Тры выставы ў Палацы мастацтваў

У экспазіцыйных залах на Казлова, 3, як апошнім часам павялося, экспануюцца адначасова тры выставы, гарантуючы візіцёрам беспамылковую разнастайнасць і магчымасць выбару. Усе яны дзейнічаюць з 15 па 25 красавіка. (На выяве: Ігар Рымашэўскі. «Кэтцюр’е»)  



ea204361fe7f024b130143eb3e189a18.jpg

У экспазіцыйных залах на Казлова, 3, як апошнім часам павялося, экспануюцца адначасова тры выставы, гарантуючы візіцёрам беспамылковую разнастайнасць і магчымасць выбару. Усе яны дзейнічаюць з 15 па 25 красавіка.

(На выяве: Ігар Рымашэўскі. «Кэтцюр’е»)

Пачнём з далёкай залы першага паверху, экспазіцыі «Двое ў горадзе» Людмілы Шчамялёвай і Ігара Рымашэўскага. Гэта мастакі, якіх заўсёды хочацца назваць маладымі (што не перашкаджае нашай газеце, не хаваючы таямніцы, бо яе не хаваюць і анонсы выставы, павіншаваць Людмілу з досыць круглым юбілеем, што наступіць 25 красавіка).
Абодва творцы — навучэнцы Мінскага мастацкага вучылішча (1975–1979), пасля якога Ігар дапоўніў сваю мастацкую адукацыю яшчэ ў Беларускай мастацкай акадэміі. Яны ўдзельнічаюць у выставачным працэсе з пачатку 1980-х, а з 2003 года выстаўляюцца разам. Прычына простая — блізкасць творчых інтарэсаў дапоўніўся тым, што зараз Людміла і Ігар — муж і жонка. І незвычайным чынам гэтыя абставіны надаюць работам на выставе своеасаблівую чалавечую цеплыню і абаяльнасць.
 Памятаеце выдатнае палатно Васіля Сумарава «Мой дом» (1973), дзе жыццё шараговых менчукоў у простым доме зрабілася тэмай для светлага, паэтычнага, узнёслага прачытання, штодзённасць, напоўненая замілаваннем — спосабам надаць звычайнасці паэтычную форму? Шчамялёва і Рымашэўскі ў пэўным сэнсе робяць падобнае, засяроджваючыся на простых рэчах і з’явах, што абкружаюць і насяляюць «мой дом». Часам форма лубка, яскравы сонечны колер, як словы дасціпнага добрага жарту, дапамагаюць праектаваць на звыклыя рэчы і вяртаць назад гледачу аптымістычны, усмешлівы настрой. Ці гэта адбітак вясёлага красавіцкага сонца ў сюжэтных тэмах, народжаных гарадскім фальклорам?
Адным словам, калі лубкі Цэслера — іранічныя, то лубкі Шчамялёвай-Рымашэўскага — вясёлыя. Часта прысутныя на іх паўказачныя хатнія каты і сабакі — як талісманы, якія гарантуюць станоўчыя эмоцыі.
Вялікая тэматычная выстава «Краявід–2010» займае ўвесь верхні паверх Палаца. Каля паўсотні прац розных мастакоў — падобны фармат заўсёды выклікае боязь убачыць занадта рознастылёвыя работы, якія не знітоўвае адзінства задумы і стылістыкі паказу, чым, скажам, выйгрышна вылучаецца анансаваная ў пазамінулым нумары «НЧ» французская выстава «Нармандыя ў жывапісе». Ды і дзе ў краявідах Беларусі тое мора, сонца, вецер узбярэжжа, як у Францыі? Але краявід на тое і ўлюбёны шараговымі калекцыянерамі жанр, што можа быць і манументальным, і камерным, і меладычным, і абстрактна-дэкаратыўным, увасабляць роpныя настроі — зямлі, неба, прыроды, душы. І маюць абсалютную рацыю арганізатары выставы, калі прыгадваюць, што традыцыі беларускага пейзажнага жывапісу ўжо 200 гадоў, і ганарыцца яна такімі імёнамі, як Іван Хруцкі, Апалінарый і Іпаліт Гараўскія, Фердынанд Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі.
Не, іх работ у Палацы мастацтваў няма, але тыпалогія падыходу да выканання кампазіцый, стылістыка работ — самая разнастайная, на любы густ. І што прыемна адзначыць, ёсць дастаткова багата невыпадковых твораў мастакоў сучасных пакаленняў — ад старэйшага да маладых. Каляровая вытанчанасць Алега Скавародкі, шчыры акадэмізм Паўла Масленікава, габеленавая абстракцыя фарбаў Віктара Шылко, ззянне яскравых колеравых плям Міколы Бушчыка, нечакана камерная лірычнасць Андрэя Смаляка — выбар не дазваляе засумаваць.


Тым больш што на першым паверсе Палаца мастацтваў наведвальніка чакае яшчэ адна экспазіцыя — персанальная выстава графікі «Ваколіца. Ад Палесся да Гімалаеў» Мікалая Рыжыкава. 70-гадовы мастак, старшыня творчага аб’яднання «Верасень» — прадстаўнік пакалення шасцідзесятнікаў, выпускнік Тэатральна-мастацкага інстытута 1967 года, дзе ён вучыўся ў Аляксандры Паслядовіч, Мая Данцыга, Уладзіміра Стэльмашонка. Вядомы таксама як жывапісец і мастак кніжнай графікі, гэтым разам Мікалай Максімавіч прадстаўляе сваю станкавую графіку, у якой найбольш яскрава адбіўся манументальна-напружаны стыль, які па-ранейшаму звязвае яго творчы метад з перадавымі пошукамі мастакоў часоў «адлігі», часоў яго творчай маладосці.

Мікалай Рыжыкаў. З Непальскага цыклу.


Аловак, сангіна, вугаль — ва ўсіх тэхніках дамінуе моцны, шырокі штрых, дакладна вызначаная форма — як узор добрай школы для маладых графікаў. Подых апошніх гадоў — большая ўвага тэмам нацыянальнай спадчыны — гэта цыкл «Стары парк Чартарыйскіх» (2009), аркуш «Дзяды ў Дуніна-Марцінкевіча». А замалёўкі з Непалу, Славакіі, Маўрытаніі адметныя асаблівым духам гэтых розных краёў.