978-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы акупавалі Гарняк і прасунуліся ў Часавым Яры

За мінулыя суткі Украіну абстрэльвалі больш за чатыры тысячы разоў.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Эканамічныя праблемы і недахоп чалавечых рэсурсаў могуць прымусіць кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна прыняць важныя пастановы аб тым, як забяспечыць рэсурсамі расійскую вайну ці змяніць спосаб вядзення вайны, каб захаваць стабільнасць яго рэжыму, пішуць спецыялісты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

«Выдаткі на падтрыманне вайны будуць расці, паколькі Расія працягвае выдаткоўваць чалавечыя рэсурсы і матэрыяльныя сродкі на фронце. Расійскія рэсурсы абмежаваныя, і Пуцін не можа не лічыцца з гэтымі выдаткамі бясконца доўга. Расійская эканоміка дасягне пункту выгарання. Гэты пункт выгарання нанясе велізарную шкоду грамадству, што можа прымусіць Пуціна прыняць важныя пастановы аб тым, як забяспечыць рэсурсамі расійскую вайну ці змяніць спосаб вядзення вайны, каб захаваць стабільнасць яго рэжыму».

Газета «The Washington Post» паведаміла 27 кастрычніка, што расійская эканоміка «знаходзіцца пад пагрозай перагрэву», адзначыўшы, што празмерна высокія ваенныя выдаткі Расіі стымулявалі эканамічны рост такім чынам, што прымусілі расійскія кампаніі штучна павышаць заробкі, каб задаволіць попыт на працоўную сілу, застаючыся канкурэнтаздольнымі на фоне высокіх заробкаў расійскіх вайскоўцаў. 

«The Washington Post» працытавала кіраўніка цэнтральнага банка Расіі Эльвіру Набіуліну, якая ў ліпені 2024 года папярэдзіла, што рабочая сіла і вытворчыя магутнасці Расіі «амаль вычарпаныя». 

«The Washington Post» адзначае, што прыватныя расійскія кампаніі імкнуцца не адставаць ад заробкаў вайскоўцаў і ўсё часцей вымушаныя прапаноўваць заробкі, якія ў некалькі разоў перавышаюць тыповыя сярэднія паказчыкі ў галіне.

ISW нядаўна паведаміў, што рэгіянальныя ўлады РФ значна павялічваюць аднаразовыя бонусы пры падпісанні кантракту для вайскоўцаў-кантрактнікаў з мэтай падтрымання тэмпаў разгортвання Узброеных сіл Расіі (прыкладна 30 000 вайскоўцаў на месяц).

«Гэта падкрэслівае той факт, што Расія не мае бясконцага рэзерву працоўнай сілы і павінна фінансава і сацыяльна лічыцца з пастаянным ростам выдаткаў на папаўненне страт на фронце за кошт розных шляхоў разгортвання Узброеных сіл.

Пуцін, хутчэй за ўсё, ацэньвае, што абвяшчэнне чарговай хвалі частковай мабілізацыі або ўвядзенне ўсеагульнай мабілізацыі будзе занадта дарагім для яго рэжыму, і таму звярнуўся да крыптамабілізацыйных намаганняў, якія, падобна, ствараюць усё большую і вялікую нагрузку на расійскую эканоміку ваеннага часу.

Нядаўняе з'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў на тэрыторыі Расіі і паведамленні пра іх разгортванне ў зоне баявых дзеянняў у Курскай вобласці яшчэ раз сведчаць пра тое, што ўся пуцінская сістэма генеравання сілы з'яўляецца вельмі крохкай».

***

27 кастрычніка расійцы акупавалі горад Гарняк Курахоўскай гарадской грамады Пакроўскага раёна Данецкай вобласці, паведамляе ТГ-канал «Deep State».

Таксама зафіксавана прасоўванне акупантаў у Сялідаве, Богаяўленцы, Новаўкраінцы, каля Шахцёрскага і Новааляксееўкі Данецкай вобласці.

Перад поўнамаштабным уварваннем расійскіх вайскоўцаў у горадзе Гарняк пражывала больш за 10 тысяч чалавек.

У верасні 2018 года ў Гарняку пабудавалі новую тэлевізійную вежу вышынёй 190 метраў. Гэтая вежа з'яўляецца самай высокай за час незалежнасці Украіны. Яна была прызначаная для трансляцыі ўкраінскіх тэлепраграм на часова акупаваную тэрыторыю Данецкай вобласці.

