Забаронены канцэрт «Neuro Dubel»

Вялікі эксклюзіўны канцэрт гурта «Neuro Dubel», які мусіў адбыцца 19 жніўня ў Loft Cafe, адменены.



08048a9c5630ccb67789a198f35d30ec.jpg

Ведаючы пра тое, што гурт знаходзіцца ў спісе забароненых, арганізатары спадзяваліся, што ўлады заплюшчаць вочы на канцэрт у невялікай залі. Але надзеі на паляпшэнне сітуацыі не спраўдзіліся. Па словах арганізатара канцэрта Паўла Кашырына, яшчэ на мінулым тыдні адміністрацыя кавярні была выклікана на размову, падчас якой ім прапанавалі ў «добраахвотна-прымусовым» парадку адмовіцца ад правядзення мерапрыемства.
Арганізатары канцэрту звярнуліся з прапановай правесці канцэрт яшчэ ў тры мінскія клубы, але паўсюль ім адмаўлялі:
— Паранойя працягвае свае бясконцыя гастролі па ўсёй краіне, укараняючы страх і подласць. І няма гэтаму ні канца ні краю. Гаспадары клубаў, даведваючыся аб прапанове правесці ў іх канцэрт нашых сяброў, амаль адразу адмаўляюць. Іх можна зразумець. Яны баяцца. На іх не варта крыўдзіцца. Ім таксама не патрэбныя праблемы.
Але ў гэтым годзе гурт усё ж такі здолеў даць некалькі канцэртаў у Мінску. Адзін з іх адбыўся ў клубе «Мулен Руж», дзе яго замаскіравалі пад святкаванне дня народзінаў Аляксандра Кулінковіча, лідара гурта. Астатнія традыцыйна прайшлі ў маленечкім «Графіці», які можа змясціць толькі каля 60 чалавек.
Чарговы канцэрт гурта запланаваны на 29 жніўня ў клубе «Графіці». Гэты клуб — дзіўнае выключэнне з агульных правілаў. Нягледзячы на існаванне «чорнага спісу», свой першы мінскі канцэрт без Вольскага тут даў легендарны «N.R.M.», а на 21 жніўня запланаваны акустычны канцэрт Змітра Вайцюшкевіча.