Нявеста-ўцякачка на мінскім вакзале: нестандартная рэклама прэм'еры фільма ў беларускай агучцы

Учора на мінскім вакзале пасажыры сустракалі нявесту, якая збегла з вяселля – у белай сукенцы, з букетам і ў слязах. Тыя, хто паспрабаваў ёй дапамагчы, былі ўзнагароджаныя білетамі ў кіно: неабыякавыя мінакі стануць аднымі з першых гледачоў амерканскай камедыі «Шлюбная гарачка», агучанай на беларускую мову «Тутэйшын Студыяй».

svadebn_god_poster.jpg

Прэм’ера фільма адбудзецца 21 лістапада, а перформанс з нявестай арганізатары правялі напярэдадні для таго, каб даведацца, як беларусы ставяцца да шлюбу.
«Шлюбная гарачка» – новая камедыя рэжысёра Роберта Лукеціча, агучаная на беларускую мову ў рамках сумеснага праекта відэасервісу VOKA і сеткі Silver Screen «Тутэйшын Студыя».
Фільм прысвечаны стаўленню да шлюбу дзяўчат пакалення Y, якія не імкнуцца замуж, не гатовыя прымаць сур’ёзныя рашэнні ў жыцці, не намагаюцца быць «зручнымі ў быце» і хочуць поўнай незалежнасці. Наколькі гэта актуальна для Беларусі, дзе, калі верыць статыстыцы, больш за палову шлюбаў заканчваюцца разводамі?
Адказ на гэта пытанне і паспрабавала даведацца тая самая нявеста: заплаканая актрыса ў белай сукенцы хадзіла па вакзале і расказвала людзям, якія хацелі ёй дапамагчы, што збегла з вяселля з-за ціску новых сваякоў, разбіла тэлефон і цяпер не ведае, што ёй рабіць.


Большасць пасажыраў ці не звярталі ўвагі на дзяўчыну, ці здалёк паказвалі на яе пальцам ды рабілі фота і відэа на тэлефон. А тыя людзі, якія ўсё ж выказалі спачуванне, лічаць, што выйсці замуж — значыць стварыць новую сям’ю, а не стаць часткай іншай. Таму меркаванне свякрыві, дзядзькаў-цётак і іншых сваякоў не варта ўлічваць. Важна адно — быць упэўненай у чалавеку, якога ты абрала.
Усе пасажыры, уцягнутыя ў эксперымент на вакзале, атрымалі запрашальныя білеты на «Шлюбную гарачку». З 21 лістапада фільм на беларускай мове выходзіць у пракат у VOKA CINEMA і іншых залах сеткі Silver Screen.
У агучцы бралі ўдзел вядомыя акцёры нашай краіны: Крысціна Дробыш, Андрэй Мілюхін, Алег Гарбуз, Алеся Леснікова, Таццяна Ружаўская і іншыя.
Паводле прэс-рэлізу