Мікалай Аўтуховіч не бачыць сябе ў якіх-небудзь палітычных арганізацых
Мікалай Аўтуховіч, які 8 красавіка выйшаў на волю з гродзенскай турмы пасля пяцігадовага зняволення, не бачыць сябе ў якіх-небудзь палітычных арганізацыях.
"Я ніколі не належаў ні да якіх
палітычных партый ці рухаў, — адзначыў былы палітвязень, адказваючы на пытанні падчас анлайн-канферэнцыі на сайце "Радыё Свабода". — На пачатку 2000-х гадоў у малых гарадах людзі
спадзяваліся, што ў апазіцыі ёсць план, які дапаможа беларусам змяніць жыццё да лепшага. Народ, па сутнасці, чакаў дакладнай каманды да дзеянняў. І варта сказаць, што такія чаканні асабліва
абвастраліся напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Але, як бачым, лідарам апазіцыі не хапіла кансалідацыі, рашучасці і дакладнай стратэгіі".
На пытанне, якая з дзейных у Беларусі палітычных
арганізацый яму бліжэйшая і на членства ў якой ён бы пагадзіўся, Аўтуховіч адказаў: "На дадзены момант я не бачу сябе ў палітычных арганізацыях, а таму устрымаюся ад ацэнак
дзейнасці партый і рухаў. Мне яшчэ патрэбны час, каб разабрацца, што адбывалася ў апошнія гады, пакуль у мяне не было доступу да інфармацыі".
Таксама былы палітвязень лічыць, што ў сённяшніх
умовах стварыць грамадскую арганізацыю былых воінаў-афганцаў "надзвычай цяжка". "Яе наўрад ці зарэгіструюць і дадуць нармальна працаваць. Я удзячны афганцам, якія
падтрымлівалі мяне ў турме. Але вельмі многія проста баяцца адстойваць свае правы. Я буду заўсёды дапамагаць афганцам, якія звернуцца да мяне", — сказаў ён.
Паводле "БелаПАН", фота - "Еўрарадыё"