«Вялікае Княства Паэзіі»: Халіфы на гадзіну, паветраныя качэўнікі
«Вялікае княства паэзіі» («Magnus Ducatus Poesis») — міжнародны паэтычны фестываль, сутнасць якога — звязаць у часе і прасторы сучасную культуру краінаў-спадкаемцаў Вялікага княства Літоўскага. ВКП — вандроўны праект. Ён быў задуманы і распачаўся ў 2005 годзе ў Мінску і за чатыры гады — праз Вільню, Кракаў, Кіеў, Львоў і нават Харкаў ды зноў Вільню, зрабіўшы кола, вярнуўся «на радзіму». Яго ўдзельнікі — паэты і музыкі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. 23 кастрычніка ў Мінску адбудзецца чарговая вечарына ВКП.
«Вялікае княства паэзіі» («Magnus Ducatus Poesis») — міжнародны паэтычны фестываль, сутнасць якога — звязаць у часе і прасторы
сучасную культуру краінаў-спадкаемцаў Вялікага княства Літоўскага. ВКП — вандроўны праект. Ён быў задуманы і распачаўся ў 2005 годзе ў Мінску і за чатыры гады — праз Вільню, Кракаў,
Кіеў, Львоў і нават Харкаў ды зноў Вільню, зрабіўшы кола, вярнуўся «на радзіму». Яго ўдзельнікі — паэты і музыкі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. 23 кастрычніка ў
Мінску адбудзецца чарговая вечарына ВКП. Гэтым разам — для шырокай аўдыторыі, у вялікай залі: раней чытанні фестывалю насілі хутчэй камерны характар.
Напярэдадні падзеі мы звязаліся з паэтамі, што будуць прадстаўляць у Мінску чатыры краіны, чытаючы як свае ўласныя вершы, так і іх пераклады на родныя мовы. Па нашай просьбе ўдзельнікі ВКП
адказваюць на пытанні: «Як вы разумееце метафару «Вялікае княства Паэзіі »? Які сэнс вы ўкладаеце ў свой удзел у фестывалі з такой назвай?»
Уладас Бразюнас (Вільня, Літва)
паэт, перакладчык, адзін са стваральнікаў канцэпцыі фестывалю
— «Magnus Ducatus Poesis» я б ахарактарызаваў як
супольнасць паэтаў і перакладчыкаў паэзіі, музыкаў, мастакоў, іншых творцаў, стваральнікаў і крытыкаў мастацтва народаў Цэнтральнай Еўропы — літоўскага, беларускага, латышскага (і
латгальскага), польскага, рускага, украінскага і іншых (уключна з нацыянальнымі меншасцямі гэтых краін). Гэта супольнасць ствараецца на аснове этычных і эстэтычных каштоўнасцяў, а таксама, паводле
словаў літоўскай літаратуразнаўцы Ванды Забарскайтэ, «на аснове рэспубліканскіх ідэй ВКЛ — свабоды, талерантнасці і такіх каштоўнасцяў, як чалавечая годнасць і грамадзянскі
абавязак».
Усё гэта — як бы субстрат, які не кідаецца ў вочы, падмурак, на якім будуецца гмах паэзіі (у шырокім сэнсе), паэзіі, што яднае, дапамагае пераступіць межы чалавечай замкнёнасці,
непаразумення… Які сэнс я ўкладаю ў свой удзел у паэзіі? О, гэта пытанне ўсяго жыцця.
«Творчая візітоўка» Уладаса Бразюнаса:
Балцкія мовы
словы дадзеныя балтам
нібы латнікі з малітвай
каранямі пад асфальтам
шлях накрэсляць па зямлі твой
выбухныя быццам бомбы
ў ночы чуюцца чужой
калі б мог іх піў нагбом бы
за латышскаю мяжой
мкнуў бы ў неба склон кульгавы
вінавальны без віны
й даўгавечнаю Даўгавай
разгайдаў званы Дзвіны
родны творны жыццядайны
ўсе выбалтывают тайны
бы вяслуючы на роўных
у балтыйскіх чорных чоўнах
Пераклаў з літоўскай Андрэй Хадановіч
Богдан Задура (Пулавы, Польшча)
паэт, перакладчык
— Гэта вельмі прыгожая назва, якая з аднаго боку выслаўляе
годнасць паэзіі, а з іншага, дзякуючы гістарычнай асацыяцыі, кажа пра міжнародную супольнасць. Гэта метафара супрацоўніцтва па-над межамі і мовамі.
Часам логіка падказвае мне ставіць пад сумнеў сэнс свайго ўдзелу ў гэтым праекце. Ехаць шмат гадзін у цягніку, каб прачытаць адзін верш і адзін, два пераклады? Але, з іншага боку, гэта шанец
паслухаць вершы сяброў, пабачыць іх, пагаварыць, даведацца пра штосьці новае. Знайсці нешта, што хацелася б перастварыць па-польску. А трапіць у прыгожа выдадзеную анталогію «Magnus Ducatus
Poesis» — гэта таксама рэч, вартая творчай працы.
