Тэатральнае падарожжа па свеце

З 19 па 24 лістапада ў Мінску ўжо ў 16-ы раз пройдзе Міжнародны фестываль студэнцкіх і маладзёжных тэатраў «Тэатральны куфар, БДУ». Як мастацтва аб'ядноўвае людзей, куды рухаецца сучасны беларускі тэатр і чаго яму не хапае, разважае дырэктарка фестывалю, тэатральная прадзюсарка Кацярына Саладуха.

Бог козыту, фота Паліны Хадорык

Бог козыту, фота Паліны Хадорык

— Кажуць, па-сапраўднаму тэатральным горад робіць наяўнасць свайго фестывалю. У Мінску іх некалькі, у тым ліку «Тэатральны куфар». Чым ён адрозніваецца ад іншых форумаў?
— Наш дэвіз, які з намі ўжо шмат гадоў, — «Традыцыі. Пошук. Эксперымент». На яго аснове мы і выбудоўваем праграму, кожны спектакль якой размаўляе на адной мове са сваім пакаленнем. Адбіраючы пастаноўкі, мы бярэм на сябе поўную адказнасць за час нашага гледача і робім усё, каб не змарнаваць яго.

Кацярына Саладуха

Кацярына Саладуха

— Наколькі выразная розніца паміж аматарскім студэнцкім тэатрам і маладзёжным прафесійным?
— За кошт змешвання аматараў і прафесіяналаў узровень фестывалю ўвесь час расце. Аматары глядзяць і вучацца, а прафесіяналы пераймаюць іх эмоцыі і непасрэднасць, бо ў аматараў галоўнае – любіць тое, чым займаешся. Для многіх тэатр нават не прафесія, а сэнс жыцця. І Гран-пры ў нас ўручаецца пераможцу глядацкага галасавання — яго выбірае публіка, для якой самае важнае: зачапіла ці не.

Дора, альбо сексуальныя неўрозы нашых бацькоў, фота Анжалікі Грэковіч


Дора, альбо сексуальныя неўрозы нашых бацькоў, фота Анжалікі Грэковіч

— Якія тэатры ўдзельнічаюць у праграме «Куфара» гэтага года?
— Да нас прыедуць калектывы з Інданэзіі, Непала, Францыі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Расіі і Грузіі. Эстонскі спектакль «Ураджай» — гэта, дарэчы, пастаноўка п'есы беларускага драматурга Паўла Пражко. Спецыяльным госцем у гэтым годзе стане тэатр кінаакцёра імя М. Туманішвілі з Грузіі — адзін з лепшых у краіне, які сабраў у сваіх сцянах самых яркіх тэатральных і кіназорак.

Раскрыццё,  Крысціна Грэкава

Раскрыццё, Крысціна Грэкава


— Што параіце глядзець беларусам? Дзе шукаць арыенціры добрага мастацтва?
— Чым больш ты глядзіш у прынцыпе, тым лепш. Кожны арганізатар фестывалю імкнецца сабраць лепшых з лепшых, стварыць пэўную творчую панараму. «Куфар» гэта падарожжа па розных краінах, якое можна ажыццявіць не пакідаючы глядацкага крэсла. Наш фестываль паказвае беларусам тое, што, магчыма, яны ніколі не ўбачылі б. Я досыць часта знаходжуся ў раз'ездах, але не ўпэўнена, што змагла б выпадкова трапіць у такія тэатры, якія атрымліваецца прадстаўляць на «Куфары».

Камера, якую дала мне маці, фота Андрэя Шавлугі


Камера, якую дала мне маці, фота Андрэя Шавлугі

— У вас на фестывалі вельмі даступныя кошты на квіткі. А як жа неабходнасць акупіць выдаткі?
— Мы свядома абралі такую цэнавую палітыку, каб уваход мог дазволіць сабе любы жадаючы. Доўгі час «Тэатральны куфар» наогул быў бясплатным і на асобных спектаклях збіраліся натоўпы па дзве тысячы чалавек. Уявіце сабе расчараванне гледача, які прыйшоў і не змог патрапіць у залу. Так што мінімальная плата за ўваход — гэта хутчэй неабходнасць кантраляваць паток людзей. Таксама ў нас ёсць спецыяльныя білетныя пакеты: у гэтым годзе пры набыцці трох квіткоў, чацвёрты ты атрымліваеш у падарунак. Такая магчымасць праводзіць «Тэатральны куфар» і рабіць яго даступным ёсць дзякуючы Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту — заснавальніку і нязменнаму арганізатару фестывалю ўсе гэтыя гады.

