«Віза ў Вырай» Ганны Сілівончык (фота)
У галерэі "Прадмесце" (Мінск, вул. Старажоўская, 6) 17 лістапада адкрылася выстава Ганны Сілівончык "Віза ў Вырай".
Ганна Сілівончык — маладая, але ўжо папулярная мастачка. Творчасць Ганны дорыць пазітыўны і ўзнёслы настрой. І адначасова не пазбаўлена зместу і думкі, у чым пераконвае тлумачэнне канцэпцыі выставы.
“Людзі з даўніх часоў з зайздрасцю і захапленнем глядзелі на птушак і бачылі ў іх загадкавых і містычных істот. У міфапаэтычных традыцыях шматлікіх народаў птушка займае значнае месца. Шмат дзе мы сустракаем старажытны касмаганічны міф аб узнікненні з яйка сусвету і птушках-дэміургах. На Сусветным дрэве птушка знаходзіцца на яго вяршыне і супрацьпастаўляецца хтанічным істотам, часцей за ўсё змеям, месца якіх было ў каранях дрэва. Птушкі могуць з'яўляцца багамі, веснікамі багоў, героямі, пераўтворанымі людзьмі, татэмнымі продкамі, праваднікамі душ і г.д.
Мы ведаем мноства казачных, чароўных і прарочых птах, але і самыя звычайныя не такія простыя як здаецца на першы погляд. У прадстаўленні славян толькі птушкі і змеі пры жыцці кожны год на зімоўку трапляюць у Вырай - цудоўную мясціну, куды накіроўваюцца душы ўсіх памерлых, міфічную краіну вечнага лета і цяпла. Толькі яны могуць атрымаць шматразовую «Візу ў Вырай» — чароўны квіток у неверагоднае і дзівоснае. Цікава, што душы людзей, адлятаючы ў Вырай, пераўтвараюцца ў птушак. У фальклоры сустракаецца матыў замыкання і адмыкання Вырая, залатымі ключамі ад якога валодае часцей за ўсё жаваранак. «Выраем» зваўся і птушыны клін, што ляціць у цёплыя краі".
Выстава будзе працаваць да 30 лістапада. Раім яе абавязкова наведаць!