Вежы Прывакзальнай плошчы ў Мінску — пад пагрозай «ушчыльнення»

Такую думку ў інтэрв'ю Радыё Свабода выказаў мастацтвазнаўца і даследчык архітэктуры Сяргей Харэўскі, каментуючы планы па забудове ўчастку ў раёне Прывакзальнай плошчы.



5ba3ad91_c799_49af_a14a_d006c46880ca_w640_r1_s_cx0_cy10_cw0.jpg

Як паведамляе агенцтва «Минск-Новости», у двары адной з вежаў, што насупраць чыгуначнага вакзалу, будзе пабудаваны жылы дом. Прадстаўнікі кампаніі, якая выйграла тэндэр на будаўніцтва, заяўляюць, што новы будынак па вышыні будзе такі самы, як навакольныя дамы.

Але Сяргей Харэўскі сумняваецца, што будаўнікі выканаюць свае абяцанні:

«Ёсць заўсёды такія праблемы, што тое, што прапануецца, не адпавядае таму, што ўрэшце будзе пабудавана. Ёсць усякія тонкасці і хітрасці, паводле якіх можна на карцінцы зменшыць тую ж вышыннасць. А насамрэч тыя, хто будуецца ў цэнтры, зацікаўленыя ў як мага большай вышыні».

На думку Харэўскага, будаваць дом у двары адной з вежаў на Прывакзальнай плошчы наагул не трэба.

«Вядома, так рабіць нельга, таму што антрапагенная нагрузка на гэты раён расце, знішчаюцца зялёныя зоны. Тым больш, калі будзе пабудаваны дом, то спатрэбяцца і паркінгі. То бок не трэба быць прарокам, каб зразумець, што будзе знішчана шмат дрэваў, якім пад 50 гадоў (гэта будзе экалагічная шкода), будзе павялічана колькасць аўтамабіляў. І потым узнікае пытанне: чаму нельга пабудаваць такі самы дом у суседнім двары? Усе гэта я лічу катэгарычна непрымальным», — падкрэсліў ён.

Харэўскі лічыць усё гэта яшчэ адной праявай дэградацыі мінскага горадабудаўніцтва. Пачалося гэта яшчэ са зносу старога Віленскага вакзалу, а таксама імпазантнага будынка аўтавакзалу, які быў часткай архітэктурнага ансамбля. Нарэшце побач быў пабудаваны хмарачос, які змяніў саму дамінантную пазіцыю дзвюх вежаў на Прывакзальнай плошчы, кажа ён.

«Усё, што было зроблена за апошнія 25 гадоў, — гэта знішчэнне ўнікальнага горадабудаўнічага ансамбля, які пачынаў стварацца яшчэ з царскіх часоў. Усё гэта вельмі хутка зруйнавалі, знішчыўшы тым самым адзін з найкаштоўнейшых ансамбляў Мінску, які насамрэч паўстагоддзя быў візітоўкай нашага гораду і мог бы такім і заставацца. А цяпер мы бачым тэндэнцыю да татальнай дэградацыі і самога жыллёвага асяроддзя, і архітэктурнай думкі, якая не ўлічвае такія рэчы, як ансамблевасць, стыль і г. д., а толькі множыць праблемы — транспартныя, экалагічныя і, урэшце, людскія», — адзначае даследчык архітэктуры.

Паводле слоў Харэўскага, тыя, хто жыве ў раёне Прывакзальнай плошчы, ужо сутыкнуліся са шматлікімі праблемамі ў выглядзе «перапрафілявання колішніх крам, паліклінік, дзіцячых садкоў пад розныя офісы і іншыя патрэбы». «Тым, хто там жыве, ужо вельмі некамфортна. З колішняга элітнага раёну ён ператварыўся ў раён павышанай экалагічнай і псіхалагічнай нагрузкі», — лічыць Сяргей Харэўскі.

www.svaboda.org