tk_19_prahrama.png


— У апошні час у Беларусі з'яўляецца шмат прыватных тэатральных ініцыятыў. У вас, акрамя «Куфара», таксама ёсць такая — Незалежная тэатральная кампанія HomoCosmos. Як і чаму яна ўзнікла?
— Вытокі HomoCosmos – у тым жа «Куфары». Фестываль дае мноства сяброўскіх і прафесійных кантактаў, якія з часам прыносяць свае плады. Яшчэ гадоў дзесяць таму польскі рэжысёр Дарыюш Язерскі прапанаваў паставіць спектакль «Камера, якую дала мне маці». Яго ідэя — узаемадзеянне цялеснага і духоўнага — аказалася патрэбнай і цікавай публіцы і абумовіла далейшае развіццё HomoCosmos. У гэтым праекце мы сталі падымаць табуяваныя тэмы, якія свядома замоўчваюцца грамадствам, будзь то свабода жанчыны ў адносінах або правы чалавека з ментальнай інваліднасцю... Адзін спектакль за адным — і вось ужо ў нас нарадзіўся новы тэатр з пастаянным рэпертуарам, пляцоўкай і публікай.

Убачыць ружовага слана, фота Анжалікі Грэкавіч @likadiass

Убачыць ружовага слана, фота Анжалікі Грэкавіч @likadiass

— Сучасны тэатр ужо даўно выйшаў за межы традыцыйных пляцовак. Калі ўспомніць сусветную практыку, што з убачанага ў незвычайнай лакацыі вас уразіла?
— На Міжнародным тэатральным фестывалі ў Сібіу (Румынія) я глядзела «Фаўста» паводле Гётэ ў пастаноўцы вядомага румынскага рэжысёра Сільвіу Пуркарэтэ. У якасці лакацыі была абрана закінутая фабрыка, і быццам бы ў такіх месцах спектаклі ладзяцца ўжо даволі часта, але рэжысёр здолеў здзівіць! Спачатку ты знаходзіўся ў больш-менш зразумелай лофтавай прасторы, але раптам сцяна літаральна знікала і гледачоў запрашалі на самую сапраўдную Вальпургіеву ноч! Ты апынаўся ў велізарным заводскім цэху, дзе ёсць усё: і аркестр, і артысты, якія лётаюць, і іскры — усё, што толькі можна ўявіць.

Марыя Зайтун - Republic of Performing Arts Інданезія

Марыя Зайтун - Republic of Performing Arts Інданезія

— У былых завадскіх цэхах у Мінску цяпер таксама кіпіць культурнае жыццё. Куды мінскаму гледачу зазірнуць, каб пашырыць свае ўяўленні аб тэатры?
— Я ў прынцыпе рэкамендую людзям часцей выходзіць з дому ў пошуках новых уражанняў, сачыць за дзейнасцю не толькі класічных тэатраў, але і альтэрнатыўных. Шмат цікавага адбываецца ў культурным хабе Оk16, уключаецца ў тэатральны працэс прастора HIDE, таксама на вуліцы Кастрычніцкай. У HIDE мы жывем з тэатрам HomoCosmos і там жа, разам з пляцоўкай ліцэя БДУ, будуць ладзіцца паказы спектакляў «Тэатральнага куфара».
Мы ў HomoCosmos увогуле адыходзім ад звыклых фарматаў. Цяпер рыхтуем прэм'еру спектакля па матывах рамана Святланы Алексіевіч «Цынкавыя хлопчыкі». Гэта імерсіўная пастаноўка, дзе глядач — паўнапраўны ўдзельнік таго, што адбываецца. Спектакль уяўляе сабой падарожжа, і публіка праходзіць яго разам з героямі — хлопчыкамі, якіх адправілі ў ачаг чарговага ўзброенага канфлікту. Абраная для паказаў спектакля пляцоўка будзе абсалютна нязвыклай для гледача – гэта музей авіяцыйнай тэхнікі ў Баравой.

