Знойдзены альбом, з якога пачалася беларуская аўтарская песня
На Tuzin.fm інтэрнэт-прэзtнтацыя альбому «Першы сшытак», які запісаў Алесь Камоцкі на складзе бара Дзяржтэлерадыё БССР у 1986 годзе. Гэты першы альбом беларускай аўтарскай песні ў музычнай гісторыі, якасны запіс якога знайшоўся праз 30 год пасьля стварэння.
«Цяпер час іншых» – іранічна адзначае Алесь Камоцкі, узгадваючы свой першы альбом. Застаецца толькі здагадвацца, што мае на ўвазе вядомы беларускі паэт і выканаўца. Вымярэньні? Варункі? Песні? Відавочна, што для яго гэты альбом – мінулае, гісторыя. Для гісторыі ж беларускай аўтарскай песьні – пачатак, але пра гэта сам Алесь Камоцкі заўважае з прыроднай яму сціпласьцю, свядома пазбягаючы залішняга пафасу. Зрэшты, як і тады, у далёкія 80-я, «малады і пачынаючы», ён менш за ўсё думаў, што яго «Першы сшытак» стане пачаткам не толькі яго ўласнай дыскаграфіі, але і ўсёй гісторыі беларускай бардаўскай песні. Дамо слова аўтару.
На скрынках з пустымі бутэлькамі
– У далёкім 1986 годзе прыватныя студыі гуказапісу былі недаступныя з-за іх адсутнасці, існавалі яны пераважна ў марах. Рэальна гуказапісам займалася фірма «Мелодыя», але гэта далёка і не прабіцца. Бліжэй была студыя Беларускага радыё, скарыстацца якой было больш рэальна, але й там былі свае «але». Выпадак звёў зь Віктарам Баброўскім, які нейкім чынам здабыў добры пульт, мікрафоны і супэрпрыстойны па тых часах магнітафон. Усё гэта, як я разумею, належала тэлестудыі на Макаёнка, таму, кудысьці далёка мы гэта несьці не маглі, і запіс адбыўся на складзе бара тэлестудыі. Усе дэвайсы былі размешчаныя на скрынках з пустымі бутэлькамі, на іх жа і селі самі, і праз пару гадзін праца скончылася. З аднога боку хацелася лепшага, а з другога – магчымасці на той момант былі толькі такія. Але так ці інакш усё было запісана, і гэта быў мой першы альбом.
На цяперашняе вуха альбом гучыць трохі дзікавата. Але справа ў тым, што пульт у нас быў з эфектамі – на той час дзіковіна – і гукарэжысёру Віктару Баброўскаму, натуральна, вельмі хацелася з ім пагуляцца. Так, у некаторых месцах рэверс ня проста зашкальвае – ён падмяняе сабой усё. Але тым ня менш, на той час гэта была даволі клясная якасць. Прадстаўнікоў беларускай аўтарскай песні тады можна было пералічыць па пальцах: Мельнікаў, Сокалаў, Акулін, Бартосік, Сідаровіч, Шалкевіч…Аднак на той час, у 1986 годзе, падобнага альбома ніхто ня меў.
Ад Купалы да Дубаўца
– У той час на свае вершы яшчэ нічога не пісалася. Усе гэтыя 20 песень – прачытанне твораў іншых паэтаў. З падборам гэтых вершаў, дарэчы, таксама было вельмі цікава. Я, як тады, так і цяпер, не магу «сістэматычна» чытаць паэзію – ад старонкі да старонкі. Звычайна проста бярэцца кніжка, гартаецца, штосці не затрымлівае ўвагу, некаторыя вершы наадварот прыкоўваюць да сябе. Прыблізна так адбывалася і з гэтым альбомам, цягам шасці-сямі гадоў, пераглядаючы розныя кніжкі, я некаторыя вершы, з тых, што падабаліся, клаў, як мог, на музыку. Паціху іх набралася столькі, што наважыўся запісаць такую праграму, куды ўвайшлі песні на словы Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзімера Жылкі, Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча, Сяргея Дубаўца ды іншых выдатных паэтаў.
Гэта зараз, праз 30 гадоў, на цяперашні розум, я ўсведамляю, што бянтэжыцца не было ніякага сэнсу. Канечне, цяпер і спяваецца ня так, і пішацца ня так, і робіцца ня так… Але тады было не лепш і не горш. Тады было тады. І, дзякуй Богу, тыя гады зараз успамінаюцца вельмі па-добраму, і тагачасны мой юнацкі сорам – гэта абсалютна нармалёвая зьява.
«Перавыдаваць не мае сэнсу»
– Перавыданьне на CD гэтага альбома магло адбыцца празь дзесяць гадоў пасьля яго зьяўленьня. Але высьветлілася, што ў мяне нават нармальнай копіі не захавалася, і я шчыра думаў, што ніколі яе не знайду ў прыстойнай якасці. Але раптоўна, дзякуючы Ўладзю Баранічу, яна знайшлася! Так сталася, што менавіта гэты чалавек, з якім я далёка не кожны дзень размаўляю, роўна праз 30 гадоў падараваў мне яе на мой дзень народзінаў. Але сёння перавыдаваць і перазапісваць гэтыя песні мне падаецца бессэнсоўным. Іх час ужо быў. Цяпер час іншых.
Паводле Tuzin.fm