Прэзэнтацыя кнігі Андрэя Чарнякевіча ў Гродна
29 снежня ў краме “ЦУДОЎНЯ” па адрасе Вялікая Траецкая ,16 (Гродна) адбудзецца прэзентацыя новай кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэнне беларускай Гародні”.
У кнізе “Нараджэнне беларускай Гародні” расказваецца пра паўстанне беларускай свядомасці як з’явы нацыянальнага маштабу, што стала неабходнай перадумовай да мэтанакіраванай барацьбы за нацыянальнае існаванне.
Андрэю Чарнякевічу не прывыкаць ставіць рубам нязручныя пытанні і глядзець на гісторыю з незвычайных ракурсаў. Некалькі год таму яго гучна звольнілі з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта пасля цкавання з боку ўладаў за “няправільна напісаную” гісторыю роднага горада.
“Нараджэнне беларускай Гародні” трапна акрэслівае і паказвае тыя супярэчлівыя варункі эпохі, у якіх павінны былі прабіваць сабе дарогу першыя носьбіты беларускай самасвядомасці. Андрэй Чарнякевіч нібы разрэзвае рэальнасць стогадовай даўніны і спрабуе знутры зразумець характар і сутнасць развіцця беларускай справы.
Тут выдатна адлюстроўваецца атмасфера часу, у якой існавалі беларускія актывісты — моцны ціск знешніх сілаў у выглядзе бальшавікоў і палякаў, тонкая гульня дзеля ўмацавання пазіцый з літоўцамі і ўкраінцамі. Паднята і такая тэма, як жорсткая канкурэнцыя ў грамадстве ў варунках шалёнага ціску з боку прарасійскіх і прапольскіх колаў.
Карціна, якая паўстае ў даследаванні Андрэя Чарнякевіча, — даволі супярэчлівая і нязвыклая. Аўтар адмовіўся ад пафаснай рыторыкі, паказваючы вельмі жорсткую рэчаіснасць, у якой дзейнічалі беларускія актывісты ў Гродна. Тут былі як светлыя, так і цёмныя бакі існавання — здрады, шпегаўства, алкаголь...
Андрэй Чарнякевіч у нязмушанай форме, без катэгарычных уласных ацэнак, з апорай на факты і крыніцы дае магчымасць спасцігнуць сутнасць эпохі. На прэзентацыі вы зможаце яшчэ лепей зразумець погляды аўтара на гістарычныя падзеі і задаць яму любыя пытанні.
Пасля прэзентацыі можна будзе набыць кнігу па зніжаных коштах наўпрост ад выдаўца і атрымаць аўтограф аўтара. Гэта будзе някепскі інтэлектуальны падарунак пад Новы год.
Андрэй Чарнякевіч. Нараджэнне беларускай Гародні: з гісторыі нацыянальнага руху 1909–1939 гадоў. Мінск: “Янушкевіч”, 2015. 172 с. (ISBN 978-985-90346-7-1)