«Творчая візітоўка» Богдана Задуры
Дзюймовачка
маё дзіця
вельмі ўсхваляванае
запаўняе літаратурны дзённік
настаўніца казала
што трэба ўпісаць
назву аўтара
і пару сказаў
ну й напішы
але што мне напісаць
ну напішы
кніжка мне спадабалася
таму што
я напішу што
не спадабалася
бо Дзюймовачка не выйшла замуж за сына
Жабы а выйшла за Прынца Эльфаў бо гэта
глупая кніжка бо ў ёй перамагло дабро
а не зло
майму дзіцяці
праз тры месяцы спаўняецца дзевяць гадоў
а яно ўжо ведае што хоча напісаць
і я не ведаю што сказаць на гэта
Пераклаў з польскай Андрэй Хадановіч
Сяргей Прылуцкі (Брэст, Беларусь)
паэт, празаік
— «Вялікае княства Паэзіі» для мяне не
столькі віртуальнае дзяржутварэнне, колькі такая сабе віртуальная паэтычная міні-партыя. Праўда, партыя гэтая больш падобная да зборышча анархістаў, якіх аб’ядноўвае адна рэч: вернасць
паэзіі і самім сабе. А сэнс удзелу — пабачыць камрадаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і абмеркаваць далейшую стратэгію паэтычных кантактаў з рэчаіснасцю.
«Творчая візітоўка» Сяргея Прылуцкага
Контурная карта памяці
Калі ты забудзеш гэтыя перапынкі
ў жыццёвых раскладах, мілосную клаунаду
кароткіх сустрэч, тыя пляжы й будынкі,
дзе мы кармілі похапкі нашу пажаду, —
пастаў сцяжок на мапе маёй краіны,
як напамін, што нас прывялі да згубы
гэтыя словы, падобныя на руіны,
гэтыя фразы, распалыя, быццам трупы.
Мы не сядзецьмем болей каля вакзалу,
калі на рукох квіткі — і тыя чужыя.
Усе тыя ночы, каторых так не хапала,
усе вар’яцтвы, каторымі даражылі —
адзінае, што мы мелі і што ўмелі.
Мы спалі ў вагонах і на пясочным кварцы.
Кожнае раніцы неба над намі блішчэла
залатою фіксою свайго паўднёвага сонца.
Нашы будні былі феерычнаю стужкай навінаў.
Мы чыталі ўсё акрамя гараскопаў на заўтра.
Але ведалі, час нічога па нас не пакіне
акрамя падрабязнае анатамічнае карты.
І цяпер я сяджу ў кавярні і мімаволі
згадваю нашы вясёлыя эскапады.
Пра мілосць, якая, змяніўшы яўкі й паролі,
забыла пакінуць новыя каардынаты.
Астап Слівінскі (Львоў, Украіна)
паэт
— У дадатак да ўсіх гістарычных і геакультурных
прывязак, «Вялікае княства Паэзіі» — гэта можа быць і такая сабе антыплатонаўская ідэя. Платон, як вядома, не любіў паэтаў, а яны ўзялі і стварылі сваю дзяржаву, у той час
як філосафам гэта так і не ўдалося. Праўда, я сумняюся, што паэтам удалося б адваяваць дзесьці для яе хоць бы лапік зямлі, а яшчэ больш сумняюся, што камусьці было б зручна там жыць. Лепш за ўсё
ўяўляць сабе гэту дзяржаву падобнай да каганата, паветранай качавой краіны без каардынат і сталай прапіскі, дзе кожны — халіф на гадзіну. Уласна, так яно і ёсць.
Мар’яна Саўка (Львоў, Украіна)
«Творчая візітоўка» Мар’яны Саўкі
* * *
Там дрэвы ў срэбных зморшчынах кары.
Там цвыркуны ў крыжах жывуць старых.
Траву яшчэ анёлы не касілі,
а далягляд крануў туманец сівы.
...я легла б некалі на гэтым цвінтары...
Як дзень прыляжа, каб заснуць да ранку,
у коўдру загарнуўшыся з барвянку
і зорка божая асвеціць тры
пагоркі з вёскай, тая дагары
падыме твар, каб зноў перажагнаць іх —
усіх, хто ўжо ў зямлі, на небе або ў хаце —
ці то абліччы, ці то дрэварыты.
Імёны іхнія навек адбіты
у кнізе смутку і радасці, дзе квіты
ўсе ворагі, забойца і забіты,
вядзьмаркі, немаўляты, святары.
...я легла б некалі на гэтым цвінтары...
Пераклаў з украінскай Уладзімір Арлоў
----------------------------------------------------------------------------------------
Міжнародны фестываль
«ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ПАЭЗІІ»
Уладзімер Арлоў, Вера Бурлак, Віктар Жыбуль, Сяргей Прылуцкі, Андрэй Хадановіч (Беларусь)
Уладас Бразюнас, Вітас Дэкшніс,
Антанас А. Ёнінас, Данатас Пятрошус,
Альвідас Шляпікас (Літва)
Яцэк Гутараў, Богдан Задура,
Лешак Энгелькінг (Польшча)
Дмытро Лазуткін, Мар’яна Саўка,
Астап Слівінскі (Украіна)
Музыка: Сяргей Пукст (Беларусь)
23 кастрычніка
Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, тэатр-студыя Я. Міровіча
пр. Незалежнасці, 81 (ІІ паверх)
Пачатак а 19.00 гадзіне
Уваход вольны