Песні Аляксандра Кулінковіча па-беларуску. Падборка да дня народзінаў музыкі

Аляксандр Кулінковіч быў вядомы ў першую чаргу сваёй рускамоўнай творчасцю, але ў творчай скарбонцы выканаўцы было багата і беларускамоўных песень. Да дня народзінаў легенды беларускай музычнай сцэны склалі адмысловую падборку песень. Прыемнага праслухоўвання!

aljaksandr_kullinkovicz._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas7_logo_1.jpg


Крамбамбуля — Марскі чалавек


Маё знаёмства з творчасцю Аляксандра Кулінковіча адбылося праз песню «Марскі чалавек», якую ён выканаў на альбоме «Каралі раёну» (2003). Тады галасы Лявона Вольскага і Сяргея Міхалка мне былі ўжо знаёмыя, голас жа Аляксандра Кулінковіча пачуў упершыню. Не ведаю, што ўразіла больш: тэкст песні на словы Міхала Анемпадыстава альбо незвычайнае вымаўленне Аляксандра Кулінковіча. Напэўна, спалучэнне гэтых двух феноменаў. Далейшае ўспрыняцце Аляксандра Кулінковіча было праз радкі гэтай песні:

Хадзіў ён хістаўся па цвёрдай зямлі,Нібыта па хісткім ідзе караблі,А мора ня бачыў — гарэла душа,І ромам душыў ён душэўны пажар.


Neuro Dubel — Гузік


На вуліцах Гомелю беларускія песні можна было пачуць зрэдку, але час ад часу яны гучалі. У асноўным гэта былі вядомыя творы Вольскага і Міхалка. А яшчэ ­­­песня «Гузік» — збольшага вулічных выканаўцаў прывабліваў яе прыпеў, які дазваляў далучыцца да спеваў нават не абазнанаму ў творчасці «Neuro Dubel» мінаку. У гэтым, як мне здаецца, ёсць феномен і вялікая каштоўнасць беларускамоўнай творчасці Аляксандра Кулінковіча. Па жыцці ён быў рускамоўным чалавекам, і песні на беларускай мове ён ствараў такімі, каб мог падпяваць рускамоўны. Беларуская мова ў выкананні таго ж Зміцера Вайцюшкевіча вельмі літаратурная, мілагучная, як па падручніку. Кулінковіч жа адаптаваў мову пад сябе, і гучала яна вельмі шчыра.


Neuro Dubel — Жыццё


У гурта «Neuro Dubel» быў адзін цалкам беларускамоўны альбом «Tanki», у які і ўвайшла песня «Жыццё». Для мяне сімвалічна, што песню пра сваё «жыццё» Аляксандр Кулінковіч вырашыў выканаць менавіта па-беларуску. Нягледзячы на перавагу рускамоўных песень, для мяне яго рускамоўная творчасць нашмат больш беларуская, чым у некаторых выканаўцаў беларускамоўная. Праз свае песні ў Аляксандра Кулінковіча атрымалася перадаць светапогляд беларуса, што часам важней за мову, якую ён для гэта выкарыстаў.


Neuro Dubel — Свабода


Песня «Свабода» — гэта беларускамоўная версія песні «Kocham wolność» польскага гурта «Chłopcy z Placu Broni». Песня ў выкананні «Neuro Dubel» пабачыла свет у другой палове 2000-х, калі шматлікія беларускія музыкі сутыкнуліся з забаронай канцэртаў, у тым ліку і гурт Аляксандра Кулінковіча. Пэўна, гэту песню можна назваць адным з гімнаў таго часу. У 2020 годзе песню пераспяваў Зміцер Вайцюшкевіч.


Neuro Dubel — Папараць-кветка


У 2000-х вядомы прамоўтар беларускай культуры Алесь Суша хацеў зрабіць праект на словы Уладзіміра Караткевіча. Аляксандр Кулінковіч адмыслова для гэтага праекта запісаў песню «Папараць-кветка», але праект так і не пабачыў свет. Тым не менш слухачы атрымалі арыгінальнае прачытанне верша Караткевіча, бо хто яшчэ, апроч Кулінковіча, так прачытае?


Neuro Dubel — Трываю


Часам здаецца, што Аляксандр Кулінковіч знаходзіў словы, якія яму неяк адгукаліся, а потым рабіў пад іх песні. Напрыклад, «Гузік», «Паліто», «Згубіўся». Словы, зразумелыя кожнаму беларусу. Да такіх песень я бы аднёс і «Трываю». Дзе-нідзе гэта можа падацца гульнёй словаў, але за ўсім гэтым можна разглядзець глыбокае разуменне свайго народу, яго светаўспрыманне.

Я зрабiў сваю свабодуНе крывею i не потамЛюбы стаў свайму народуЛюдзi клiчуць iдыётам

Neuro Dubel — Камсамольскі білет


Песня «Камсомольскі білет» на словы Аркадзя Куляшова па стылістыцы нагадвае творчасць піцерскага гурта «Н.О.М.». Узяць класічны твор савецкай літаратуры і даць яму сучаснае прачытанне. Кагосьці, безумоўна, такія рэчы будуць адштурхоўваць, але я, напрыклад, праз такія песні адкрываю для сябе некаторыя савецкія творы, якія ў арыгінале ніколі не чуў.

Neuro Dubel — У.Е.

Ёсць песні, якія не губляць сваёй актуальнасці ў часе, да такіх песень належыць твор «У.Е.». Песня-адказ на вечныя пытанні да творчых асоб:
Запыталі дзюбеля, чаму я на "ля"?То не наша танальнасць, не наша мянтальнасць,Не нашыя грошы, не нашыя флагі.Беларуская хвароба — адзіная смага. 

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева