«Санаторый пад клепсідрай»: Польскі Інстытут запрашае на літаратурныя анлайн-сустрэчы

Польскі Інстытут у Мінску запрашае да ўдзелу ў цыкле літаратурных анлайн-сустрэч «Санаторый пад клепсідрай». Сустрэчы будуць адбывацца ў прамым эфіры на старонцы ў Фэйсбуку кожны аўторак а 17:00.

image002_4.jpg


Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў “землякамі”. Што і пакажа цыкл анлайн-сустрэч з беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы.
Арганізаваны Польскім Інстытутам у Мінску пры падтрымцы выдавецтва “Логвінаў” цыкл “Санаторый пад клепсідрай” уключае літаратурныя чытанні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ-ХХІ стагоддзя, сярод якіх ёсць і нобелеўскія лаўрэаты і лаўрэаткі. Файная магчымасць, не пакідаючы кватэры, пачуць геніяльную паэзію, зацікавіцца актуальнай прозай, зарыентавацца ў найлепшых кніжных выданнях польскіх пісьменнікаў па-беларуску.
Першая сустрэча адбудзецца ў аўторак 21 красавіка а 17:00.
Падчас сустрэчы паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч прадставіць творчасць славутага набеліста, паэта і празаіка ЧЭСЛАВА МІЛАША (1911-2004). Міфатворцу з краіны дзяцінства, сведку і летапісца катастрофы, вечнага эмігранта на апошняй тэрыторыі роднай мовы. Правінцыяла ў Вільні, віленчука ў Польшчы, паляка ў Францыі, “дзіця Еўропы” ў Амерыцы, “апошняга грамадзяніна ВКЛ” у Еўрасаюзе ХХІ ст.
Арганізатары запрашаюць да актыўнага ўдзелу – задавайце пытанні і дзяліцеся меркаваннямі.
#Заставайсядома – культура прыйдзе да Цябе!