Спецслужбы спрабуюць ачарніць Сахашчыка наяўнасцю ў яго грамадзянства РФ. Тлумачым, чаму гэта марна
У рэдакцыі недзяржаўных СМІ прыйшла рассылка з «эксклюзіўнай інфармацыяй» — імаверна, спецслужбісты пры вобшуку знайшлі расійскі пашпарт у прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерыя Сахашчыка. Фота дакумента суправаджаецца гісторыяй, як Сахашчык нібыта «насамрэч» жыве і працуе ў Расіі.
«Н*ша Ніва» спытала ў падпалкоўніка, адкуль у яго пашпарт.
«На момант развалу Савецкага Саюза я служыў пад юрысдыкцыяй
Расіі і аўтаматычна, як афіцэр, атрымаў грамадзянства Расіі. Як і ўсе ў
студзені 1992-га, хто дзе быў, атрымалі пашпарты дзяржаў па месцы дыслакацыі, — распавёў падпалкоўнік і былы камбрыг беларускіх дэсантнікаў. —
Шчыра кажучы, я не памятаю нават, дзе гэты пашпарт валяецца,
імаверна, яго знайшлі пры вобшуку ў беларускім доме, і органы спрабуюць цяпер
падаць гэта як «кампрамат», але я не бачу тут ніякага скандалу.
Пра гэты пашпарт я ўспомніў на пачатку 2010-х, калі шмат
працаваў і катаўся ў Афрыцы як бізнесмен-будаўнік. З расійскім пашпартам можна
было заязджаць у большасць краін без візы, а з беларускім — кожны раз падавацца
ў пасольствы ў Маскве.
Таму я яго пераатрымаў у 2012-м і забыў пра яго, калі скончыўся афрыканскі этап майго жыцця.
У Расіі я даўно не быў і ніякіх спраў там не вяду. Жыву я са сваім беларускім пашпартам».
«НЧ» прыводзіць прынамсі дзве прычыны, чаму спробы дыскрэдытаваць Сахашчыка марныя і інфантыльныя.
Па-першае, спадар Сахашчык працягнуў тэрмін дзеяння расійскага пашпарта ў 2012 годзе, калі набываць грамадзянства РФ не было зашкварным. Так, на той час Крэмль ужо паспеў захапіць частку тэрыторыі Грузіі, але Захад гэта праглынуў. Да анексіі Крыма і развязвання вайны на Данбасе заставалася яшчэ два гады. Толькі ў 2014-м Еўропа зразумела знешнепалітычную агрэсію Расіі, зрэшты, і тады, восем гадоў таму, абыйшлася ўвядзеннем супраць Масквы сімвалічных санкцый.
Па-другое, Валерый Сахашчык з'ехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года. З'ехаў на нявызначаны тэрмін, бо вяртацца небяспечна. Падпалкоўнік у адстаўцы цяпер жыве ў Польшчы. Як бачым, выпраўляючыся ў эміграцыю, былы дэсантнік узяў з сабой беларускі пашпарт — і пакінуў дома расійскі. Мог бы прыхапіць абодва, але прыхапіў толькі адзін. Гэта лепш за ўсё тлумачыць стаўленне «сілавога міністра» ў пераходным кабінеце да грамадзянства РФ.
Прыбягаючы да такіх бездапаможных сродкаў скампраметаваць апанента, беларускі рэжым не толькі паказвае сваю неразборлівасць. Таксама гэта сведчыць пра тое, што ў Сахашчыку (і ў яго магчымым саюзе з украінскім бокам) лукашэнкаўцы бачаць рэальную пагрозу для сябе.