Выйшаў зборнік замежнага дэтэктыўнага апавядання

«Так, у нас тут, безумоўна, забіваюць. Ну, і крадуць усё, што кепска ляжыць альбо старанна ахоўваецца: дыяменты, лісты, партсігары, галёшы і грошы. А яшчэ ў нас смяюцца — бо, як гэта ні парадаксальна, нават забойства можа зрабіцца крыніцай добрага настрою. Прынамсі для чытача».



zla4ynstva.jpg

 У бібліятэцы часопіса «ПрайдзіСвет» «PostScriptum», а таксама ў бібліятэцы Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» выйшаў зборнік дэтэктыўнага апавядання «Злачынства, сэр!» (выдавецтва «Кнігазбор»).
Зборнік часткова дублюе творы, змешчаныя ў дэтэктыўным нумары часопіса «ПрайдзіСвет» «Art detected» (27 сакавіка 2012), аднак уключае таксама новыя пераклады.
Раней у серыі «PostScriptum» выйшаў зборнік выбраных твораў Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці» («Кнігазбор», 2011).

Пра кнігу


Кніга «Злачынства, сэр!» складаецца з дзвюх частак: першая, аднайменная, змяшчае класічныя і сучасныя дэтэктыўныя апавяданні, другая, пад назвай «Бясчынства, сэр!», — пародыі на дэтэктыўны жанр. У дадатку прадстаўленыя два рэцэпты напісання добрых дэтэктыўных твораў. Прадмову да кнігі пад назвай «Пра бездакорнасць метаду» напісала Кацярына Маціеўская, укладальнік зборніка — Ганна Янкута.
Канцэпцыя зборніка «Злачынства, сэр!» грунтуецца на меркаванні, што дэтэктыўнае апавяданне — неабавязкова жанр масавай літаратуры. Для зборніка абіраліся творы, якія паказваюць дэтэктыў з розных бакоў, дэманструюць розныя эпохі і аўтарскія стылі і аб’ядноўваюцца нетрывіяльнасцю падыходу да прахаднога, здавалася б, жанру. У кнізе можна знайсці і так званы протадэтэктыў — апавяданне Э. Т. А. Гофмана «Мадэмуазель дэ Скюдэры» (пераклад Аляксея Жбанава), у якім толькі-толькі з’яўляюцца першыя прыкметы жанру, які неўзабаве зробіцца ці не самым папулярным, і два апавяданні аднаго з бацькаў дэтэктыву Эдгара По, і класічныя творы прадстаўнікоў жанру Г. К. Чэстэртана і Э. Куіна, і апавяданне вядомага (праўда, зусім не гісторыямі пра крадзяжы і забойствы) чэшскага празаіка Карэла Чапэка (пераклад Надзеі Кахновіч), і твор амерыканца Ф. Стоктана «Панна ці тыгр?» (пераклад Юлі Цімафеевай), якое ўваходзіць у самыя знакамітыя анталогіі амерыканскага апавядання, і ўзоры сучасных мадыфікацыяў жанру — творы В. Такарчук, Д. Клугера, М. Бліні.
Раздзел «Бясчынства, сэр!» змяшчае вядомыя класічныя пародыі на гісторыі пра Шэрлака Холмса, напісаныя Б. Гартам, Р. Стаўтам, Ж. Жыраду і А. Аверчанкам, а таксама вялікую аповесць славацкай пісьменніцы Даніэлы Капітанявай «Забойства ў Жлуктаве» (пераклад Сяргея Сматрычэнкі), у якой аўтарка прымушае самых знакамітых дэтэктываў усіх часоў і народаў (сярод якіх — не толькі згаданы ўжо Шэрлак Холмс, Эркюль Пуаро, міс Марпл, Нэра Вулф, камісар Мегрэ, але і герой новага часу камісар Каломба і нават агенты ФБР Малдэр і Скалі) расследаваць загадкавае забойства ў маленькім славацкім мястэчку Жлуктаў.
Кнігу ўжо можна набыць у шэрагу кнігарняў Мінска.
prajdzisvet.org