***

Выданне «The Wall Street Journal» мяркуе, што кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын спачатку адправіў у Расію маладых салдат ва ўзросце да 20 гадоў, якія не маюць належнай вайсковай падрыхтоўкі.

Адзначаецца, што, паводле відэа і звестак выведкі, іх падрыхтоўка засяроджвалася на забойствах і разбурэнні інфраструктуры ў горных рэгіёнах Паўднёвай Карэі, што рэзка кантрастуе з акопнай вайной на раўніннай тэрыторыі ўкраінска-расійскай мяжы. Большасць гэтых навабранцаў, верагодна, ніколі не пакідалі Паўночную Карэю, а яе армія абсталявана састарэлай звычайнай тэхнікай.

Міністр абароны Паўднёвай Карэі Кім Ёнг Хен, ацэньваючы вайскоўцаў, назваў іх «простым гарматным мясам».

Паводле звестак ЗША, Паўднёвай Карэі і Украіны, у гэтым месяцы ў Расію прыбылі прыкладна тры тысячы паўночнакарэйскіх вайскоўцаў.

Былы высокапастаўлены чыноўнік па пытаннях абароны Паўднёвай Карэі Джэймс Джэй Бі Парк мяркуе, што дыктатар Паўночнай Карэі хоча спачатку ацаніць унутраную рэакцыю на гэтую пастанову, а таксама рэакцыю Крамля, накіраваўшы тых, каго ўважае за «выдатковы рэсурс».

На яго думку, калі Уладзімір Пуцін запатрабуе дадатковых падмацаванняў або Кім наважыцца выканаць нядаўна ўзмоцненыя двухбаковыя абавязанні, гэтыя вайскоўцы пракладуць шлях для больш дасведчаных падраздзяленняў.

Выданне таксама адзначае, што дагэтуль незразумела, якую ролю будуць выконваць паўночнакарэйскія вайскоўцы. Не ўдзельнічаючы ў баявых дзеяннях, яны маглі б атрымаць досвед, назіраючы за выкарыстаннем беспілотнікаў і ўмовамі вайны, асабліва ў супрацоўніцтве з расійцамі, якія выкарыстоўваюць паўночнакарэйскія боепрыпасы і ракеты. Аднак прамы ўдзел Паўночнай Карэі ў баявых дзеяннях азначаў бы значную эскалацыю канфлікту, які доўжыцца ўжо больш за 2,5 года, падкрэсліваюць хаўруснікі ЗША і NATO.

***

Выведка Вялікабрытаніі ў сваім аглядзе ад 28 кастрычніка паведамляе аб прасоўванні расійскіх войскаў у горадзе Часаў Яр Данецкай вобласці.

Як паказана ў аглядзе, расійскія акупанты, верагодна, перасеклі канал у паўднёвай частцы Часавага Яру і наблізіліся да межаў горада.

У цэнтральнай частцы горада і ў раёне канала, верагодна, армія РФ ажыццявіла абмежаванае прасоўванне на захад ад канала ва ўсходнюю частку Часавага Яру.

Аднак вельмі верагодна, што за цэнтральную і паўночную часткі раёна канала працягваюцца жорсткія баі, і ў расійскіх акупацыйных сіл атрымліваецца замацавацца.

«З сярэдзіны ліпеня 2024 года і да нядаўняга часу расійскія войскі не маглі перасячы канал праз маштабныя абарончыя захады, прынятыя ўкраінскімі Узброенымі сіламі», — нагадваюць у брытанскай выведцы.

***

Генеральны сакратар NATO Марк Рутэ пацвердзіў прысутнасць вайскоўцаў з Паўночнай Карэі на тэрыторыі Расіі, у прыватнасці ў Курскай вобласці, піша «Еўрапейская праўда».

Рутэ расказаў, што раніцай дэлегацыя Паўднёвай Карэі праінфармавала NATO, а таксама Японію, Аўстралію і Новую Зеландыю аб тым, што яе службам вядома пра прысутнасць вайскоўцаў КНДР у Расіі і іх прыцягненне ў вайну.

«Сёння я магу пацвердзіць, што паўночнакарэйскія вайскоўцы былі адпраўленыя ў Расію і задзейнічаныя ў Курскай вобласці... Гэта значная эскалацыя ва ўцягнутасці КНДР у супрацьпраўную вайну Расіі. Гэта яшчэ адно парушэнне рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН. Па-трэцяе, гэта небяспечнае пашырэнне вайны РФ», — заявіў Рутэ.

