У Мінску развіталіся з мастаком Гаўрылам Вашчанкам
Цырымонія развітання з народным мастаком Беларусі Гаўрылам Вашчанкам прайшла 15 лютага ў Палацы мастацтваў у Мінску. Праводзіць у апошні шлях народнага мастака Беларусі сабраліся сотні людзей – родныя, калегі, сябры і вучні.
Адзін з вучняў мастака, старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца выказаў шчырае спачуванне ўсім, хто ведаў Гаўрылу Вашчанку. “Я вельмі любіў гэтага чалавека і для мяне было
вялікай радасцю сустрэцца з ім у двары дома па вуліцы Сурганава і паразмаўляць. І колькі б ні доўжылася гэтая размова – дзве хвіліны ці дваццаць – гэта былі вялікія хвіліны. Мы
развітваемся з геніальным чалавекам, але не развітваемся з геніальным мастаком. Вялікую мы маем ласку ад Госпада Бога, што адыходзячы з гэтага свету, мы пакідаем тое, што зроблена”, --
сказаў старшыня БСМ.
Ён адзначыў, што кіраўніцтва БСМ будзе звяртацца да ўладаў, каб Карцінная галерэя твораў Гаўрылы Вашчанкі ў Гомелі стала музеем народнага мастака і займела статус агульнанацыянальнай установы
культуры, а таксама да кіраўніцтва Беларусі і сталіцы, каб у Мінску была ўшанавана памяць гэтай найвялікшага сына Айчыны і беларускай нацыі.
Старшыня БСМ назваў Гаўрылу Вашчанка “хлапчуком з беларускай вёскі, які вучыўся ў блізкай нам Украіне, працаваў у блізкай нам Малдове, а потым вярнуўся на Бацькаўшчыну, дзе зрабіў
столькі, колькі, дай Божа, зрабіць кожнаму з нас”.