Сяргей Навумчык: «Адным з заснавальнікаў «Мемарыяла» быў Алесь Адамовіч»

Журналіст і былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі (1990-1996 гг.) Сяргей Навумчык апублікаваў у сваім ТГ-канале здымак з устаноўчага сходу «Мемарыяла», на якім за трыбунай стаіць знакаміты акадэмік, праваабаронца і дысідэнт Андрэй Сахараў, а побач з ім сядзіць беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч.

За трыбунай — акадэмік Андрэй Сахараў, першы ад яго — Алесь Адамовіч

За трыбунай — акадэмік Андрэй Сахараў, першы ад яго — Алесь Адамовіч


28 студзеня 1989 года ў Маскве пачалася канферэнцыя, вынікам якой стала афіцыйнае заснаванне «Мемарыяла» як арганізацыі, якая займаецца праваабарончай дзейнасцю і пошукам імёнаў і лёсаў рэпрэсаваных у гады сталінскіх рэпрэсій. У заснаванні «Мемарыяла» прымаў актыўны ўдзел беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч. Ён уваходзіў у склад грамадскай рады фонду «Мемарыял» і ў навуковую раду Навукова-даследчага цэнтра таварыства «Мемарыял». На сайце арганізацыі ёсць адсканаваны дакумент з вынікамі галасавання ў грамадскую раду фонду — на ім бачна, што за Алеся Адамовіча прагаласавалі 53 чалавекі.

Адсканаваны дакумент з вынікамі галасавання ў грамадскую раду фонду «Мемарыял»

Адсканаваны дакумент з вынікамі галасавання ў грамадскую раду фонду «Мемарыял»


За 35 гадоў свайго існавання «Мемарыял» правёў вялікую працу над наступнымі праграмамі: «Гісторыя ГУЛАГу», «Гісторыя рэпрэсіўных органаў», «Гісторыя сацыялістычнага супраціву рэжыму», «Лёс палітзэкаў», «Ганенні за веру», «Польская праграма», «Ахвяры дзвюх дыктатур», «Гісторыя іншадумства ў СССР», «Тапаграфія тэрору». Быў створаны архіў, у якім змяшчаюцца больш за 100 тысяч спраў ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Асобнае месца займае архіў супрацоўнікаў КДБ і НКУС, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях.
За сваю працу «Мемарыял» быў узнагароджаны Нобелеўскай прэміяй міру, якую атрымаў разам з украінскім «Цэнтрам грамадзянскіх свабод» і беларускім праваабаронцам, заснавальнікам «Вясны» і палітычным зняволеным Алесем Бяляцкім.


Алесь Адамовіч — беларускі пісьменнік, публіцыст, літаратуразнаўца, кінасцэнарыст і грамадскі дзеяч. Аўтар дылогіі «Партызаны», дакументальных кніг «Я з вогненнай вёскі», «Карнікі», «Блакадная кніга» (у суаўтарстве з Даніілам Граніным). Па матывах «Хатынскай аповесці» на сцэнар Адамовіча рэжысёрам Элемам Клімавым (які таксама ўваходзіў у склад заснавальнікаў «Мемарыяла») быў зняты фільм «Ідзі і глядзі», які ў 1985 годзе быў намінаваны на «Оскар».

Білет дэлегата Алеся Адамовіча на канферэнцыю 1989 года

Білет дэлегата Алеся Адамовіча на канферэнцыю 1989 года


Алесь Адамовіч быў адным з першых, хто пачаў гучна гаварыць пра Чарнобыльскую трагедыю і пагрозу «мірнага атаму» для людзей. Ён таксама быў сустаршынём Міжнароднага фонду «Дапамога ахвярам Чарнобыля». Падпісант «Ліста сарака двух», аўтары якога патрабавалі ад Барыса Ельцыназабараніць «усе віды камуністычных і нацыяналістычных партый», «усе незаконна ваенізаваныя і ўзброеныя аб'яднанні» і ўвесці санкцыі за «прапаганду фашызму, шавінізму, расавай нянавісці, за заклікі да гвалту і жорсткасці».