3 ліпеня — свята эклектычнай свядомасці
Ці з'яўляецца дата 3 ліпеня нацыянальным святам для беларусаў? Магчыма, калі-небудзь Днём Незалежнасці стане дата вызвалення Беларусі ад Лукашэнкі, лічыць адзін з апытаных Свабодай грамадзкіх дзеячаў.
Ці з'яўляецца дата 3 ліпеня нацыянальным святам для беларусаў? І калі насамрэч трэба святкаваць Дзень Незалежнасці Беларусі? З гэтымі пытаннямі Радыё Свабода звярнулася да вядомых
грамадзкіх дзеячаў.
«Безумоўна, тое, што Беларусь была вызвалена ад немцаў, гэта падзея станоўчая. Безумоўна, гэта трэба памятаць, і, магчыма, гэта трэба адзначаць. Але нельга навязваць гэтаму зусім іншыя
значэнні», — перакананы старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.
Ён упэўнены, што незалежніцкае значэнне прывязанае да гэтай даты штучна, а рэальных падставаў лічыць 3 ліпеня святам беларускай незалежнасці няма.
«Гэта ўсё ідзе ад такой эклектычнай свядомасці, якая сфармаваная пад уплывам савецкай прапаганды, калі людзей проста пазбаўлялі гістарычнай памяці і стваралася свядомасьць савецкага
народу», — падкрэслівае Колас.
Паводле ягоных слоў, гэты несапраўдны сэнс даце 3 ліпеня надаюць тыя колы, якія фактычна працягваюць у Беларусі «каляніяльную імперскую палітыку». Зроблена гэта дзеля таго, каб
не святкаваць сапраўдныя святы беларускай дзяржавы — такія, напрыклад, як Дзень Волі 25 сакавіка, калі сучасная Беларусь сапраўды пачала свой шлях да незалежнасці.
Намеснік старшыні Партыі БНФ, экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў перакананы, што сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі — менавіта 25 сакавіка 1918 году, дзень,
калі была абвешчана незалежнасць БНР. Што тычыцца даты 3 ліпеня, то палітык лічыць яе святам, але святам вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі, якое ня мае дачынення да беларускай
незалежнасці.
З ім згодны адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргей Вазняк:
«Да Дня Незалежнасці гэтая гістарычная дата, сама па сабе вельмі значная і вялікая для беларускага народу, не мае ніякіх адносінаў. Таму я 3 ліпеня адзначаю толькі дзень вызвалення ад
фашызму».
А вось пытанне, якую дату лічыць сапраўдным Днём Незалежнасці Беларусі, Вазняк называе спрэчным. Гэта можа быць дата ўтварэння БНР ці ўтварэння БССР, або дзень прыняцця Вярхоўным Саветам БССР
Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце — 27 ліпеня 1990 году.
«Паміж гэтымі датамі можна выбіраць, — адзначае Вазняк. — Але магчыма, што калі-небудзь Днём Незалежнасці стане дата вызвалення Беларусі ад Аляксандра Рыгоравіча
Лукашэнкі — магчыма, у будучыні будзе такое свята».
Сябра ГА «Фонд імя Льва Сапегі», былы дэпутат Мінгарсавету Андрэй Завадзкі нагадвае, што ў чэрвені 1944 году ў Мінску, яшчэ пры нямецкай акупацыі, адбыўся
Другі Усебеларускі кангрэс, які пастанавіў, што Беларусь павінна быць незалежнай. Між тым дзеянні савецкіх уладаў былі накіраваныя якраз на скасаванне беларускай незалежнасці.
«Трэцяга ліпеня — гэта, па сутнасці, дзень, калі адзін акупацыйны рэжым змяніўся іншым акупацыйным рэжымам (пры ўсёй павазе да людзей, якія баранілі радзіму і загінулі на гэтай
вайне). І сталінскі, і гітлераўскі рэжымы былі антычалавечымі, і немагчыма сказаць, што 3 ліпеня 1944 году шчасце абрынулася на беларускі народ», — кажа Завадзкі.
На яго думку, Дзень Незалежнасці Беларусі павінен святкавацца 25 сакавіка ці 27 ліпеня. Або наагул могуць адзначацца абедзве даты: напрыклад, у Літве адзначаюць і Дзень Незалежнасці, і Дзень
аднаўлення незалежнасці пасля савецкай акупацыі.
Не меней дзіўным Андрэй Завадзкі лічыць і другую афіцыйную назву свята 3 ліпеня — Дзень Рэспублікі:
«На маю думку, Дзень Рэспублікі — гэта дата, калі ўпершыню ў Беларусі замацоўвалася рэспубліканская форма праўлення. Такім днём лепей за ўсе было б прыняць 9 сакавіка, калі
выйшла Другая Устаўная грамата БНР, дзе Беларусь якраз і абвяшчалася рэспублікай», — упэўнены ён.
svaboda.org