Сяргей Жадан стаў Чалавекам года па версіі польскага выдання «Gazeta Wyborcza»
Украінскі пісьменнік, паэт і музыка Сяргей Жадан стаў Чалавекам года па версіі польскага выдання «Gazeta Wyborcza».
Пісьменнік з Харкава наведвае параненых у шпіталі, займаецца валанцёрствам для байцоў на фронце і адначасова абараняе ўкраінскую культуру ад Расіі. Сяргей Жадан таксама піша артыкулы пра вайну для заходніх газет і дае інтэрв'ю, гаворыцца на сайце «Gazeta Wyborcza».
«Ён не з'ехаў, нягледзячы на тое, што рускія жорстка бамбяць горад, а заняўся тым, для чаго пакліканы пісьменнікі падчас вайны: узняццем настрою людзей, прымірэннем іх сэрцаў, арганізацыяй канцэртаў у сховішчах харкаўскага метро», — адзначаюць у выданні.
Рэдакцыя разглядала многіх кандыдатаў: у гэтым спісе быў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, віцэ-прэм'ер-міністр Ірына Верашчук, мэры Кіева, Марыупаля, Мікалаева і Харкава, украінскія камандзіры і дыпламаты, салдаты і ратавальнікі.
«Калі мы абмяркоўвалі цяперашняга лаўрэата, было зразумела, што мы павінны ушанаваць кагосьці з Украіны, — чалавека, які прымае ўдзел у барацьбе... Украіна стала зямлёй герояў», — дадае «Gazeta Wyborcza».
Урэшце рэдакцыя выдання абрала Чалавекам года Сяргея Жадана. Зрэшты, для палякаў Жадан быў тварам украінскай літаратуры амаль два дзесяцігоддзі, з таго часу, як выдавецтва «Czarne» пачало публікаваць яго апавяданні і раманы.
Паводле life.pravda.com.ua