Прэзентацыя кнігі паэзіі Валерыя Дубоўскага «На пачатку маўчання»
Прэзентацыя адбылася 10 кастрычніка ў Мінску, у мастацкай галерэі «Ў». У 180-старонкавае густоўна аформленае самім аўтарам выданне з серыі «Кнігарня пісьменніка» бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў, якое надрукавана ў сталічным выдавецтве «Юніпак» накладам у 1.000 паасобнікаў, увайшлі вершы розных гадоў.
Валеры Дубоўскі — літаратар, мастак, фатограф і выдавец. Працаваў журналістам,
кіраўніком розных беларускіх перыядычных выданняў, у тым ліку дырэктарам выдавецтва «Беларусь». Нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Хацькова на Шклоўшчыне (Магілёўская вобласць). Жыве і працуе
ў Мінску.
У прадмове да зборніку народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін назваў літаратурна-мастацкае выданне «мяноўна кнігай», бо ў ёй «ёсць развіццё вобразаў, задум, гутаркі і спрэчкі з часам». «Валера Дубоўскі не піша вершы, рыфмаваныя радкі ці верлібры. Ён жыве паэзіяй. Думае, як
падказвае паэзія. Мова ў Валеры Дубоўскага натуральная, жывая, бо на ёй думае паэт. Беларуская мова ў паэта своеасаблівая, бо на ёй, калі льга так сказаць, паэт бачыць. “На пачатку
маўчання” — так сціпла дадзена імя тому сапраўднай паэзіі. Прачытаеш
кнігу — усё наўкола і ў душы будзе гаварыць, будзе яшчэ раз цвярдзіць –
беларускае паэтычнае слова жыве. І жыць будзе, пакуль у нас нараджаюцца новыя і новыя ўзнёслыя працаўнікі роднага слова. Адзін з іх Валеры Дубоўскі. Хай гучыць ягоная паэзія! Хай
палоніць!», — адзначае Рыгор Барадулін.
Вядучы вечарыны, паэт Міхась Скобла назваў Валеру Дубоўскага годным нашчадкам беларускага першадрукара Францішка Скарыны і звярнуў увагу на цудоўную паліграфію паэтычнага
зборніку. «Валеры Дубоўскага як бы вярнуў нам усім уяўленне пра тое, як
павінны выдавацца кнігі беларускай паэзіі. Калі ўзяць у рукі кнігу “На пачатку маўчання”, дык можна заўважыць, як усё ў ёй зроблена акуратна і з душою, пачынаючы ад прыгожага
дызайну вокладкі, якая загібаецца, да выдатнай вёрсткі і шыкоўнай паперы. Вось за гэта таксама, а не толькі за змест кнігі, я хацей падзякаваць Валеры Дубоўскаму», — сказаў Міхась Скобла.
Пісьменнік Уладзімір Арлоў назваў «цудоўным» перыяд, калі выдавецтвам «Беларусь» на прыканцы 1980-х — на пачатку 1990-х гадоў кіраваў Валеры Дубоўскі. «Я памятаю, што ледзьве не кожны тыдзень у гэтым выдавецтве выходзілі кнігі, якія дагэтуль
дзесяцігоддзямі хавалі ў спецсховішчах. Як які-небудзь фантастычны раман чытаў я “Геаграфію Беларусі” Аркадзя Смоліча, выдадзеную, дзякуючы Валеры. Памятаю, як рыхтаваліся кніжкі
Вацлава Ластоўскага, Юры Туронка, як “Беларусь” першым з дзяржаўных выдавецтваў выпусціла Біблію, што па таму часу было вялікай падзеяй, як у 1990 годзе “Беларусь”
вялікім накладам надрукавала паштоўкі з “Пагоняй” і бел-чырвона-белым сцягам, як масавым накладам выйшла ў свет прыгожая кніжка для дзяцей Вінцука Вячоркі “Пра герб і
сцяг”, прысвечаная нацыянальным сімвалам беларусаў, як быў выданы беларускі пераклад кнігі Крыштофа Мікалая Дарагастайскага “Гіпіка” — сапраўдная энцыклапедыя каня, якая ў XVII-XVIII стагоддзях вытрымала сем выданняў. У той час ў прыёмным
пакоі выдавецтва можна было сустрэць шмат выбітных беларусаў і прадстаўнікоў беларускай дыяспары», — сказаў Уладзімір Арлоў.
На вечарыне прагучалі вершы Валерыя Дубоўскага у выкананні аўтара і артыстаў сталічных тэатраў.