Што будзе, калі ацэньваць грэцкую дэмакратыю па сучасных стандартах?
Як выглядала палітычнае жыццё антычных грэчаскіх гарадоў-полісаў у рэальнасці? Адметна, што ў адзіную дзяржаву іх аб’ядналі захопнікі — македонцы, а пазней рымляне.
Антычная дэмакратыя можа ацэньвацца па-рознаму, прынамсі з двух пазіцый, а менавіта — па крытэрыях яе эпохі, а таксама паводле сучасных стандартаў. Апошняе робіцца, каб вывучыць значэнне яе вопыту (як тэорыі, так і практыкі) для нашых часоў.
Як выглядала палітычнае жыццё грэцкіх гарадоў-полісаў у рэальнасці? Наколькі моцна яно адрознівалася ад палітычных ідэалаў? Пра праблемы і недахопы антычнай дэмакратыі піша Канстанцін Семяновіч.
Палітыка ў Афінах: жорсткая, брудная гульня
Не варта ідэалізаваць дэмакратыю Старажытнай Грэцыі. Рэальнае палітычнае жыццё дэмакратычных гарадоў-полісаў моцна саступала палітычным ідэалам. Праблемы вынікалі як з недахопаў чалавечай натуры, так і з самой канцэпцыі старажытнагрэцкай дэмакратыі.
Наўрад ці тагачасныя грэцкія грамадзяне ў большай ступені, чым жыхары сучасных дэмакратый, былі зацікаўленыя агульным дабром, а не прыватнымі інтарэсамі (можа, так і было, але сведчанняў пра тое няма). Палітыка ў Афінах, як і ў іншых полісах, была жорсткай, бруднай гульнёй, падпарадкаванай асабістым амбіцыям. Хоць не існавала партый у сённяшнім іх разуменні, але важную ролю адыгрывалі фракцыі, створаныя на падставе сямейных і сяброўскіх сувязяў. За гучнымі лозунгамі пра агульнае дабро хаваліся фактычныя інтарэсы сямейнага клана і яго прыхільнікаў.
Паводле сучаснага даследчыка: «Абавязак адносна горада можа пераважыць над іншымі ў цяжкія часы. Калі ж няма істотнай пагрозы інтарэсам горада, то нічога не стрымлівае добрага грамадзяніна перад спробай парушэння правоў горада дзеля інтарэсаў уласнай сям’і ці сяброў» (Dahl Robert, Demokracja i jej krytycy. Kraków, 1995).
Напрыклад, вядома, што ў 415 г. да н. э. галоўным персанальным канфліктам у Афінах было суперніцтва паміж Ніцыем і Архібіадэем; і ў пачатку таго года агульны сход грамадзянаў павінен быў асудзіць аднаго з іх на астракізм — дзесяцігадовае выгнанне з горада. Аднак за некалькі дзён да галасавання тыя спрытнюгі згаварыліся разам выступіць супраць трэцяга палітыка Гіпербалея, і ў выніку з горада прагналі апошняга.
Не ўсе грамадзяне прыходзілі на агульныя зборы (як і сёння на выбары), палітыкі мабілізоўвалі і збіралі найперш сваіх прыхільнікаў, і менавіта тыя найбольш рэгулярна ў сходах удзельнічалі.
Недахопы грэцкай дэмакратыі адносна сучасных стандартаў
Калі ацэньваць грэцкую дэмакратыю па нашых стандартах, то відаць некалькі важных недахопаў, менавіта канцэптуальных.
Па-першае, старажытнагрэцкая дэмакратыя больш выключала, чым прыцягвала людзей да ўдзелу ў кіраванні. Мяркуйце самі: да кіравання не дапускалася значная частка дарослых жыхароў, а менавіта кабеты, а таксама г. зв. метэкі — людзі, народжаныя ў іншых месцах, хоць здаўна аседлыя ў полісе. Не кажучы ўжо пра тое, што мовы нават не было пра нейкія правы рабоў. Па законе яны з’яўляліся толькі ўласнасцю сваіх гаспадароў. Гэта значыць, дэмакратычныя гарады-полісы былі ў пераважнасці рабаўладальніцкімі супольнасцямі.
Па-другое, грэкі трактавалі свабоду, роўнасць, палітычныя і чалавечыя правы як атрыбут горада-поліса, а не як універсальныя каштоўнасці. Нават вольныя людзі — грэкі, народжаныя ў суседнім, такім жа полісе (метэкі), пераехаўшы, не маглі разлічваць на атрыманне грамадзянства.
Па-трэцяе, дэмакратыя датычылася адно невялікіх супольнасцяў. Грэцкія гарады-дзяржавы толькі з вялікай цяжкасцю і ненадоўга маглі аб’яднацца дзеля адпору агульнаму ворагу. У выніку ў адзінай дзяржаве іх аб’ядналі захопнікі — македонцы, а пазней рымляне.
Крытыка дэмакратыі ў антычныя часы
Ужо ў антычныя часы сярод саміх грэкаў не бракавала крытыкаў дэмакратыі, у тым ліку сярод знакамітых філосафаў. Напрыклад, Арыстоцель пісаў, што дэмакратыя дае ўладу галоце. У сваёй вядомай працы «Палітыка» пісаў: «Тыранія — то адзінаўладства для карысці пануючай асобы, алігархія кіруе на карысць багацеяў, а дэмакратыя — на карысць убогіх. Аднак ніхто з іх не кіруецца агульным дабром».
Платон асуджаў дэмакратыю як уладу людзей, якія не прыдатныя да кіравання. На яго думку, кіраваць грамадствам павінны кваліфікаваныя людзі — прафесіяналы (тэхнакраты, па сённяшняй тэрміналогіі).
Між іншым, Платон дасціпна выказаўся наконт пазбаўлення людзей палітычных правоў паводле крытэрыю палавой прыналежнасці. Пазбаўляць права голаса жанчын, казаў Платон, гэта як прызнаць палітычныя правы лысым і пазбавіць іх усіх валасатых.
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org