Пасольства і МЗС Украіны рыхтуюць ноту пратэсту з нагоды затрымання Жадана
Украінскае пасольства ў Беларусі і Міністэрства замежных спраў (МЗС) Украіны пачалі рыхтаваць ноту пратэсту ў сувязі з затрыманнем у Мінску літаратара Сяргея Жадана.
Пра гэта на сваёй старонцы ў фэйсбуку распавяла віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны Ірына Герашчанка.
«Толькі што гаварыла з прадстаўніком нашай амбасады ў Беларусі Валерыем Жыгуновыс. Ён пацвердзіў, што Сяргея Жадана затрымалі ў Мінску, што ён правёў ноч у Ленінскім райаддзеле міліцыі ў Мінску. Амбасада толькі што пра гэта даведалася, паколькі, на жаль, сям'я не звярталася да яе раней, а беларусы не далі інфармацыі аб затрыманні грамадзяніна Украіны, што, безумоўна, з'яўляецца парушэннем», — напісала Герашчанка.
Паводле яе слоў, МЗС ужо дало даручэнне, каб работнікі амбасады суправаджалі паэта ў аэрапорт і да перасячэння мяжы. А пасольства і МЗС Украіны ўжо рыхтуюць ноту з гэтай нагоды.
«Усе гэтыя спісы з'яўляюцца зневажальнымі, ФСБ такім чынам стварае фон для пагаршэння нашых двухбаковых адносінаў з Беларуссю, гэта таксама адна з мэтаў, пагаршэнне адносінаў Мінска і Кіева. Думаю, украінскаму боку варта падняць пытанне недапушчальнасці падобных спісаў, калі РФ і ФСБ вырашае, хто з украінцаў мае права наведваць Беларусь», — падкрэсліла Ірына Герашчанка.