мужнасць прымаць рашэнні ”, — упэўнены праваабаронца.
Год і чатыры месяцы Мікалай Аўтуховіч будзе знаходзіцца пад наглядам міліцыі. Праваабаронцы спрабуюць дабіцца змяншэння гэтага тэрміну праз суд, але не вельмі вераць у станоўчы для Мікалая сыход справы. Па словах Волчака, у наступным годзе павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары, таму ўлады будуць імкнуцца трымаць небяспечных для іх асобаў на кароткім павадку, да прыкладу, у выглядзе такога вось нагляду, як у дачыненні да Аўтуховіча. І ўсё ж сёння галоўнае для цяпер ужо былога палітзняволенага — гэта паправіць здароўе, падарванае ў засценках дзейнага тутэйшага рэжыму.