Выстава-даследаванне Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»
Лятучы ўніверсітэт запрашае на выставу мастака і дызайнера Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі», якая адкрыецца ў галерэі Беларускага Саюза Дызайнераў (вул. Брылеўская, 14, уваход са двара) 28 лютага ў 19.00.
Што такое «колер»
і чаму ён феномен культуры? Якія колеры першымі атрымалі свае імёны ў нашых
далёкіх продкаў? Чые каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Якім
чынам колеры фармуюць самаідэнтычнасць?
«Колер Беларусі» — гэта міждысцыплінарнае даследаванне Міхала Анемпадыстава:
— Я даследую гісторыю і ролю колераў у беларускай культурнай традыцыі, ці, калі быць дакладным, у тых культурных традыцыях, якія ўтваралі аснову для паўстання беларускай культуры і з’яўляюцца яе неад’емнымі часткамі.
На выставе будзе прадстаўлена візуальная частка даследавання — аб'екты, якія з'яўляюцца носьбітамі ўлюбёных колераў беларускай культурнай традыцыі. Носьбіты гэтыя розныя. Некаторыя з іх архетыпічныя, а разам з тым, настолькі звычайныя, што мы перасталі звяртаць на іх увагу. Іншыя забыліся, зацерліся, зафарбаваліся пазнейшымі культурнымі напластаваннямі і чакаюць на сістэмнае, руплівае аднаўленне. Трэція маюць патрэбу ў дадатковым паясненні кантэксту, семантыкі і сэнсаў.
Выстава папярэднічае выхаду ў свет аднайменнай манаграфіі, прэзентацыя якой плануецца ў сакавіку сёлета. Працягнецца выстава «Колер Беларусі» да 24 сакавіка.
Уваход вольны.
Кантакты:
+375447424832, lizavieta.n@gmail.com (Ліза Неўмяржыцкая)
flyuniby@gmail.com
Падрабязную інфармацыю пра выставу «Колер Беларусі» і падзеі ў яе межах шукайце на сайце www.fly-uni.org
Міхал Анемпадыстаў — культурны дзеяч, дызайнер, графік, паэт, аўтар тэкстаў і канцэпцыі праекта «Народны Альбом».
Выстава «Колер Беларусі» ладзіцца ў межах Міжнароднага праекта па развіцці культурнай спадчыны CHOICE.