«Воплі відоплясова» заспявалі па-беларуску (фота)
Легендарны ўкраінскі рок-гурт «Воплі відоплясова» выступіў 11 лютага з вялікім канцэртам у мінскім PrimeHall. Музыкі падрыхтавалі шмат адмысловых сюрпрызаў для беларускай сцэны.
Перад пачаткам канцэрта лідар гурта Алег Скрыпка і гітарыст Яўген Рагачэўскі пагутарылі з журналістамі. Першае жа пытанне было звязана з затрыманнем Сяргея Жадана міліцыяй і забаронай на ўезд у Беларусь. Музыкі мяркуюць, што за справай стаіць Масква і беларускія дыпламаты ўжо шкадуюць аб учынку.
Літаральна праз гадзіну Жадану анулявалі дэпартацыю з нашай краіны.
Таксама Алег распавёў, што мае беларускія карані. Яго продкі паходзяць з Гомельшчыны. Яму вельмі спадабалася песня Naviband «Гісторыя майго жыцця», якая паедзе ў Кіеў на «Еўрабачанне». Усю прэс-канферэнцыю музыкі вельмі хвалілі Беларусь, нашыя тавары, культуру і мову. «Самая блізкая да ўкраінскай мовы — беларуская», — упэўнена адказаў Скрыпка.
На канцэрт многія гледачы прыйшлі з беларускай і украінскай сімволікай і ў вышыванках.
Сам спадар Скрыпка прызнаўся, што дома носіць менавіта нацыяльнае адзенне, у тым ліку і беларускае.
Беларускую вышыванку ён набыў у мінскай сувернірнай краме. У канцы выступу яму падаравалі папулярную цішотку «Слухай сваё». На канцэрце луналі і ўкраінскія сцягі, а ў нейкі момант і бел-чырвона-белы з гербам «Пагоня».
Ужо фактычна на біс «Воплі відоплясова» ўпершыню сыгралі «Танцы» па-беларуску. Кампазіцыю адмыслова пераклаў паэт Алесь Плотка. У гэтым момант Скрыпка паклікаў публіку на сцэну і распачаліся сапраўдныя танцы.
Скончыўся канцэрт невялікім сюрпрызам: музыкі запрасілі на сцэну дзіцячы ансамбль «Сунічка» і разам выканалі беларускамоўную версію песні «Краіна мрій».