Трэшачок тыдня. Ці пасадзіць у турму цэны генпракурор Швед?

Ад 2020 года беларускі рэжым паціху едзе з глузду. Спяшаемся за ім, падбіраючы найбольш зіхатлівыя «перліны».

1_608.jpg

Цэнам загадалі стаяць і баяцца

Адной з галоўных тэм тыдня, вядома, стаў «высачайшы» загад Лукашэнкі не павышаць кошты. Вось менавіта так: замарозіць цэннікі, і хай толькі нехта рызыкне павялічыць іх хаця б на капейку — адказ з боку рэжыму будзе на рубель.
Эканамісты ўжо высмеялі гэтыя методыкі барацьбы з інфляцыяй. Шкада, кажуць, што ў гэтым годзе ўжо нельга высунуць Лукашэнку на Нобелеўскую прэмію па эканоміцы, але ж у наступным гэта дакладна варта зрабіць. Будуць добрыя шанцы на перамогу.
Здзіўляе тут нават не само рашэнне накінуць цуглі на цэны, а тое, з якім імпэтам чыноўнікі кінуліся яго выконваць. Цудоўна разумеючы, наколькі гэта пячорныя меры — зафіксаваць кошты на адным узроўні насуперак сусветным і беларускім эканамічным трэндам.
Падаецца, што калі наверсе загадаюць, напрыклад, хадзіць у адных панчохах, альбо на сняданак піць замест кавы газу — яны выканаюць і гэта. Бо як жа: Аляксандр Рыгоравіч, святы чалавек, кепскага не параіць.
Як і заўсёды, найбольш порстка пад казырок узяла Генеральная пракуратура. У афіцыйным паведамленні ведамства Андрэя Шведа ўжо запатрабавала ад Следчага камітэта, МУС і Дзяржкантролю «неадкладна распачынаць крымінальныя справы па кожным факце парушэння заканадаўства, якое пацягнула неабгрунтаваны рост цэн, затрымліваць падазраваных і абіраць меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту».
Няма сумневаў, што неўзабаве затрыманні пачнуцца. Магчыма, нам пакажуць і «пакаяльныя відэа», у якіх барыгі і крыхаборы распавядуць, што падвышалі кошты па загадзе «калектыўнага Захаду» і паводле метадычак Ціханоўскай.
Але пракурорскім трэба хіба даць параду дзейнічаць інакш і больш эфектыўна. Чаму б не затрымліваць самі цэны, калі яны будуць некантралявана ўзрастаць? Ім жа загадалі стаяць на месцы — то на іх варта ўскласці і адказнасць. Можа, тады, ачмурэлыя, задумаюцца аб сваіх антыдзяржаўных паводзінах. А народ, канечне ж, толькі дзякуй скажа.

Як беларускае МЗС «павіншавала» Алеся Бяляцкага

3_497.jpg


Тое, што Лукашэнка аніяк не адрэагаваў на прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму, не павінна здзіўляць. І справа не толькі ў тым, што рэжым рыхтуе лаўрэату свой «прысуд» — колькі гадоў калоніі паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў. У 2015 годзе Лукашэнка гэтаксама «не заўважыў» літаратурнага Нобеля Святлане Алексіевіч, хаця часы былі адносна ліберальныя.
Што Бяляцкі, што Алексіевіч — гэта людзі, якіх беларуская ўлада лічыць ворагамі. Бо яны не падтрымліваюць (мякка кажучы) лукашэнкаўскую палітыку, завостраную на ціск, гвалт і рэпрэсіі. То навошта рэагаваць на поспехі ворагаў? Хіба толькі ўзмацніць іх пераслед.
Аднак гэтым разам рэакцыя ўсё ж была. Не ад Лукашэнкі, а ад яго Міністэрства замежных спраў. На прэмію Бяляцкаму па запыце расійскага прапагандысцкага агенцтва РІА «Новости» адгукнуўся афіцыйны прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз.
«Вы ведаеце, у апошнія гады шэраг прынцыповых рашэнняў — а мы кажам аб прэміі міру — Нобелеўскага камітэта настолькі палітызаваныя, што, прабачце, Альфрэд Нобель замучыўся пераварочвацца ў труне», — сказаў ён. І дадаў: «Гэта іх кухня і іх сумленне, мы не хочам у гэта залазіць і нешта каментаваць. Мы проста на пэўным этапе страцілі да гэтага ўсякую цікавасць».
Як той казаў, я тры дні бег за вамі, каб сказаць, наколькі вы мне абыякавыя.
Дарэчы, цікава: калі нобелеўскія грошы прыйдуць на адрас жонкі палітзняволенага вясноўца, ці не палічыць вышэйзгаданы генпракурор Швед, што гэта «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»? Можа і палічыць.

