У Дагестане адкрылі помнік беларускай медсястры
Удзячныя горцы трапятліва зберагаюць памяць пра беларускую дзяўчыну, якая трагічна загінула ў 1963 годзе, піша «Народная Воля».

Днямі на тэрыторыі Цумадзінскай раённай бальніцы Рэспублікі Дагестан (Расія) адкрылі помнік легендарнай медсястры Асі Дзенісенка.
Пра Асю Дзенісенка ёсць вельмі кранальны фільм «Мир оставляю вам…» (1989). У ім жыхары горных вёсак успамінаюць сваю дарагую сястру, якая ў любую пару года, скрозь непагадзь, па цяжкіх небяспечных сцежках прыходзіла да кожнага, хто меў патрэбу. У складаных умовах высакагор’я яна аказвала медыцынскую дапамогу некалькім тысячам чалавек з 5 сёлаў і 25 хутароў.
У самы аддалены раён горнага Дагестана 17-гадовая Ася Дзенісенка, скончыўшы медвучылішча, папрасілася сама. За некалькі гадоў працы тут яна скарыла сэрцы дабрадушных горцаў. Маладую медсястру былі гатовы прытуліць у кожным доме, але яна думала пра іншых і спяшалася на дапамогу. Ася загінула, упаўшы са скалы, па дарозе ў вёску, дзе яе чакала парадзіха.
Медсястра пахавана ў сяле Ніжнія Хваршыны Цумадзінскага раёна па мусульманскім звычаі. На каменным надмагіллі выбіты словы: «Узнялася і ўзвысілася».
Рашэннем адміністрацыі вёскі Хушэты фельчарска-акушэрскі пункт носіць імя Асі Дзенісенка. Міністэрства аховы здароўя Дагестана заснавала Дыплом імя Асі Дзенісенка, які ўручаецца лепшым медсёстрам, фельчарам і акушэрам рэспублікі.
Цяпер на тэрыторыі Цумадзінскай раённай бальніцы адкрыты помнік легендарнай медсястры. На ім напісана: «Незабыўная, цудоўная і родная наша сястра Ася Дзенісенка! Памятаем цябе і твой подзвіг! Лёсам мы былі адораны Табой! Ты не загінула ў гарах па дарозе да парадзіхі, а на стагоддзі пасялілася ў сэрцы ўдзячных дагестанцаў! Ты паднялася да людзей, служыла ім і ўзвысілася! Ты штодзённа з намі ва ўсім гераічным, высакародным і ўзвышаным!»
Адзін з элементаў помніка — бліскучыя пазалочаныя крылы. Гэта ўдзячнасць медсястры, якая не збаялася падняцца высока ў горы, у арліны край, каб дапамагаць людзям. І блаславенне іншым, хто з гуманнай місіяй ідзе ў свет.