«NATO заклікае Расію і КНДР неадкладна спыніць гэтыя дзеянні. Паглыбленне ваеннага супрацоўніцтва паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй — гэта пагроза і для ціхаакіянскай, і для еўраатлантычнай бяспекі», — дадаў генеральны сакратар.

Ён нагадаў, што перад тым КНДР давала Расіі боепрыпасы і балістычныя ракеты. «У абмен на гэта Пуцін дае Паўночнай Карэі вайсковыя тэхналогіі і іншую падтрымку для абыходу міжнародных санкцый», — адзначыў Рутэ.

Ён падкрэсліў, што ў гэтых умовах дэмакратычнаму свету важна аб'ядноўваць намаганні ў абарону агульных каштоўнасцей.

«Але, у той жа час, прыцягненне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на Куршчыне — гэта прыкмета росту адчаю Пуціна. Больш за 600 тысяч расійскіх вайскоўцаў забітыя ці атрымалі раненні ў вайне Пуціна, і ён не можа падтрымліваць наступ на Украіну без падтрымкі з-за мяжы... Саюзнікі ў NATO працягнуць падтрымліваць свабодную і незалежную Украіну, таму што бяспека Украіны — гэта наша бяспека», — сказаў Марк Рутэ.

Кіраўнік альянса дадаў, што пазней пагаворыць з прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёлем і ўкраінскім міністрам абароны Рустэмам Умеравым у кантэксце гэтых падзей.

***

За мінулыя суткі на фронце зафіксавана 144 баявыя сутыкненні, больш за ўсё — на Курахоўскім кірунку (37 атак), паведамляе Генштаб УСУ.

«Агулам, за мінулыя суткі зафіксавана 144 баявыя сутыкненні. Учора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах адзін ракетны ўдар з ужываннем адной ракеты, а таксама 91 авіяўдар, у прыватнасці, скінуў 184 КАБы. Акрамя гэтага, здзейсніў 4410 абстрэлаў.

Учора авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя Сіл абароны нанеслі адзінаццаць удараў па раёнах засяроджвання асабістага састав і ввт праціўніка, разбілі адзін пункт кіравання і адну артылерыйскую сістэму».

Мінулай ноччу Расія атакавала Украіну 100 дронамі: супрацьпаветраная абарона знішчыла 66 ударных беспілотнікаў ворага, яшчэ 24 лакальна страчана, 4 дроны вярнуліся ў РФ і Беларусь. Запускалі дроны з Курска, Арлал, Прыморска-Ахтарска.

Таксама Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі «адмінусавалі» 1 680 расійскіх акупантаў, спалілі 7 танкаў, 51 артылерыйскую сістэму і 40 ББМ. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 28.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 690 720 (+1 680) чалавек;
  • танкаў — 9 120 (+7) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 18 395 (+40) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 872 (+51) адз.;
  • РСЗА — 1 240 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 984 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 17 867 (+68) адз.;
  • крылатых ракет — 2 625 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 27 660 (+100) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 556 (+14) адз.

***

На працягу сутак акупанты нанеслі 378 удараў па 10 населеных пунктах Запарожскай вобласці, у выніку нападаў пацярпелі двое мужчын і жанчына, пашкоджаныя жылыя дамы і інфраструктура, напісаў старшыня Запарожскай АВА Іван Фёдараў у Telegram.

«Жанчына і двое мужчынаў параненыя ў выніку расійскіх нападаў па Запарожскім і Балагоўскім раёнах. На працягу сутак акупанты нанеслі 378 удараў па 10 населеных пунктах Запарожскай вобласці. Войскі РФ здзейснілі 7 авіяцыйных удараў па Гуляйполі, Малой Такмачцы, Рабоціне і Новадараўцы».

264 БпЛА рознай мадыфікацыі атакавалі Лабкова, Гуляйполе, Новаандрэеўку, Рабоціна, Малую Такмачку, Малінаўку, Новадараўку, Сладкае і Зялёны Гай.

Абстрэлам з РСЗА вораг накрыў Малую Такмачку.

106 артабстрэлаў захопнікі нанеслі па тэрыторыі Беленькага, Лабковага, Гуляйполя, Новаандрэеўкі, Рабоціна, Малой Такмачкі, Малінаўкі і Новадараўкі.

Паступіла 7 паведамленняў пра разбурэнні жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры.

***

28 кастрычніка расійцы ўдарылі «Шахедамі» па энергетычных аб'ектах крытычнай інфраструктуры Канатопскага раёна Сумскай вобласці, напісалі ў Сумскай АВА.

На месцы працуюць усе неабходныя службы. Праводзяцца аднаўленчыя работы.

Паводле звестак АВА, у выніку супрацьпаветраных баёў падраздзяленні СПА Сухапутных войскаў і Паветраныя сілы УСУ знішчылі 6 варожых «Шахедаў».

***

Расійцы ўвечары 27 кастрычніка і ў ноч на 28 кастрычніка ўдарылі кіраванымі авіябомбамі па Шаўчэнкаўскім, Салтаўскім і Халаднагорскім раёнах Харкава, а таксама з рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Тарнада-С» атакавалі горад Чугуеў Харкаўскай вобласці, у выніку чаго пацярпелі 21 чалавек, з іх пяцёра — дзеці.

У Халоднагорскім раёне горада Харкава працягваюцца аварыйна-выратавальныя працы. Паводле слоў мэра горадаІгара Церахава, пакуль вядома пра семярых пацярпелых, у тым ліку дзяўчыну 16 гадоў. Таксама акупанты пашкодзілі перакрыцці паміж 8 і 9 паверхамі шматкватэрнага дома і разбурылі тры кватэры.

Церахаў таксама паведаміў пра траіх параненых у Салтаўскім раёне і траіх — у Шаўчэнкаўскім.

Пасля кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінягубаўадзначыў, што ў Чугуеве ў выніку абстрэлу гарэла гаспадарчая пабудова. Пацярпелі 8 чалавек, з іх 5 дзяцей. Ад шпіталізацыі ўсе адмовіліся.

Паводле папярэдніх даных, расійцы білі па Харкаве ФАБ-250 з УМПК з Белгародскай вобласці РФ.

Акрамя таго, Чугуеў атакавалі з РСЗА «Тарнада-С». Там пацярпелі 8 чалавек, сярод іх — чацвёра хлопчыкаў 1, 6, 10 і 12 гадоў. У дзяцей дыягнаставалі вострую рэакцыю на стрэс. Таксама акупанты пашкодзілі прыватныя домаўладанні і гаспадарчыя пабудовы.

***

Увечары 27 кастрычніка расійскія войскі абстралялі цэнтр Херсона, у выніку чаго два чалавекі загінулі, чатыры атрымалі раненні, сярод іх — 13-гадовы хлопчык, напісаў кіраўнік Херсонскай гарадской ваеннай адміністрацыі Раман Мрочка ў Telegram.

Паводле даных следства, 27 кастрычніка каля 21:20 акупанты масіравана абстралялі Цэнтральны раён Херсона.

«У выніку абстрэлу загінулі дзве жанчыны ва ўзросце 50 і 71 гадоў. Раненні атрымалі яшчэ чацвёра грамадзянскіх, сярод іх 13-гадовы хлопчык. Пашкоджаныя чатыры шматпавярхоўкі і прыватныя жылыя дамы».

***

Дзве дзяўчынкі, 12 і 13 гадоў, атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару дронам-камікадзэ па Нікапалі Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік рэгіёна Сяргей Лысак.

«Паводле звестак следства, 28 кастрычніка 2024 года расійскія вайскоўцы атакавалі БПЛА г.Нікапаль. Асколачныя раненні атрымалі дзве дзяўчынкі 12 і 13 гадоў. Пашкоджаныя прыватныя дамы».

Паводле слоў Лысака, абедзвюх дзяўчат шпіталізавалі з аскепкавымі паражэннямі, стан сярэдняй цяжкасці. Цяпер лекары аказваюць ім усю неабходную меддапамогу.

***

Самая працяглая паветраная трывога ў Хмяльніцкай вобласці, якая доўжылася 11 гадзін, завяршылася знішчэннем 10 беспілотнікаў расійцаў, заявіў кіраўнік Хмяльніцкай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Цюрын.

«Сёння была самая доўгая паветраная трывога для Хмяльніцкай вобласці з пачатку вайны, працягласцю ў 11 гадзін. За гэты час нашы сілы СПА знішчылі 10 варожых БПЛА».

Цюрын паведаміў, што ў выніку расійскай дронавай атакі пашкоджаныя вокны ў жылым доме, памяшканне гаража і аўтамабіль. «Паведамленняў пра траўмаваных або загінулых не паступала», — дадаў чыноўнік.

Паводле даных маніторынгавага рэсурсу alerts.in.ua, з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года ў Хмяльніцкай вобласці паветраную трывогу аб'яўлялі 840 разоў, а яе агульная працягласць склала 44 дні і 21 гадзіну.