З адыёзнай газеты звольнілі вядомую прапагандыстку

З прапагандысцкай газеты «Мінская праўда» звольнілі апантана праўладную журналістку Алену Курхінен. Так, гэта тая самая жанчына, што ездзіла па гарадах і мястэчках і шукала прыхільнікаў Лукашэнкі, каб тыя пахваліліся сваім цудоўным жыццём. Яшчэ Курхінен традыцыйна пляжыла Захад, дзе адны ЛГБТшнікі, ды ўсё такое.
Але ўсё гэта цяпер у мінулым. Чытачы «Мінскай праўды» панеслі незаменную страту. Курхінен заўчасна звольнілі.

4_464.jpg


Як распавяла сама прапагандыстка ў сацсетках, аднойчы начальніца напісала ёй, каб «свае крынжовыя відэа» яна здымала для ўласнага ютуба. Курхінен падзялілася паведамленнем з калегамі, за што ёй і «прыляцела».
«Я проста ў шоку, як хутка ўсё тады адбылося, атрымала свайго роду нож у спіну», — напісала цяпер ужо беспрацоўная Алена. Яна не разумее, як можна звальняць чалавека, які з 2020 года падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку і ўсюды дэманстраваў актыўную пазіцыю, удзельнічаючы ў якіх толькі можна праўладных акцыях, зразаючы БЧБ-стужкі і змагаючыся з нацыянальнай сімволікай.
Што тут сказаць… Хіба падказаць спадарыні, што ўлюбёны ёй рэжым ужо трэці год звальняе тых, хто мае іншую грамадзянскую пазіцыю, і сама яна таму вельмі плённа спрыяла. Цяпер бумеранг прыляцеў да яе, як гэта часта бывае.

Як Сахашчыка будуць «дыскрэдытаваць» у наступны раз?

Пра тое, як КДБ спрабаваў выставіць сваім агентам паплечніка Святланы Ціханоўскай па Аб’яднаным пераходным кабінеце Валерыя Сахашчыка, мы ўжо пісалі. Як і пра папярэдні ўкід з расійскім пашпартам, што аказалася праўдай.
Але вось недарэчнасць: не вядуцца «збеглыя апазіцыянеры» на спробы ўнесці ў іх шэрагі раскол. Нават Зянон Пазняк, у якога нюх на «агентуру», і той спакойна ставіцца як да самога Сахашчыка, так і да высілкаў спецслужбаў па яго дыскрэдытацыі.

5_430.jpg


Тут увогуле засталося адно пытанне. Якім чынам паспрабуюць забрудзіць былога падпалкоўніка і камбрыга ў наступны раз? Можна выказваць здагадкі.
Не выключана, што паведамяць пра тое, што ў свой час камандзір дэсантнікаў асабіста разганяў пратэсты. Нафоташопіць ілюстрацый нескладана — і вось ужо сілавік лупцуе дручком удзельнікаў Чарнобыльскага шляху. Можна таксама прыдумаць яму сваяцтва з якім-небудзь Карпянковым, альбо нетрадыцыйную арыентацыю, масонства і экзарцызм.
Каб гарантавана патрапіць у яблычка, варта падрабіць удзел Сахашчыка ва Усебеларускім народным сходзе заадно з сяброўствам у «Белай Русі». Карацей, варыянтаў шмат — будзем чакаць.