Вераснёўскі «Верасень»
12 верасня на сядзібе ТБМ у межах кампаніі «Будзьма беларусамі!» быў прэзентаваны чацвёрты нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Верасень».
«Верасень» — адзін з самых маладых літаратурных часопісаў краіны. Па традыцыі ў яго чарговы нумар увайшлі як творы маладых аўтараў, так і ўжо сталых і
вядомых творцаў. Паэтычная частка нумара амаль цалкам складаецца з твораў маладых аўтараў, хаця там знайшлося месца і для творчасці такога вядомага беларускага паэта, як Леаніда
Дранько-Майсюка. Проза таксама ў большасці студэнцкая, затое вось пераклады, крытыка, публіцыстыка і эсэ прадстаўлены больш вядомымі аўтарамі.
Сярод перакладаў варта адзначыць вершы ўкраінскага паэта Васіля Стуса ў перакладзе Сяргея Законнікава. Герой Украіны, пасмяротна ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй імя
Тараса Шаўчэнкі Васіль Стус пакінуў яскравы след у гісторыі сваёй краіны. У 1972 годзе за сваю актыўную палітычную дзейнасць ён быў арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў зняволення. Літаральна праз год
пасля вызвалення яго зноў асудзілі, цяпер ужо на 10 год. Памёр Васіль Стус у 1985 годзе, на другі дзень галадоўкі ў карцэры лагера ў Пермскай вобласці. Вершы Васіля
Стуса, цяжкія і сумныя, вельмі яскрава адлюстроўваюць той боль, які пранізваў яго сэрца, сэрца сапраўднага патрыёта сваёй краіны.
У рубрыцы крытыкі, публіцыстыкі і эсэ варта звярнуць увагу на запіс незвычайнай гаворкі з Уладзімірам Някляевым, у якой ён на ўсе пытанні адказваў радкамі са сваіх вершаў. Вартыя
ўвагі і знайшоўшыя тут месца журналісцкія творы — маладая мікашэвіцкая журналістка Юля Гаўрыленка паразважала на тэму, чым з’яўляецца графіці: мастацтвам ці
вандалізмам; вядомы музычны журналіст Анатоль Мяльгуй распавёў пра свае ўражанні ад новай кнігі свайго калегі Вітаўта Мартыненкі, а сам Вітаўт Мартыненка прадставіў агляды трох
свежых музычных кружэлак.
На прэзентацыі нумара выступілі некаторыя аўтары паэтычнай часткі часопіса: яны прачыталі свае вершы, а Алесь Емяльянаў нават выканаў песню. Па просьбах публікі некалькі сваіх песень
выканаў і рэдактар выдання Эдуард Акулін.
Для некаторых аўтараў прэзентацыя часопіса сталася нечаканасцю:
— Божа, што я прапусціла. Зусім свету белага не бачу з тым каледжам. Мяне нават не папярэдзілі. І маю сяброўку, якая там друкавалася, таксама», — кажа малады
празаік Аліна Длатоўская. — Публікацыя ў «Верасні» — першая ў маім жыцці. За аснову майго апавядання
«Мора» была ўзятая гісторыя кахання маёй сястры, якая мяне і натхніла на напісанне гэтага твору. Калісьці мяне запрасілі на прэзентацыю яшчэ толькі першага
«Верасня» — ужо тады часопіс падаўся цікавым і незвычайным. Ідэя адправіць у «Верасень» што-небудзь сваё была ў мяне
даўно, але спачатку ў мяне не было вартых твораў, ды і неяк рукі не даходзілі, шчыра кажучы. А потым сяброўка яшчэ параіла, бо яна ўжо друкавалася напярэдадні ў
«Верасні», другім ці трэцім. Часопіс, паўтаруся, вельмі цікавы. Мне падабаецца, што там друкуюцца і знакамітыя аўтары, і маладыя. Гэта шанец для кожнага заявіць пра
сябе. Мне падаецца, што гэты часопіс мае вялікае значэнне для свядомых беларусаў, — лічыць Аліна Длатоўская.
Застаецца спадзявацца, што часопіс «Верасень» і надалей будзе спрыяць развіццю маладых аўтараў і паказваць ім добры прыклад, публікуючы творы іх старэйшых калегаў.
Пажадаць рост тыражу таксама будзе не лішнім — нумар выйшаў невялічкім накладам у 500 экзэмпляраў, чаго яўна замала для амаль двухмільённага Мінску. Па традыцыі, новы нумар
можна набыць на сядзібе ТБМ і ў краме «Акадэмкніга».