Ураджай, Студэнцкі тэатр Тарту, Эстонія

Ураджай, Студэнцкі тэатр Тарту, Эстонія


— Чаму «Цынкавыя хлопчыкі»?
Да нас звярнуўся расійскі рэжысёр Алег Хрысталюбскі, які спадзяваўся знайсці ў Беларусі аднадумцаў у рэалізацыі сваёй ідэі. Яму хочацца стварыць такую гісторыю, пасля якой любая размова аб зброі будзе выклікаць фізічнае непрыняцце. Не апяваць подзвіг, а наглядна прадэманстраваць жахі вайны. На нашу думку, з'яўленне такога спектакля, заснаванага на моцным літаратурным матэрыяле, з сур’ёзнай антываеннай рыторыкай, цяпер надзвычай важна. Мы атрымалі згоду Святланы Алексіевіч на пастаноўку і чакаем яе на прэм'еры.
— HomoCosmos — гэта так званы праектны тэатр. У чым яго спецыфіка?
— Карані праектнага тэатра ідуць з антрэпрызы. Але ў іх усё ж розныя прынцыпы існавання. Антрэпрыза – гэта перш за ўсё камерцыя, зарыентаваная ў большай ступені на тое, каб забаўляць гледача. Гэта спектаклі, на якія людзі прыходзяць адпачыць, арыентуючыся на гучныя і вядомыя імёны. Антрэпрызная гісторыя ў Беларусі пачыналася з прывозу спектакляў з Масквы, але, мне здаецца, публіка ўжо не так моцна цікавіцца гастролямі камедый з вядомымі акцёрамі. Я магу пра гэта меркаваць па калегах, якім зараз дастаткова цяжка выжываць у гэтым бізнэсе.
Праектны тэатр часцей за ўсё з'яўляецца, каб рэалізаваць ідэі сваіх стваральнікаў, падняць надзённыя сацыяльныя пытанні. Тут кожны спектакль існуе як асобны праект са сваім бюджэтам, акцёрамі, задачамі і рэкламнай кампаніяй. Напрыклад, да прэм'еры «Убачыць ружовага слана» мы прыдумалі персанажа Слана, у яго з'явіўся нават уласны Instagram. Нашы гледачы падпісваюцца, сочаць за яго прыгодамі. А яшчэ нам, як праектнаму тэатру, цікава працаваць менавіта з беларускімі акцёрамі, з таленавітай моладдзю, на якую дзякуючы нашым прэм'ерам звяртаюць увагу.

Наш дом, Тэатр «Nasza Kamienica» Польшча

Наш дом, Тэатр «Nasza Kamienica» Польшча


— Ці ёсць у HomoCosmos канкурэнцыя з дзяржаўнымі тэатрамі?
— Мы практычна паралельныя светы, жывем па розных законах. У праектным тэатры няма паказчыкаў па колькасці гледачоў, планаў паказу спектакляў. Ты можаш жыва рэагаваць на запыты грамадства, выдаючы прэм'еры, інфармацыю пра якія потым разносіць сарафаннае радыё. Гэта дае дзяржаўным калектывам штуршок развівацца, не баяцца і быць цікавымі свайму гледачу. Не ва ўсіх тэатраў гэта атрымліваецца. З тых, хто асабіста мяне радуе, магу назваць Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Па сваёй актуальнасці РТБД чымсьці нагадвае праектны тэатр.
— На ваш погляд, чаго не хапае беларускаму тэатру?
— Прыватнай ініцыятывы, хоць яна і развіваецца. Мне здаецца, чым больш будзе эксперыментальных формаў, тым цікавей стане беларуская тэатральная прастора і тым хутчэй, больш актыўна яна будзе расці ў мастацкіх адносінах. Калі яшчэ некалькі год таму мы казалі, што ў нас застой і нічога не адбываецца, задавалі адзін аднаму пытанне «А дзе маладыя беларускія рэжысёры?» і маглі іх па пальцах пералічыць, то цяпер можна назваць цэлы шэраг імёнаў, якія на слыху і вызначаюць тэатральны клімат у краіне. Магчыма, тое, што зараз адбываецца ў беларускім тэатры, і не нова на Захадзе: у нас распранаюцца на сцэне, а там ужо даўно распрануліся, апрануліся і сталі размаўляць пра зусім іншыя рэчы. Але мне здаецца, нам трэба прайсці гэты этап, каб выйсці на ўзровень сусветнага тэатра.