Выстава «Душы маёй тварэнні…»
Прысвечаная да 85-годдзя з дня народзінаў мастака Янкі Раманоўскага, адкрылася вечарам 10 кастрычніка ў Мінску, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
Янка Раманоўскі (24.08.1928, Мінск – 25.06.1974) адыграў значную ролю ў станаўленні беларускай графічнай школы. Мастак быў адным з першых, хто пачаў працаваць у тэхніцы афорту.
Літаграфіі Раманоўскага «А хто там ідзе?..», «Малады Янка Купала ў Пецярбургу» і «Дума аб радзіме» прадстаўлены ў асноўнай экспазіцыі музея.
Сын малодшай сястры Янкі Купалы Леакадзіі Дамінікаўны Раманоўскай графік Янка Раманоўскі невыпадкова звяртаўся ў сваёй творчасці да купалаўскай тэматыкі. Па словах мастака, да апошняга
развітання ў 1941 годзе Янка Купала быў для яго першым крытыкам ды дарадчыкам.
Мастацкая частка выставы «Душы маёй тварэнні…» прадстаўляе графічныя і жывапісныя творы мастака з фондаў музея, сярод якіх партрэты
Янкі Купалы і сваякоў народнага паэта Беларусі, айчынных дзеячаў культуры, ілюстрацыі да твораў песняра.
Дакументальная частка экспазіцыі праз фотаздымкі і асабістыя рэчы графіка знаёміць наведвальнікаў з асяроддзем Янкі Раманоўскага.
Дырэктарка музея Алена Ляшковіч назвала выставу «незвычайнай, таму што
ў ёй прадстаўлена творчасць выбітнага мастака — таленавітага чалавека з сям’і
славутага Янкі Купалы, што нам асабліва радасна». Паводле яе слоў, апошняя выстава
прысвечаная 50-годдзю Янкі Раманоўскага, адбылася ў музеі ў 1978 годзе.
Алена Ляшковіч нагадала, што тады ў кнізе водгукаў пра выставу і мастака, які ўжо сышоў з жыцця, напісаў народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін:
Паводле слоў галоўнай рэдактаркі часопіса «Маладосць» Святлана Дзянісавай, з 1960 па 1974 гады Янка Раманоўскі працаваў мастацкім
рэдактарам часопіса і паспрыяў станаўленню многіх беларускіх творцаў. «Мастак вылучаўся сваёй прастатою і шчырасцю інтэлігентнага і шляхетнага чалавека, які мог
радавацца чужому поспеху. Да яго заўсёды цягнуліся людзі і ён адчуваў іх глыбіню», — сказала рэдактарка часопісу.
Паводле слоў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, Янка Раманоўскі быў адным з першых выпускнікоў Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту. «Ён адыграў вялікую ролю ў маім жыцці, бо з студэнцкай пары я супрацоўнічаў з
“Маладосцю” і больш дзесяці гадоў афармляў нумары гэтага часопісу. У рэдакцыі “Маладосці” заўсёды можна было сустрэць людзей, якімі ганарыцца сённяшняя Беларусь, у
тым ліку Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна і Сяргея Грахоўскага. Сярод такіх славутасцяў ён быў сваім, бо любіў Беларусь, душэўна, добразычліва і з разуменнем адносіўся да сваёй працы і працы
другіх людзей. А як творца, гэты сціплы чалавек стаў першаадкрывальнікам тэмы Янкі Купалы ў беларускім нацыянальным выяўленчым мастцтве», — падкрэсліў Васіль Шаранговіч.