«Вясна» будзе». Журналістка Ірына Халіп — пра Алеся Бяляцкага

Дзесяць гадоў таму Алесь Бяляцкі першы раз быў вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру. Ён пра гэта, праўда, даведаўся не адразу, бо сядзеў у турме. 7 кастрычніка Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру. Але пра гэта ён таксама даведаецца не адразу, таму што сядзіць у турме, піша беларуская журналістка Ірына Халіп у выданні «Новая газета. Еўропа».

presentation_bialaitski_23.12.14_14.jpg

Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ён стварыў, спачатку называўся «Вясна-96». Таму што пачаткам стаў «Чарнобыльскі шлях-1996» — першая масавая акцыя пратэсту, якая была жорстка разагнаная сілавікамі Лукашэнкі.

Тады ў незалежнай Беларусі з'явіліся першыя параненыя, першыя палітвязні і першыя праваабаронцы. Сем'ям арыштаваных патрэбна была дапамога, арыштаваным патрэбныя былі перадачы і адвакаты, а яшчэ трэба было крычаць на ўвесь свет пра тое, што ў Беларусі заканчваецца свабода сходаў і, падобна, пачынаецца дыктатура.

Гэтым і заняўся Бяляцкі.

Потым рэпрэсаваных станавілася ўсё больш, як і працы ў «Вясны», і лічбы 96 неяк незаўважна адкалоліся ад назвы. «Вясна» стала ўжо не напамінам аб мінулым, а надзеяй на будучыню. Яна прыйдзе, вядома, і лета таксама прыйдзе, і менавіта цяпер, у дзень прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру, здаецца, што гэта адбудзецца ўжо хутка.

Алесь Бяляцкі разам з камандай «Вясны» выбудаваў у Беларусі такую сістэму дапамогі рэпрэсаваным, якой можна ганарыцца і нават хваліцца.

Чалавек, які трапляе за краты па палітычным артыкуле, ведаў, што яго не пакінуць, нават калі ў сваякоў няма грошай на адваката і перадачы. Спачатку з'явілася юрыдычная служба «Вясны», якая давала кансультацыі і аплачвала працу адвакатаў. Потым — фонды, якія дапамагалі беларусам аплачваць штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту. Маніторынгавыя групы не прапускалі ніводнага затрымання, ніводнага штрафу, ніводнага звальнення з працы або адлічэння з універсітэта «за палітыку», і гэтыя справаздачы клаліся ў аснову міжнародных дакументаў — ад рэзалюцый ААН да дакладаў спецпрадстаўнікоў.

У канцы дзевяностых «Вясна» яшчэ змагла зарэгістравацца як грамадскае аб'яднанне. У 2003 годзе яе пазбавілі рэгістрацыі — за арганізацыю незалежнага назірання на выбарах 2001 года, — і дзейнасць праваабаронцаў стала нелегальнай. Гэта і стала прычынай першага турэмнага тэрміну Алеся Бяляцкага.

Яго арыштавалі 4 жніўня 2011 года і прад'явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. 2011 год стаў адным з самых рэпрэсіўных у гісторыі Беларусі: 19 снежня, у дзень прэзідэнцкіх выбараў, былі арыштаваныя ўсе кандыдаты ў прэзідэнты, многія разам з актывістамі сваіх штабоў і даверанымі асобамі.

Падчас акцыі пратэсту былі затрыманыя больш за 700 чалавек. Праваабаронцы перасталі спаць і есці, таму што працаваць даводзілася кругласутачна. Ператрусы, арышты, напады не спыняліся. Дапамога патрабавалася заўсёды. Не ўсе адвакаты згаджаліся абараняць палітычных, і нават у гэтым на дапамогу прыходзіла «Вясна». Дзейнічаць легальна яна не магла, і Алесь Бяляцкі адкрыў рахунак у Літве. На гэты рахунак паступала фінансавая дапамога для аплаты адвакатаў і штрафаў.

Час ад часу Алесь ездзіў у Вільню і вяртаўся з гатоўкай. Прычым працягваў ездзіць і тады, калі яго ўжо папярэдзілі, што вядуцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы, і хутка яго арыштуюць. Але ён пакуль на волі, а дзясяткі беларусаў ужо сядзяць (так, тады гэта былі дзясяткі, а цяпер тысячы).

Беларускія памежнікі рабілі страшныя твары і знакамі паказвалі: чувак, не вяртайся з Літвы, не будзь ідыётам. А ён вяртаўся. І сеў на чатыры гады. А Літва тады прыпыніла дамову аб прававой дапамозе з Беларуссю: менавіта дзякуючы прадастаўленым літоўскім Мінюстам звесткам Бяляцкага пасадзілі. Амбасадар Літвы ў Мінску Эдмінас Багдонас пасля прысуду прынёс прабачэнні ад імя сваёй дзяржавы жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук.

На Нобелеўскую прэмію міру яго вылучылі неўзабаве пасля арышту (а агулам Бяляцкага вылучалі пяць разоў). Але камітэт у той год прысудзіў яе Еўрапейскаму Саюзу. Гэта быў той самы год, калі Нобелеўскі камітэт крытыкавалі ўсё — і заслужана. Алесь жа стаў лаўрэатам прэміі Сахарава, прэміі Леха Валенсы, прэміі Вацлава Гаўла, прэміі Дзярждэпартамента ЗША; ганаровым грамадзянінам Парыжа і Генуі; некалькі разоў аб'яўляўся праваабаронцам года. Але ўсе гэтыя цырымоніі прайшлі міма яго: у гэты час Алесь хадзіў на «промку» Бабруйскай калоніі №2, дзе працаваў упакоўшчыкам у швейным цэху.

Калі ў 2020 годзе ў Беларусі зноў пачаліся масавыя пратэсты, а ўслед за імі — не менш масавыя рэпрэсіі, Алесь Бяляцкі і яго каманда зноў перасталі спаць і есці.

І зноў спрацаваў ранейшы алгарытм: пачаліся рэпрэсіі, Бяляцкі стаў на бестэрміновую вахту, яго арыштавалі.

Гэтым разам за Алесем прыйшлі 14 ліпеня 2021 года. Абвінавачанне прад'явілі ў фінансаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і кантрабандзе. Прычым гэтым разам Алеся ў аўтазаку павезлі не аднаго: разам з ім больш за год у СІЗА знаходзяцца праваабаронцы «Вясны» Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч.

Хутка ў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру суд. Яму пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.